Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Іосіф Шор, чалавек, які стаў сымбалем Менскай вясны-1996


Іосіф Шор, чалавек, які стаў сымбалем Менскай вясны-1996
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:52 0:00
Наўпроставы лінк

Ягоныя здымкі ў белай кашулі, пафарбаванай крывёй, што цякла з пабітай міліцыянтамі галавы, патрапілі на першыя старонкі усіх вядучых сусьветных мэдыяў. Але сам сябе ён ня лічыць героем беларускага нацыянальнага вызвольнага руху. Проста апынуўшыся ў патрэбным месцы ў патрэбны час ён зрабіў так, як мусіў зрабіць годны і горды грамадзянін і сумленны і мужны чалавек. І стаўся тым, кім стаўся — сымбалем Менскай вясны-1996. Былы вайсковы інжынэр, палкоўнік запасу Іосіф Шор — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Беларусам я пачуўся ужо даўно. Асабліва гэта я адчуваў, калі служыў на Далёкім Усходзе. Там мы, беларусы, былі між сабою вельмі блізкія. Я да гэтага часу памятаю іх: гэта быў са Старых Дарог Клышынскі Станіслаў Станіслававіч, з Горадні Каржанеўскі Генрых Казіміравіч. Мы жылі як браты.

А як прыехаў у 1987 годзе з Далёкага Усходу ў Менск, пачаў зьбіраць усю беларускую літаратуру. Пачалі ж якраз выходзіць цікавыя кнігі. У мяне цяпер багатая бібліятэка.

Прыгадваю, як у школе настаўніца задала пісаць сачыненьне на расейскай мове на тэму «Славлю отечества, которое есть, но трижды, которое будет». Я тады думаў, якое ацечаства можа быць. А цяпер ведаю: гэта айчына, гэта Беларусь мая, дзе я жыву.

Для мяне 26 красавіка — гэта, па-першае, дзень нараджэньня маёй дачушкі. Нарадзілася яна ў Горадні, калі жонка яшчэ была студэнткай медінстытуту. І тады, 26 красавіка 1996 году, я ня думаў, што стаў героем ці нешта падобнае адчуваў. Проста ў той час я працаваў у выдавецтве «Беларуская Энцыкляпэдыя», якое месьцілася каля Акадэміі навук, дзе зьбіраліся ўдзельнікі акцыі. І хочаш-ня хочаш, ты мусіў ісьці з працы па гэтай вуліцы і павінен быў стаць удзельнікам «Чарнобыльскага шляху».

Ішоў з усімі, а як мініфэстанты перакулілі машыны, якімі міліцыянты перагарадзілі праспэкт каля крамы «Лянок», я абмінуў гэтыя машыны і заслону міліцэйскую і, як многія іншыя, апынуўся на другім баку. І тут убачыў, што міліцыянэр у касцы прычапіўся да жанчыны, пачаў яе тузаць. Я заступіўся за гэтую жанчыну. Схапіўся зь міліцыянтам за грудкі ды кажу яму: «Што робіш, як можаш да жанчыны прыставаць?» Я наогул за людзей заўсёды заступаюся, у нас у сям’і зазвычаена памагаць людзям. Гэта самы галоўны прынцып нашай сям’і. Потым як скасіў вочы назад, то ўбачыў, што да мяне бяжыць іншы міліцыянэр з дубінкай. Што мне было рабіць, уцякаць? Паспрабаваў, але ён мяне дагнаў і ляснуў па галаве дубінкай.

Адразу я не адчуў, што галава разьбітая, потым намацаў штосьці такое цёплае, пагладзіў рукой і паглядзеў на яе — чырвоная ўся. Тут жанчыны падышлі, кажуць, давай завяжам рану. Спачатку адмовіўся, Але потым жанчыны настаялі на сваім і завязалі.
Чаму я хаджу на гэтыя акцыі? Трэба заўсёды быць чалавекам. Беларусам трэба быць і любіць гэтую краіну.

Маніфэстацыя пайшла наперад. Калі цырка была новая міліцэйская загарода. Там я скінуў пінжак, кашулю, узьняў яе і паказаў міліцыянтам. Кажу ім, што я палкоўнік у запасе, вы мне галаву разьбілі. За што? Хіба я вас чапаў? Ці на вас камянямі кідаў? Як гэта можна так?

Вось тады ўсё і пайшло ў мяне.

І на Дзень Волі хаджу. І 19 сьнежня 2010-га быў на Плошчы. Цікава мне ўсё бачыць гэта. І добрае, і дрэннае бачу на гэтых акцыях.

Чаму я хаджу на гэтыя акцыі? Трэба заўсёды быць чалавекам. Беларусам трэба быць і любіць гэтую краіну.

А кашуля акрываўленая будзе ў мяне, пакуль я буду жывы. Я яе хаваю, каб мае дзеці, унукі, калі будуць, бачылі, што рабіў іхні бацька і дзед, дзе ён быў, на якіх скрыжалях жыцьця свайго.

Беларусь павінна жыць! Такі мой тэзіс».

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG