Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ўшанавалі памяць Цімоха Вострыкава і Палуты Бадуновай


Шлях да магілы Цімоха Вострыкава на могілках у вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну
Шлях да магілы Цімоха Вострыкава на могілках у вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну

25 сакавіка, у Дзень Волі, актывісты дэмакратычных арганізацыяў Гомеля адкрылі памятную шыльду на магіле слыннага земляка Цімафея Вострыкава ў вёсцы Раманавічы.

На гранітнай дошцы высечана: «Змагару і Беларусу», пазначаны таксама даты нараджэньня й сьмерці: 28 жніўня 1922 году — 13 лістапада 2007 году.

Усталяваць беларускамоўную шыльду на магіле Вострыкава менавіта да 25 сакавіка вырашыла кааліцыя дэмакратычных арганізацыяў Гомельскай вобласьці.

У Гомелі ўшанавалі памяць Цімоха Вострыкава і Палуты Бадуновай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:35 0:00
Наўпроставы лінк

Рэгіянальны каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Юры Клімовіч, чый бацька таксама быў рэпрэсаваны і зьведаў сталінскі ГУЛАГ, сказаў:

«Я ведаў Цімоха Акімавіча Вострыкава. Ён быў сябрам майго бацькі, сябрам нашай сям’і. Мяне асабліва ўразіла ў ім жыцьцесьцьвярджальнасьць. Нягледзячы на драматычныя павароты лёсу, цяжкае жыцьцё, ён ня ўпаў у дэпрэсію. Яму было ўжо больш за 50 гадоў, калі ён вярнуўся зь лягераў, дзе правёў чвэрць стагодзьдзя. І ён чарговы раз пачаў жыцьцё з нуля. Вострыкаў быў беззапаветна адданы Беларусі, справе беларускага нацыянальнага адраджэньня — і дзеля гэтага сьвядома пайшоў на пакуты».

Цімох Вострыкаў нарадзіўся 28 жніўня 1922 году ў вёсцы Баршчоўка Добрускага раёну. Да вайны скончыў курсы й накіраваны быў настаўнічаць на Берасьцейшчыну. Адтуль яго прызвалі ў Чырвоную Армію. У баях пад Смаленскам трапіў у акружэньне й палон. Зьведаў пакуты остарбайтэра і вучобу ў заходняй Нямеччыне ў гімназіі імя Янкі Купалы. Пасьля працаваў у Англіі, вучыўся ў Бэльгіі. І заставаўся беларусам.

У 1952 годзе Цімох Вострыкаў стаў удзельнікам «групы чатырох», якая пры спрыяньні амэрыканскай выведкі на парашутах была скінута ў Беларусь для арганізацыі нацыянальнага падпольля. Праз здрадніка група трапіла ў кіпцюры НКУС.

Гомельскія актывісты адзначалі, што Вострыкаў мог бязьбедна жыць на Захадзе, але выбраў пакутны шлях, бо верыў у лепшую долю і незалежнасьць Беларусі.

З могілак у Раманавічах грамадзкія актывісты выправіліся ў Навабеліцкі раён Гомеля, дзе ўсклалі жывыя кветкі проста на сьнег — на месцы дома, дзе жыла выбітная дзяячка Беларускай Народнай Рэспублікі Палута Бадунова. Гэтае месца ніяк не пазначана гарадзкімі ўладамі. Гарвыканкам адмовіўся нават пераназваць вуліцу імя баўгарскага камуніста Дзімітрава ў вуліцу імя Палуты Бадуновай, хоць за гэта падпісаліся сотні мясцовых жыхароў.
Жывыя кветкі на месцы дома Палуты Бадуновай
Жывыя кветкі на месцы дома Палуты Бадуновай
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG