Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьнік прэзыдэнт?


Ва Ўзбэкістане абвяргаюць весткі пра хваробу кіраўніка краіны Карымава. Прэс-служба прэзыдэнта Узьбэкістана заявіла, што Іслам Карымаў сустрэўся ў Ташкенце зь міністрам замежных справаў Казахстана.

Гэта першае спатканьне Карымава пасьля таго, як тыдзень таму зьявіліся чуткі пра дрэнны стан ягонага здароўя. Карымава паказалі па тэлебачаньні, як ён танцуе падчас сьвяткаваньня Наўрузу 19 сакавіка. Але на публіцы прэзыдэнт ад таго часу не зьяўляўся.

Апазыцыйныя групы за межамі Узбэкістану паведамляюць, што ён перанёс сардэчны прыступ. Дачка Карымава, Гульнара Карымава, абвяргае паведамленьні.

Яна напісала ў сваім Твітэры ва аўторак, што чуткі пра хваробу яе бацькі зьяўляюцца «спробай сапсаваць жыцьцё людзям». Карымаў, якому цяпер 75 гадоў, былы камуністычны лідэр, кіруе краінай амаль чвэрць стагодзьдзя.

У 2006 годзе многія ў Беларусі спрабавалі знайсьці адказ на пытаньне: чаму была перанесеная дата інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі пасьля акцый пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў? Выбары адбыліся 19 сакавіка, а інаўгурацыя толькі 8 красавіка. Найбольш папулярная вэрсія замежнай прэсы — перанос інаўгурацыі, праўдападобна, адбыўся з прычыны пагаршэньня здароўя Лукашэнкі, што, хутчэй за ўсё, абумоўлена стрэсам.

У савецкія часы пра хваробы кіраўнікоў дзяржавы людзі даведваўся толькі з дадаткаў да нэкралёгаў, падпісаных мэдычнымі аўтарытэтамі. Традыцыя замоўчваць прабелмы са здароўем кіраўнікоў краіны захавалася ў большасьці постсавецкіх краінах.

Летась прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў абверг чуткі пра тое, што ва Ўладзімера Пуціна пагоршыўся стан здароўя, і што нібыта яно стала прычынай адмены некаторых міжнародных візытаў кіраўніка дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG