Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 12 красавіка: гадавіна зьбіцьця дэпутатаў і палёту Гагарына


Галадоўка дэпутатаў ВС 12 красавіка 1995 году, якая скончылася жорсткім зьбіцьцём
Галадоўка дэпутатаў ВС 12 красавіка 1995 году, якая скончылася жорсткім зьбіцьцём
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

У Міжнародным адукадыйным цэнтры імя Ёганэса Раў у Менску прадстаўнікі мясцовых органаў, грамадзянскіх інцыятываў і Эўразьвязу будуць гаварыць пра супрацоўніцтва ў вырашэньні пытаньняў мясцовага ўзроўню.

У Празе маюць адбыцца кансультацыі паміж міністэрствамі замежных справаў Беларусі і Чэхіі. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына, чэскую – першы намесьнік міністра Іржы Шнайдэр.

У Бэрліне сустрэнуцца кіраўнікі ўрадаў Нямеччыны і Вялікабрытаніі Ангела Мэркель і Дэйвід Кэмэран.

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы пачынае сваё ўсходняе турнэ, цягам якога ён наведае Сэул, Токіё і Пэкін.

У Дубліне сустрэнуцца міністры фінансаў эўразоны.

Сёньня ў сьвеце паводле рашэньня ААН адзначаецца Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас на ўспамін пра першы палёт Юрыя Гагарына.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1861 — бамбаваньнем форту Самтэр пачалася Грамадзянская вайна ў ЗША.

1926 — у Вільні пачаўся «Працэс 94-х» — суд, арганізаваны польскімі ўладамі над дзеячамі заходнебеларускага нацыянальнага руху.

1961 — Юры Гагарын зьдзейсьніў першы палёт чалавека ў космас.

1995 — у ноч на 12 красавіка на загад Лукашэнкі жорстка зьбітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазыцыі, якія напярэдадні абвясьцілі галадоўку супраць спробы правядзеньня рэфэрэндуму.

2007 — Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што яго сын Віктар ня будзе яго наступнікам на пасадзе прэзыдэнта Беларусі.

2010 — часовы ўрад Кіргізстану пастанавіў арыштаваць прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

У гэты дзень нарадзіліся:

1541 — Іпаці Пацей, царкоўны і дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай.

1839 — Мікалай Пржавальскі, падарожнік.

1890 — Янка Нёманскі, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзяяч.

У гэты дзень памёрлі:

1938 — Фёдар Шаляпін, расейскі опэрны сьпявак.

1945 — Франклін Дэлана Рузвэльт, 32-гі прэзыдэнт ЗША.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Тры гады таму грамадзянка Беларусі, жыхарка Берасьця Ірына Лаўроўская ў сваім звароце ў прыёмную прэзыдэнта і на гарачую лінію ўраду прасіла афіцыйны Менск далучыцца да сусьветнай жалобы па загінулым кіраўніцтве суседняй Польшчы:

«Я адчуваю сорам за сваю краіну, кіраўнік якой мае неадпаведную высокаму становішчу грамадзянскую і чалавечую пазыцыю. Калі ласка, урэгулюйце праблему, зрабіце нейкія захады, каб Беларусь таксама абвясьціла жалобу ў сувязі з трагедыяй пад Катыньню. Іначай чарговая ганебная пляма пыхі і непрыстойнага выхаваньня адной высокай асобы пакладзецца чарговай ганебнай плямаю на сумленьне і гонар нашага народу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG