Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосіф і яго раты


13 сакавіка 1964 году суд Дзяржынскага раёну гораду Ленінграду асудзіў грамадзяніна Іосіфа Бродзкага за дармаедзтва на пяць гадоў высылкі і абавязаў яго да прымусовай працы. І гэта ўжо само па сабе верш. Дзяржынскі, Ленін і судзьдзя Савельева супраць Іосіфа ў пустэльні.

Ня толькі «искусство поэзии требует слов» — суды, на жаль, таксама бязь іх не абыходзяцца. А можа, і на шчасьце: словы захоўваюць у сабе дух эпохі, і ён не выветрываецца нават тады, калі выбіць зь іх увесь пыл. Было б толькі каму запісваць. А адданых чытачоў, гатовых лавіць кожнае слова «дармаеда», Бродзкі ў 1964 меў ужо дастаткова. Гэтаму, вызначальнаму ў лёсе паэта сакавіцкаму паседжаньню папярэднічала яшчэ адно, лютаўскае — і сёньня займальна прыгадаць, якія словы гучалі ў тыя дні — лепшых сьведкаў, абаронцаў і абвінаваўцаў тут ня знойдзеш.

Дыялёг.

Судзьдзя:

«Хто прызнаў, што вы паэт? Хто далучыў вас да паэтаў?»

Бродзкі:

«Ніхто. А хто далучыў мяне да роду чалавечага?»

Судзьдзя:

«А вы вучыліся гэтаму?.. Каб быць паэтам? Не спрабавалі скончыць ВНУ, дзе рыхтуюць, дзе вучаць?»

Бродзкі:

«Я ня думаў, што гэта даецца адукацыяй... Я думаў, гэта ад Бога...»

Маналёгі.

Сарокін, грамадзкі абвінаваўца:

«Ён належаў да кумпаніі, якая д’ябальскім сьмехам сустракала слова «праца» і з пашанай слухала свайго фюрэра Ўманскага. Асаблівы посьпех тут меў набор парнаграфічных словаў і паняткаў. Кажуць пра адоранасьць Бродзкага? Але хто кажа: людзі, падобныя да яго. Бродзкага абараняюць прайдзісьветы, дармаеды, макрыцы і жучкі. Бродзкі не паэт, а чалавек, які спрабуе пісаць вершыкі. Ён забыўся, што ў нашай краіне чалавек мусіць працаваць, ствараць каштоўнасьці: хлеб, станкі — як вершы. Бродзкага трэба прымусіць працаваць гвалтоўна. Трэба выселіць яго з горада-героя. Ён — дармаед, хам, прайдзісьвет, ідэйна брудны чалавек. Чаму тут абаранялі чалавека, які ненавідзіць нашу Радзіму? Трэба праверыць маральнае аблічча тых, хто яго абараняў. Ён пісаў: «Люблю Радзіму я чужую». У яго дзёньніках ёсьць запіс: «Я ўжо даўно думаю пра выхад за чырвоную рысу». Яшчэ ён пісаў так: «Стакгольмская ратуша выклікае ў мяне больш павагі за праскі Крэмль». Маркса ён называе так: «Стары абжора ў вянку зь яловых шышак». У адным лісьце ён піша: «Пляваць я хацеў на Маскву!»

Рамашова, выкладчыца марксізму-ленінізму:

«Асабіста я Бродзкага ня знаю. Але ягоная так званая дзейнасьць мне знаёмая. Пушкін казаў, што талент — гэта перадусім праца. А Бродзкі? Хіба ён працуе, каб зрабіць свае вершы зразумелымі для народу?»

Ваяводзін, сябра Саюза пісьменьнікаў СССР:

«Асабіста я з Бродзкім не знаёмы. Ён мала бывае ў Саюзе, пераважна на творчых вечарынах. Я чытаў эпіграмы Бродзкага. Вы пачырванелі б, таварышы судзьдзі, калі б іх прачыталі. Тут казалі пра талент Бродзкага. Талент вымяраецца народным прызнаньнем. А яго няма і быць ня можа... Бродзкі адрывае моладзь ад працы, ад сьвету, ад жыцьця».

Дзянісаў, трубаўкладнік УНР-20:

«Асабіста з Бродзкім не знаёмы. Пасьля выступу газэты я абураны працай Бродзкага. Захацеў пазнаёміцца зь ягонымі кнігамі, пайшоў у бібліятэку — няма кніг. Пытаўся знаёмых, ведаюць яны такога? — не, ня ведаюць. Я рабочы. Я зьмяніў за жыцьцё дзьве работы. А Бродзкі? Кажуць, ён паэт. Чаму ж ён тады ніколі ня быў сябрам ніводнага літаб’яднаньня?»

Галасы з залі:

Пісьменьнікі! Вывесьці б іх усіх...
Інцілягенты! Навязаліся на нашу шыю!
Я таксама завяду сабе падрадкоўнік і буду вершы перакладаць!
Выселіць бы вас усіх зь Ленінграду — даведаліся б, што па чым, дармаеды!
Адвакат за грошы гаварыў, а абвінаваўца бясплатна — значыць, мае рацыю.
Ня кожны дзень судзяць паэта.

Судзьдзя:

А нам усё адно, паэт ці не паэт.

Усе хорам:

«О, не выходи из комнаты. Танцуй, поймав, боссанову,
В пальто на голое тело, в туфлях на босу ногу.
В прихожей пахнет капустой и мазью лыжной.
Ты написал много букв, еще одна будет лишней».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG