Іншых выбуховых прыладаў знойдзена не было. Пра гэта ва аўторак на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў агент Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Рычард Дэлар'ер, які ўзначальвае расьсьледаваньне прычынаў і акалічнасьцяў трагедыі.
Адказнасьць за выбухі пакуль ніхто на сябе не ўзяў, затрыманых па справе няма. Расьсьледаваньне працягваецца.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў выбухі ў Бостане «баязьлівым актам тэрору». Выступаючы ў аўторак, Абама, аднак, адзначыў, што пакуль не ясна, хто стаіць за выбухамі - ці дзейнічаў адзін чалавек, або група, ці ідзе гаворка пра замежныя арганізатараў і выканаўцаў. Абама паабяцаў, што вінаватыя будуць злоўленыя і прыцягнутыя да адказнасьці.
Міністар абароны ЗША Чак Хэйгел назваў выбухі "жорсткім тэрактам". Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША абвясьціла, што новай пагрозы тэракту ў Бостане няма.
Сусьветныя лідэры і кіраўнікі вядучых міжнародных арганізацый асудзілі тое, што адбылося ў Бостане. У прыватнасьці, як адзначыў генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, гэты акт гвалту асабліва жудасны тым, што адбыўся на мерапрыемстве, закліканым зьяднаць людзей з усяго сьвету.
Грамадзяне Беларусі не пацярпелі ад выбухаў у Бостане. Пра гэта паведаміў беларускі МЗС са спасылкай на атрыманую па гарачай лініі мэрыі Бостана інфармацыю.