Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: Магіла каліноўца апынулася за кратамі


24 красавіка ў Горках група грамадзкіх актывістаў ня здолела прайсьці да магілы касынэра Войцэха Дамарацкага, каб ля яе адзначыць 150-годзьдзе далучэньня горкаўцаў да паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Паўстанец пахаваны на тэрыторыі акадэмічнага дэндрапарку. Калі да парку прыйшлі актывісты, то ўбачылі на варотах замок. Да таго ж вароты былі сьвежапафарбаваныя.

Паводле кандыдата гістарычных навук Аляксандра Каданчыка, напярэдадні рэктару сельгасакадэміі Аляксандру Курдэку быў накіраваны пісьмовы зварот з тым, каб на сёньня ён даў распараджэньне не замыкаць вароты. У лісьце было пазначана: «Просім, каб ад 17.30 да 19.00 доступ да магілы быў свабодны для тых, хто неабыякавы да сваёй гісторыі, каб яны маглі ўшанаваць памяць людзей, якія змагаліся за незалежнасьць і свабоду нашай краіны».

«Мы яшчэ наведалі рэктара. Ён сустрэў нас прыязна. Запэўніў, што адпаведнае распараджэньне ён дасьць. Мы паабяцалі, што ў парку будзе ўсё прыстойна, парушэньняў парадку ня будзе. Так і разышліся. Сёньня, калі прыйшлі да парку, нас была невялікая грамада, а вароты зачыненыя і пафарбаваныя. Фарба яшчэ ня высахла, была ліпкай. Адным словам магіла апынулася за кратамі. Трое найбольш жвавых з нас неяк знайшлі лаз і патрапілі ў парк. Усклалі кветкі да магілы. Мы таксама ўсклалі кветкі, але за агароджай — мэтраў за дваццаць. Гэтае здарэньне непрыемнае ня толькі для нас, але і адміністрацыі навучальнай установы, кіраўнік якой паабяцаў, што вароты будуць адчыненыя. Зь якой прычыны, тое не было зроблена — невядома»,— распавёў Каданчык.

Актывісты ля замкнёных варот. У цэнтры Аляксандар Каданчык
Актывісты ля замкнёных варот. У цэнтры Аляксандар Каданчык


24 красавіка 1863 года ў Горкі ўвайшоў атрад Людвіга Зьвяждоўскага, паплечніка Кастуся Каліноўскага. Ён абвясьціў аб усталяваньні ў мястэчку народнай улады. Паўстанцаў падтрымалі студэнты мясцовага інстытута. Падчас бою загінула двое касынэраў. Адным з іх і быў навучэнец Горы-Горацкага земляробчага інстытуту Войцэх Дамарацкі.

Памятны знак Дамарацкаму доўгі час быў расколаты. Пасьля патрабаваньняў грамадзкасьці вырабілі новы. Надпіс зрабілі на расейскай мове. Штогод магілу Дамарацкага наведваюць рупліўцы беларускай гісторыі, якія ўшаноўваюць паўстанцаў Каліноўскага.

Паводле Аляксандара Каданчыка памятны знак Дамарацкаму, не зьяўляецца ўласнасьцю ніводнай установы райцэнтру, але парк знаходзіцца звычайна пад замком.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG