Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астма ля віста


2 траўня 1930-га ў сям’і аргентынскага архітэктара Гевары Лінча, якая на той час жыла ў Буэнас-Айрэсе, вялікая бяда — у малога сына, якога завуць Эрнэста, гэтаксама, як бацьку, пачынаецца моцны кашаль, які ніяк не спыняецца — і неўзабаве дзіця пачынае задыхацца.

Сыну яшчэ ня споўнілася двух гадоў, і ён пакуль ня можа ўсьвядоміць, што значыць імгненна пастаўлены яму флегматычным доктарам дыягназ — алергічная бранхіяльная астма. Празь яе сям’я неўзабаве пераедзе ў больш сухія і здаровыя мясьціны. Празь яе насамрэч шмат што адбудзецца... Пакуль хлопчык не падрасьце, бацька будзе кожную ноч спаць побач, каб, калі што, прыйсьці малому на дапамогу. А вось калі Эрнэста трохі пасталее — ён абвесьціць сваёй хваробе вайну, будзе быццам бы дэманстратыўна жыць насуперак ёй, ды так, што з часам увесь сьвет пачне сачыць за гэтым неверагодна насычаным, поўным прыгодаў і перашкодаў, крыві і любові, прынцыповых учынкаў і пакутлівых разважаньняў жыцьцём, а наглядзеўшыся, зробіць у выніку зь яго казку — страшную і прыгожую казку пра вечную Рэвалюцыю.

«Менавіта хвароба робіць нас людзьмі, чалавек настолькі чалавек, наколькі ён хворы», — сказаў вуснамі свайго героя незадоўга да нараджэньня Эрнэста адзін знакаміты немец. Чароўных гор у жыцьці Гевары хопіць зь лішкам. Астма зробіцца ягоным спадарожнікам да самага канца, больш верная за сяброў і жанчын, неадступная, як біёграф, задушлівая, як турма. Ёй будзе ўсё адно, каго мучыць — салдата Батысты або гераічнага камандантэ. Усё адно, каго, і ўсё адно, дзе. Месцы, дзе яна будзе нагадваць пра сябе, будуць самыя розныя. Напрыклад, Ікітас на Амазонцы, дзе малады доктар Гевара, які хоча лячыць хворых на струплю, трапіць у шпіталь пасьля бясконцага прыступу. Ці яшчэ раней, у Пэру. «Рэвалюцый без страляніны не бывае», — устаўляе ён з вымучанай усьмешкай паміж дробнымі, балючымі выбухамі кашлю, асуджаючы на сьмерць дзясяткі тысяч і — спакойна і нават весела — сябе самога.

А месцы зьмяняюцца, як у калейдаскопе. Залітая ванітамі «Гранма», якая, раз-пораз зьбіваючыся з шляху, набліжаецца да Кубы — доктар пакутуе ад няспыннага кашлю і ўсё адно дапамагае паплечнікам. Сьера-Маэстра, дзе ён навучыцца курыць цыгары. Узятая паўстанцамі Гавана. Падарожжы, дзе, аточаны дыпляматычным пакашліваньнем, Гевара будзе вымушаны граць такую нялюбую яму ролю чыноўніка. Жудасная пасада кіраўніка трыбуналу, які адхіляе апэляцыі «ворагаў народу» і падпісвае расстрэльныя прысуды. Афрыканскія джунглі і балівійскія горы. Дзякуючы астме, у гэтым жыцьці, амаль цалкам запоўненым спробамі самому зрабіць Гісторыю, паўзы будуць кароткія, але частыя: Гевара будзе класьціся на зямлю або садзіцца на заплечнік і цярпліва чакаць, калі скончыцца прыступ. І зусім не заўсёды пры ім будзе ягоны інгалятар — зброя, якая разам з аўтаматам і мачэтэ магла б зрабіцца сымбалем кубінскай рэвалюцыі.

Пра Гевару напісана і зьнята досыць, а яшчэ больш выдумана і пакрыта тоўстым слоем бліскучага лаку, як для здымкаў у рэкляме якіх-небудзь бургераў, каб зьзяла і выклікала танны апэтыт пры любой перамене трэндаў і брэндаў. Аднак вось гэты камандантэ Чэ, які сядзіць на заплечніку ў джунглях і намагаецца прывесьці ў норму дыханьне, нататнік на каленях, аўтамат побач, прыхілены да дрэва, Чэ, якога ніхто не чапае, бо ведаюць, што ў такія моманты ён можа і на тры літары паслаць, ці на колькі там пасылаюць у Лацінскай Амэрыцы — вось той партрэт, які ніколі не састарэе. Вось чалавек Гевара як ён ёсьць, з рукамі, якія пасьля сьмерці яму адрэжуць варожыя салдаты, рукамі, якія на дзесяць хвілін пакінулі ў спакоі безнадзейную, безуважную гліну гісторыі і ўзялі цёплае пітво ці біклажку з ромам. Нічым не адрозны ад таго хлопчыка, які некалі закашляўся і ўпершыню з жахам адчуў, як ў ягоных бронхах расчыняецца чорная бездань.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG