Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіча намаўляюць да эўраінтэграцыі


Януковіч і Камароўскі, Кіеў, ліпень 2012
Януковіч і Камароўскі, Кіеў, ліпень 2012

У Варшаве сустракаюцца лідэры Польшчы, Украіны і Вугоршчыны. Галоўная тэма — дачыненьні Ўкраіны з ЭЗ.


Як паведаміў Ярамір Сакалоўскі, міністар канцылярыі Браніслава Камароўскага, у Варшаве адбудуцца дзьве сустрэчы з удзелам прэзыдэнтаў. Адна — трохбаковая, у якой будуць удзельнічаць кіраўнікі польскай, украінскай і вугорскай дзяржаваў, і другая — двухбаковая — польска-ўкраінская.

Паводле Сакалоўскага, галоўная тэма сустрэч — дачыненьні Ўкраіны з ЭЗ. Размова пойдзе аб выкананьні Ўкраінай умоў падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам, якая можа быць ўхвалена на саміце Ўсходняга партнэрства ў лістападзе сёлета ў Вільні.

Варшава занепакоеная заляцаньнямі Кіева да Мытнага зьвязу?

Польскія аглядальнікі нагадваюць, што месяц назад Камароўскі і Януковіч ужо сустракаліся ў польскім горадзе Вісла, дзе размаўлялі менавіта аб падпісаньні дамовы з ЭЗ. Варшаўскі палітоляг Анджэй Шаптыцкі канстатуе, што на працягу апошняга месяца ўзьніклі новыя акалічнасьці, якія занепакоілі афіцыйную Варшаву.

«Апошнім часам зьявілася інфармацыя аб тым, што Ўкраіна думае аб пэўнай форме далучэньня да Мытнага зьвязу або заключэньня асацыяцыі з Мытным зьвязам. Гэта можа выклікаць пэўную трывогу Польшчы, якая хацела б атрымаць тлумачэньні з боку ўкраінскай улады», — адзначыў палітоляг.

Анджэй Шаптыцкі зьвяртае ўвагу на тое, што ўжо другі раз за месяц польскі прэзыдэнт да размоў з Віктарам Януковічам прыцягвае лідэраў краін Вышаградзкай групы. У лютым удзельнікам такой трохбаковай размовы быў прэзыдэнт Славаччыныі Іван Гашпаравіч. Такім чынам, лічыць Шаптыцкі, Польшча спрабуе прадухіліць ізаляцыю Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе.

Браніслаў Камароўскі, Віктар Януковіч і Янаш Адэр спачатку пагавораць у палацы польскага прэзыдэнта, а пасьля накіруюцца на Нацыянальны стадыён, пабудаваны да Эўра-2012. Прэзыдэнты плянуюць паглядзець футбольны матч зборных Польшчы і Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG