Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пхэньян пагражае «зьвесьці рахункі» з ЗША


Паўночная Карэя заявіла, што прывяла свае ракетныя ўстаноўкі ў стан гатовасьці для ўдараў па тэрыторыі ЗША і па амэрыканскіх вайсковых базаў у Ціхім Акіяне і ў Паўднёвай Карэі.

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі КНДР паведамілі, што адпаведны загад лідэр краіны Кім Чон Ын падпісаў у чацьвер увечары ў адказ на палёты амэрыканскіх бамбавікоў тыпу «stealth» над Карэйскай паўвыспай.

Паведамляецца, што Кім заявіў: «Настаў час зьвесьці рахункі з амэрыканскімі імпэрыялістамі».

Паўднёвакарэйскае інфармацыйнае агенцтва «Ёнхап» цытуе ананімную вайсковую крыніцу, якая паведамляе пра заўважаны «нядаўна» рух дадатковых узбраеньняў і жывой сілы на ракетных аб’ектах Паўночнай Карэі, асабліва на аб’ектах з ракетамі сярэдняга і вялікага радыёсу дзеяньня.

Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі зазначыў, што яго краіна і Злучаныя Штаты ўважліва сочаць за падозранымі аб’ектамі.

Міністар абароны ЗША Чак Гэйгл паведаміў у чацьвер журналістам у Пэнтагоне, што рашэньне даслаць два бамбавікі Б-2 для ўдзелу ў супольных вайсковых манэўрах у Паўднёвай Карэі было часткай звычайнай практыкі.

Гэйгл таксама заявіў, што правакацыйныя дзеяньні і рыторыка Паўночнай Карэі прывялі да «эскаляцыі небясьпекі» на паўвысьпе і што Злучаныя Штаты гатовыя да любога кроку Пхэньяну.

Напружаньне на Карэйскай паўвысьпе павялічылася пасьля трэцяга ядзернага выпрабаваньня ў гэтым месяцы, што прывяло да ўвядзеньня новых санкцыяў.

У сераду Пхэньян абвясьціў, што вайна «можа выбухнуць у любы момант».

Раней паўночнакарэйскае кіраўніцтва пагражала ядзернымі ўдарамі па ЗША і Паўднёвай Карэі і абвясьціла аб скасаваньні дамовы аб замірэньні, якая паклала канец Карэйскай вайне ў 1953 годзе.

Спэцыялісты мяркуюць, што для распрацоўкі баяздольных ядзерных ракетаў, якія б маглі нанесьці ўдар па ЗША, Паўночнай Карэі спатрэбіцца яшчэ не адзін год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG