Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі хмарачос абвальваецца ад ветру


Хмарачос абвальваецца ад ветру
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00
Наўпроставы лінк

У пятніцу на будоўлі офіснага шматпавярховіка на праспэкце Пераможцаў на 23-м паверсе абваліўся кавалак сьцяны.

Аскепкі пападалі на дах крамы «Рамонак» і на агароджаны ўчастак пляцоўкі ля крамы «Рыбалоў».

Ніхто не пацярпеў.

Супрацоўнікі арганізацый, што месьцяцца ў суседнім будынку, кажуць, што абвал здарыўся ў раёне пятай гадзіны.

«Раптам раздаўся гучны грукат, па даху нешта пранеслася — мы падумалі, мо землятрус, — апавядаюць прадавачкі адзеньня з другога паверху „Рамонку“. — Пайшлі паглядзець, але ўсярэдзіне ніякіх пашкоджаньняў не знайшлі. А што здарылася? Дагэтуль ня ведаем, што гэта было».
Аскепкі абваленай сьцяны
Аскепкі абваленай сьцяны

Што здарылася, бачылі супрацоўнікі бібліятэкі, якая стаіць вокны ў вокны з будоўляй.

«У пятніцу на пачатку пятай гадзіны наш дом вельмі моцна страсянула, — кажа супрацоўніца бібліятэкі Хрысьціна. — Мы падумалі — мо, гурбы сьнегу з даху зваліліся. А потым убачылі, што ў сьцяне гэтай высоткі дзірка, і зьнізу тыя блёкі валяюцца».

Спачатку дзірка была ня вельмі вялікая. За панядзелак-аўторак будаўнікі разабралі рэшту аварыйнага ўчастку.
Месца, адкуль вываліліся сылікатныя блёкі
Месца, адкуль вываліліся сылікатныя блёкі

Галоўны інжынэр аб’екта Ўладзімер Рэзьнік пацьвердзіў факт абвалу адной са сьцен гмаху:

«Падчас пабудовы гэтага дому адбывалася ўзьвядзеньне газасылікатнай сьцяны. Хутчэй за ўсё, не было зроблена прадугледжанага праектам замацаваньня гэтай сьцяны. У выніку пад цяжарам ветравой нагрузкі яна абвалілася. Часьцей за ўсё ў такіх выпадках, вядома, вінаватыя будаўнікі, таму і тут, хутчэй за ўсё, будзе адказнасьць генэральнага падрадчыка. Аднак мая вэрсія папярэдняя. Цяпер працуе камісія, якая зробіць экспэртызу і вызначыць дакладна, у чым была прычына абвалу, а таксама назаве суму шкоды».
Сарваны ветрам уначы 20 сакавіка транспарант на будынку Пераможцаў, 7
Сарваны ветрам уначы 20 сакавіка транспарант на будынку Пераможцаў, 7

Крама «Рамонак» побач з будоўляй таксама будзе падлічваць пашкоджаньні. Кампэнсаваць страты будзе заказчык будаўніцтва — замежнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Рубіроз інтэрнэшнл».

Людзі, якія працуюць у будынку па Пераможцаў, 7, які цяпер упрытык аточаны рознымі будоўлямі, расказваюць, што і бязь непагадзі іх трасе даволі часта: «Калі яны там нешта ўбіваюць ці ўтрамбоўваюць зямлю — мы падскокваем».
Сылікатныя блёкі зваліліся на дах крамы «Рамонак»
Сылікатныя блёкі зваліліся на дах крамы «Рамонак»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG