Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Litvintroll прэзэнтавалі новы альбом


Менскі фольк-мэтал гурт Litvintroll пасьля 4-гадовага перапынку зрабіў рэліз новага альбома Czornaja Panna.

Гэта 8 трэкаў — сумесь мэталу, псыхадэлічнага року і фольку. Усе кампазыцыі запісаныя яшчэ пры ўдзеле басіста гурту Алега Клімчанкі, які загінуў падчас канцэрту ў Гомелі ў верасьні 2012 году. Так супала, што ляйтматывам новай кружэлкі стала тэма сьмерці, а загалоўная песьня зьвязаная з самым трагічным і таямнічым паданьнем беларускай гісторыі — пра Барбару Радзівіл, Чорную Панну Нясьвіжа.

«Мы зацягнулі з прэзэнтацыяй, таму што пасьля сьмерці Алега Клімчанкі былі ў шоку, — кажа саліст гурту Андрэй Апановіч. — Але пасьля ўсьвядомілі, як шмат ён зрабіў для Litvintroll, і зразумелі, што Алег хацеў бы, каб мы працягвалі. Зразумела, новы дыск прысьвячаецца яму».

Гурт вельмі шмат гастралюе. Так, цягам апошніх чатырох гадоў «тролі» давалі канцэрты і ўдзельнічалі ў фэстах у Польшчы, Украіне, Літве, Германіі, Аўстрыі, Эстоніі, Расеі. У плянах хлопцаў — пашырэньне геаграфіі сваёй музыкі, арыентацыя на скандынаўскія краіны, дзе фольк-мэтал — традыцыйна папулярны кірунак музыкі.

«Мы намагаемся, каб у сьвеце ведалі пра нас і пра нашу краіну. Мы выкарыстоўваем для гэтага тое, што ўмеем, — сваю музыку. Перакананыя, рана ці позна авалодаем усім сьветам», — заявіў удзельнік гурту Васіль Верабейчыкаў.

Прэзэнтацыя новага альбому адбудзецца 18 траўня ў клюбе Republic.

Некалькі песьняў з новага дыску


Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG