Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта. У мужчынскай турме


Ізаляванасьць зьняволеных паводле полавай прыкметы, адсутнасьць кантактаў з процілеглым полам спрыяе ў большай ступені, чым на волі, распаўсюджваньню розных спосабаў самазадавальненьня і аднаполых сэксуальных кантактаў, гаворыцца ў амэрыканскім дасьледаваньні Вудэна-Паркера пра сэксуальныя паводзіны мужчын-вязьняў у турмах ЗША (Men Behind Bars: Sexual Exploitation in Prison, Wooden & Parker).

Згодна з апытаньнямі, якія праводзілі Ўэйн Вудэн і Джэймс Паркер ў адной з мужчынскіх турмаў ЗША, гомасэксуальны кантакт у няволі мела прыкладна палова рэспандэнтаў, прычым каля 55% зь іх называлі сябе гетэрасэксуаламі і вызначалі гэты кантакт як вымушана замяняльны, але добраахвотны Арыштантаў-гетэрасэксуалаў, якія засьведчылі, што іх гвалтоўна ўцягнулі ў аднаполы сэкс, было 14%. Усе апытаныя прызналіся, што займаюцца ў турме мастурбацыяй, прычым больш-менш рэгулярна. Усё гэта, сьведчылі зьняволеныя, стварае ў вязьніцах атмасфэру сэксуальнага напружаньня.

Дасьледаваньні, падобныя амэрыканскім, у Беларусі, якая займае адно зь вядучых месцаў у сьвеце па колькасьці зьняволеных на 100 тысяч насельніцтва, ніколі не праводзіліся. Але відавочна падобная тэндэнцыя не абмінула і яе.


«Статыстыка ўлічыла ня ўсё»


У адкрытым друку, аднак, можна знайсьці некаторыя зьвесткі на гэты конт, прадстаўленыя Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС Беларусі: аднаполы сэкс (дадзеныя за 2008 год) у беларускіх турмах практыкуюць ад 7 да 12% мужчын-арыштантаў.

Як мяркуюць удзельнікі нашай сёньняшняй праграмы, у мінулым самі асуджаныя, падлікі, хутчэй за ўсё, рабіліся ў сувязі з вывучэньнем праблемы ВІЧ у беларускіх турмах, якое вялося на ўзроўні ААН. Сёньня гэтая хвароба пашырылася і за кратамі, а вязьні-геі належаць да групы рызыкі. Каб паспрыяць барацьбе з праблемай ВІЧ, у папраўчыя ўстановы Беларусі па лініі Глябальнага фонду ААН паставілі вялікія партыі прэзэрватываў. Вязьні, якія вызваліліся зусім нядаўна, адзначаюць, аднак, што цяпер на зонах прэзэрватывы ў дэфіцыце, бо арыштанты выкарыстоўваюць іх зусім у іншых мэтах — каб праносіць у прамой кішцы што-небудзь забароненае ў штрафны ізалятар. Такі спосаб называецца «тарпэда».

Аднак наколькі адпавядаюць гэтыя лічбы — ад 7 да 12% — рэальнай сытуацыі? Ці становяцца партнэрамі ў выніку гвалту, ці з добрай волі? Ці сэксуальныя паслугі ў вязьніцах платныя? Ці адбіваецца вымушанае сэксуальнае ўстрыманьне на здароўі вязьняў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў праграме адказваюць былыя асуджаныя, колішнія палітвязьні, праваабаронцы, мэдыкі.

Так паводле іх меркаваньняў, зьвесткі, якія падаў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, наўрад ці ўлічваюць сытуацыю з сэксуальным гвалтам на «малалетцы». З кожным годам праз прымусовы аднаполы сэкс праходзіць усё больш непаўналетніх асуджаных.

Валер Леванеўскі
Валер Леванеўскі
«Дзяцей схіляюць да аднаполага сэксу двума шляхамі: або праз гвалт, або праз угаворы, — кажа былы палітвязень Валер Леванеўскі. — Часам гвалтуюць самі ж падлеткі. Нават страшна ўявіць сабе, што адбываецца ў дзіцячых лягерных бараках, калі дзеці застаюцца адны. Тут праяўляецца ўся ўласьцівая падлеткам жорсткасьць, агрэсія, гіпэрсэксуальнасьць. Схіляюць падлеткаў да аднаполага сэксу і дарослыя, якія могуць сядзець зь імі разам у адной камэры ў тым жа СІЗА, хоць такога суседзтва і не павінна быць».

Як лічыць Валер Леванеўскі, «многія падлеткі нічога добрага ня бачылі ў сваім жыцьці, яны ня маюць падтрымкі з дому, бо ня маюць таго дому. Большасьць заўсёды галодныя. Грошай, каб купіць тыя ж цукеркі — няма. Такія падлеткі — а ў школы яны, як правіла таксама ня ходзяць — уяўляюць навакольны сьвет выключна са словаў дарослых дзядзькоў. Сярод гэтых дзядзькоў нямала тых, хто хоча падобных сэксуальных паслугаў і купляе іх за нейкую драбязу».


«Паслугамі прастытутак карыстаюцца 50%»


Што да сэксуальнага гвалту ў дарослых мужчынскіх беларускіх турмах, то паводле ўдзельнікаў сёньняшняй перадачы. ніхто зь іх за ўвесь час сваёй адседкі (а некаторыя сядзелі ня раз і не адзін год) не сутыкаўся з такімі выпадкамі.

«Ніякага сэксуальнага гвалту, ва ўсякім разе ў ягоным распаўсюджаным выглядзе, у беларускіх турмах няма. Хаця папалохаць гэтым могуць», — кажа былы палітвязень, кіраўнік праваабарончай «Плятформы» Андрэй Бандарэнка.

Былыя асуджаныя Сяргей Глушак і Ігар Міхнавец, якія адбывалі пакараньне ў розных папраўчых установах, адзначаюць, што падобная сваволя ў «прэс-хатах» існавала раней. Сёньня сярод крымінальнікаў дзейнічаюць свае непісаныя законы, паводле якіх могуць жорстка пакараць гвалтаўнікоў.
Ці ёсьць сэксуальны гвалт за кратамі?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтуючы падлікі ДВП адносна сытуацыі з аднаполым сэксам у беларускіх турмах, Ігар Міхнавец выказвае наступнае меркаваньне:

«Напэўна, статыстыку складалі, зыходзячы з рэальнай колькасьці прадстаўнікоў ніжэйшай турэмнай касты — так званых „апушчаных“. На сёньняшні дзень гэта хутчэй 7%, а не 12%. Зь іншага боку, не ўлічылі тых, хто карыстаецца іхнімі паслугамі. Гэта да 50% арыштантаў. Такія паслугі, дарэчы, прыроўніваюцца да паслугаў прастытутак, а таму павінны аплачвацца».

«Мужчынская турэмная прастытуцыя існуе і яна нават не хаваецца», — кажа самы малады ўдзельнік праграмы Барыс А., яму няма і трыццаці. 20-30-гадовыя сёньня складаюць амаль палову кантынгенту беларускіх турмаў. З гледзішча Барыса, у закрытых мужчынскіх супольнасьцях сэкс — вострая праблема. Асабліва сярод людзей ягонага веку.

Барыс: «Для мяне гэты недахоп быў вельмі адчувальны. І я неаднойчы думаў на гэтую тэму. Часам гэтая сытуацыя заводзіла ў тупік і выбівала з раўнавагі. Гармоны граюць, і ў нейкіх канфліктных сытуацыях гэта адыгрывае злы жарт. Калі ты ў нейкім спакойным стане — дык нішто, а калі нешта ня так, то ўсё гэта гіпэртрафуе агрэсію».

Барыс сядзеў двойчы, як ён кажа, за крадзеж і «дур». Першы раз, калі трапіў за краты жанатым і на кароткі тэрмін, было лягчэй, бо меў так званыя працяглыя (да трох дзён) спатканьні з жонкай. На час другой судзімасьці, як і большасьць вязьняў, Барыс быў адзінцом. Пра тое, як ратаваўся ад спакусаў, ня кажа. Што да сяброў-натуралаў, то некаторыя ішлі на нерэгулярныя аднаполыя сэксуальныя кантакты.
Ня хоча чалавек — ніхто яго гвалтаваць ня будзе

Барыс: «Ідуць на гэта. Чаму не? Зразумела, нічога не афішуецца, бо гэта вядзе да рэзкага падзеньня іміджу гетэрасэксуала. Хоць, напэўна, пра такія патаемныя кантакты адміністрацыя ўсё ж ведае, а потым пры магчымасьці і шантажуе, каб зрабіць зь вязьня асьведамляльніка. Ясна, што ўсё робіцца не за „дзякуй“. За гэта плацяць — цыгарэтамі, падарункамі, нейкім заступніцтвам. Такое практыкуецца паўсюль. У тым ліку і ў СІЗА, сярод падсьледных. Істотны момант: з таго, што ведаю я, нішто сэксуальнае ня робіцца гвалтоўна. Сэкс прапануюць ня толькі так званым „апушчаным“, якія адпачатку пазыцыянуюць сябе як геі, але і розным маладым ды прыгожым вязьням-гетэрасэксуалам. Ня хоча чалавек — ніхто яго гвалтаваць ня будзе. Проста тут, як і на волі, вядзецца гандаль. Ну, напрыклад, прапануюць болей цыгарэтаў. Не захоча — яшчэ болей… Усё па добрай волі».


Трансвэстыцкае шоў на зоне


Пра тое, што большая частка зьняволенай моладзі ўвесь час шукае, як зьняць сэксуальнае напружаньне, сьведчыць і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч. Сам ён трапіў за краты, калі яму было за 40, і, як кажа, уся ягоная сэксуальная энэргія была пераключаная на маральныя перажываньні.

Сяргей Парсюкевіч
Сяргей Парсюкевіч
«Хлопцы, якія трапляюць туды ў 20-гадовым веку, зразумела, пакутуюць, а таму знаходзяць выйсьце, як могуць. Сам я, напрыклад, калі быў на працоўнай зоне ў Шклове, сутыкаўся з наступным. Калі я аднойчы пайшоў у прыбіральню, там стаяў хлопец ля ўваходу і папрасіў мяне туды не заходзіць нейкі час. Я спытаўся: „А што здарылася?“ Ён патлумачыў: там займаюцца іншымі справамі… Так, гэтым займаюцца на зонах. Калі гаварыць пра так званых „апушчаных“ ці „адсаджаных“, то жывуць яны ня так ужо і кепска, атрымліваюць розныя падарункі. Хоць я не сказаў бы, што гэта нейкае прывілеяванае становішча. Згодна з зэкаўскімі традыцыямі, да іх ставяцца адмоўна, яны робяць самую брудную працу — напрыклад, мыюць тыя ж прыбіральні… Жывуць паасобку. Іхняе месца ў атрадзе агароджанае фіраначкай. Аднак ніхто іх ня гвалціць. Яны заўсёды могуць адмовіцца».

Як кажа Барыс, турэмныя геі-путаны ня маюць справу абы з кім.

Барыс: «Увогуле, яны ня пойдуць з кожным. Шукаюць больш крутых ды багатых. Там скіраванасьць выключна матэрыяльная. Дарэчы, яны самыя розныя… Ёсьць вельмі прыгожыя, я нават такіх дзяўчат ня бачыў. Ёсьць такія, якіх пабачыш па тэліку на розных заходніх гей-парадах. У нашай калёніі яны нярэдка рабілі сваё трансвэстыцкае шоў. Калі дзяжурыла нармальная зьмена кантралёраў, яны ў цёплае надвор’е надзявалі спадніцы, парыкі і рабілі прамэнад па ўсёй зоне. Калі зьмена нармальная, іх ніхто не чапаў. Яны вярталіся назад зь мяхамі цыгарэтаў. З тым, што зарабілі…»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:39 0:00
Наўпроставы лінк

Барыс кажа, што «апушчаныя» добра ведаюць свае правы. У многіх зь іх ВІЧ, і зьвязанымі з гэтым правамі яны таксама карыстаюцца. Часам могуць нават маніпуляваць апэратыўнікамі.

«Калі ў іх зь нейкім мянтом узьніклі праблемы, яны могуць палезьці да яго цалавацца. А які мент захоча быць цалаваным „пеўнем“? З такім мянтом аніводзін зэк ня будзе вітацца. То бок зэкаўская ідэалёгія і на мянтах адбіваецца. Калі „певень“ лезе цалавацца, мент звычайна ўцякае ад яго. Інакш ён таксама „певень“. Каму патрэбная такая рэпутацыя?»


«Хлопчыкі па выкліку»


З выпадкамі такіх «выклікаў» сутыкалася праваабаронца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч пад час працы мэдсястрой у Рэспубліканскім турэмным шпіталі (тады ён месьціўся на тэрыторыі менскай папраўчай калёніі № 1 на Кальварыйскай).

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч
«Калі я працавала ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, быў такі выпадак. Некалькі разоў пад выглядам хворага туды прывозілі хлапчука для крутых „смотрящих“. У шпіталі ўсе пра гэта ведалі. Па сутнасьці, хлапчук быў заняты цэлыя суткі, у палаце яго відаць не было. Напэўна, абслугоўваў многіх. Глядзець на яго па выхадзе было цяжка».

Праваабаронца лічыць, што існаваньню прастытуцыі ў месцах зьняволеньня спрыяе сама сыстэма выкананьня пакараньняў. Максымум тры працяглыя спатканьні на зоне дазволеныя далёка ня ўсім асуджаным, а толькі «ўзорным» ды жанатым. Сэксуальныя ж праблемы нікуды не зьнікаюць.

Для даведкі: у большасьці заходніх краін вязьням дазваляюць штомесячныя, а дзе-нідзе нават і штотыднёвыя спатканьні з партнэрамі.

Так, у турмах Нямеччыны для сустрэчаў (працягласьць да чатырох гадзінаў) з жонкамі, або сталымі сяброўкамі, або сталымі гомасэксуальнымі партнэрамі даюць адмысловыя пакоі з душам, ложкам і кухняй. Усім выдаюць бясплатна прэзэрватывы. Спатканьні з прастытуткамі строга забароненыя.

У турмах Беларусі, дзе ня надта часта дазволеныя сустрэчы з жонкамі, маладыя вязьні найчасьцей ідуць на самы распаўсюджаны спосаб замены сэксуальных патрэбаў — мастурбацыю. Зразумела, ва ўмовах, дзе няма індывідуальнай прасторы, гэта ня можа быць чымсьці інтымным.

«Усё разумеюць тое, што маладым пацанам на зоне цяжка, — кажа былы палітзьняволены Сяргей Парсюкевіч.— У хлопца пэрыяд гіпэрсэксуальнасьці, а яго пасадзілі ў турму… Я памятаю, як пацаны выходзілі ў памяшканьне кшталту прыбіральні, больш-менш адасобленае месца. Хоць дзе ты на зоне знойдзеш такое месца?»


Захаваць мужчынскае здароўе


Як сьведчыць былы зьняволены Генадзь, лекар-уроляг паводле прафэсіі, многія з маладых сядзельцаў вельмі часта зьвярталіся да яго з пытаньнямі: а ці не адаб’ецца такое працяглае ўстрыманьне ад сэксу на іхняй патэнцыі, ці змогуць яны пасьля гэтага вярнуцца да інтымнага жыцьця?

«У размовах, — кажа Генадзь, — я спасылаўся на тысячагадовую гісторыю манаства. Будысцкія манахі з дапамогай розных усходніх мэтадаў пераводзяць сэксуальную энэргію ў фізычную і разумовую, а таму лёгка перажываюць усё. Але ж калі дарываюцца, то жанчыны на іх у крыўдзе не бываюць. Па вялікім рахунку, патэнцыя і здольнасьць чалавека да паўнавартаснага сэксу — гэта хутчэй пытаньне псыхікі, а не фізіялёгіі. Галоўнае — не нагружаць сябе рознымі фантазіямі, менш зацыклівацца на розных летуценьнях, а болей працаваць фізычна. Калі ж зусім няўсьцерп, то ёсьць, урэшце, і рукі…»

Некаторыя энэргетычныя комплексы тыбэцкіх манахаў выкладзеныя ў новай кніжцы доктара мэдыцыны Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Юры Бандажэўскі падпісвае сваю кнігу
Юры Бандажэўскі падпісвае сваю кнігу
Як адзначае аўтар, прыведзеныя ім практыкаваньні на ўмацаваньне цягліцы Pubococcygeus, ад якой залежыць сэксуальная энэргія, «карысныя для ўсіх, незалежна ад узросту. Яны пазытыўна ўзьдзейнічаюць як на арганізм у цэлым, так і на рэпрадуктыўную сыстэму ў прыватнасьці. Бо сэксуальная энэргія, якая ўзьнікае ў арганізьме ў пару палавой сталасьці, забясьпечвае ня толькі сэксуальныя патрэбы. Яна спрыяе іншым аспэктам псыхічнай дзейнасьці (ёсьць меркаваньне, што нават забясьпечвае іх), у прыватнасьці — разумовай дзейнасьці, творчасьці».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00
Наўпроставы лінк

Бандажэўскі: «Я хачу сказаць, што гэтая кніга ёсьць нейкім згусткам досьведу выжываньня чалавека ў экстрэмальных умовах. Галоўны яе тэзіс такі: чалавек не павінен адчайвацца, ён павінен спрабаваць шукаць выйсьце. У любой сытуацыі. Зусім не абавязкова выконваць гэтыя практыкаваньні, нейкія іншыя мае парады, хоць яны і правераныя. Галоўнае, каб было жаданьне маральна, фізычна, духоўна, а можна і ўсё разам, падтрымліваць сябе».

У новай кнізе мэдыка-навукоўца ўтрымліваюцца і іншыя парады пра захаваньне ў няволі здароўя, у тым ліку і мужчынскага.

Замовіць дапаможнік Юрыя Бандажэўскага можна па электронным адрасе rferl.minsk@gmail.com з пазнакай «Турма і здароўе» або па адрасе: 22005, Менск-5, паштовая скрынка 111.

У чацьвер, 25 красавіка, адбудзецца прэзэнтацыя кнігі. Дакладная інфармацыя — на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG