Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магічны квадрат


Ягоныя карціны і гравюры ніколі не ствараюць адчуваньня празьмернасьці — ад іх ідзе нейкая спакойная, стрыманая сіла. Так рыцар у адным з самых знакамітых ягоных твораў едзе сабе нясьпешна наперад, мінаючы змрочны краявід, не зьвяртаючы ўвагі на сваіх дакучлівых спадарожнікаў: ні на д’ябла, што бяжыць ззаду, рохкаючы пра тое, як гэта карысна для здароўя — хлусіць, забіваць і марыць пра валоў бліжняга свайго, ні на вясёлую сьмерць зь яе сьпідомэтрам. Аўтар гэтай гравюры і жыў адпаведна — зь верай у сваю мастацкую місію, верай, якая ніколі не згасала. 6 красавіка 1528 году ва ўзросьце 56 гадоў у сваім родным горадзе Нюрнбэргу памёр Альбрэхт Дзюрэр, сын ювэліра. Майстар, у якога вучацца дагэтуль. І якога людзі так любяць цытаваць у ня самыя лепшыя для сябе часіны.

За сваё не такое ўжо доўгае жыцьцё ён пасьпеў шмат. Пераканаць бацьку ў тым, што ягонаму сыну трэба займацца мастацтвам — гэта і цяпер нялёгка, а тады было амаль подзьвігам. Зьдзейсьніць некалькі падарожжаў, у тым ліку ў фанабэрыстую Італію, дзе мясцовыя мастакі, заканадаўцы жывапісу, менавіта пад уплывам Дзюрэра вымушаныя былі нехаця прызнаць, што на поўнач ад Вэнэцыі і Флярэнцыі, пад значна менш лагодным сонцам, ёсьць творцы, роўныя ім. Прывучыць бюргерскі сьвет да таго, што мастак ня ёсьць рамесьнікам, які на замову зробіць усё, што пажадаеш. Завесьці знаёмства з каралямі і біскупамі — самымі пераборлівымі замоўцамі, якіх ён выхоўваў, як малых дзяцей. Напісаць некалькі тэарэтычных працаў. Зрабіцца пад канец жыцьця перакананым лютэранінам. Упісаць сябе ў магічны квадрат мастацтва, не парушыўшы ягонай гармоніі.

І — стварыць свой сьвет: часам жудасны, вусьцішны, і заўжды прыгожы і непаўторны. У ім мала сьвятла, затое кожная рысачка мае свой голас. Дзюрэравы творы поўныя зашыфраваных пасланьняў, як «Энігма» — але пры гэтым яны рэалістычныя, як зімовы дзень. Можна сабе ўявіць, як пазнавалі сваіх суседзяў сучасьнікі Дзюрэра ў ягоных «Чатырох апосталах», дзе Марк, які насамрэч ніякі не апостал, выглядае як беглы манах, а лысіны Пятра і Паўла блішчаць, нібы ночвы з кухні якой-небудзь фраў Мюлер. Ян Багаслоў, які есьць кнігу з рук анёла, ня мае зубоў, каб яе разжаваць. Дзядоўнік у руцэ Дзюрэра на аўтапартрэце і чыжык на руцэ малога Хрыста — безумоўна, сымбалі, але яны з нашага сьвету, яны жывыя, цёплыя, крохкія і маюць свой пачатак і свой канец.

Што да іншага сьвету, які ідзе на чалавека з малюнкаў і гравюр Дзюрэра такім ладным і бязьлітасным шыхтом, то і ягоныя вестуны на самой справе — нашыя. Нашыя страхі і фобіі, нашыя марныя спадзевы і патаемныя надзеі, нашыя грахі і памылкі. Можа, менавіта таму гэтымі творамі так любяць ілюстраваць гісторыю, якая, як вядома, агульная, а таму — нічыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG