Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брыль, Быкаў, Пазьняк, Жданко, Лукашук пра сталінізм. З архіву Свабоды


Як успрынялі 5 сакавіка 53-га Брыль і Быкаў? Хто па загаду Сталіна аддаў Вільню? У чым Пазьняк бачыць розьніцу паміж Сталіным і Лукашэнкам, і чаму калгасы існуюць па сёньня – у перадачы з архіву Свабоды.

Дзесяць гадоў таму ў эфір выйшла перадача да 50-годзьдзя сьмерці Сталіна. Цалкам яе можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле, ніжэй — тэкставыя фрагмэнты.

З архіву Свабоды. Праграма да 50-годзьдзя сьмерці Сталіна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:22:14 0:00
Наўпроставы лінк


«Бывай, бацька!» — з такімі загалоўкамі выйшлі беларускія газэты ў сакавіку 1953-га.

На усіх прадпрыемствах, заводах, фабрыках, ва ўсіх калгасах і саўгасах, ва ўсіх школах, інстытутах, вайсковых частках прайшлі жалобныя мітынгі.
Сярод бясконцых справаздачаў — рэпартаж з мітынгу менскага аўтазаводу. «Няма ніводнага кутка, ніводнай сям’і, — усхвалявана гаворыць стары рабочы таварыш Сакольскі, — дзе б не аплаквалі такую вялікую страту, якая напаткала наш савецкі народ і народы усяго міру. Сталін памёр, але імя яго назаўсёды будзе жыць. Мы завяраем Цэнтральны Камітэт Кампартыі Савецкага Саюза, і Савецкі ўрад, што ў гэтыя цяжкія дні праявім найвялікшае адзінства, цьвёрдасьць духа і пільнасьць, утроім сваю энэргію па стварэньню бальшагрузных аўтамабіляў, якія ідуць на вялікія будоўлі камунізму паводле указаньняў вялікага Сталіна».

І яшчэ цытата: «Бывай, родны і да апошняга нашага дыханьня родны і любімы бацька… Як многім мы табе абавязаныя… Нас мільёны, і ўсе мы мысьленна разьвітваемся з табой, павольна праводзім міма тваёй труны, імкнучыся захаваць твае рысы, нізка кляняемся і па-сыноў’і цалуем цябе, праводзячы ў апошні шлях» — гэтыя словы Міхаіла Шолахава перадрукавалі ўсе газэты ў БССР.

Калі сёньня гартаеш гэтыя газэты — ствараецца ўражаньне, што насамрэч усіх ахапіў бязьмежны смутак. Але гэта — памылковае ўяўленьне.

Дзень, калі было абвешчана пра сьмерць Сталіна, прыгадвае Васіль Быкаў.

Васіль Быкаў, 1955 год
Васіль Быкаў, 1955 год
Васіль Быкаў: Я тады служыў у войску на Сахаліне, быў на занятках, былі клясныя ў нас заняткі. І, памятаю, расчыніліся дзьверы, і нехта паклікаў нашага кіраўніка падпалкоўніка Емяльянава. Ён вельмі хутка прыйшоў, з такім посным тварам, і аб’явіў… Не, сьпярша падняў усіх афіцэраў, якія там былі, пасьля аб’явіў, што здарылася вялікае няшчасьце, памёр вялікі правадыр, і так далей. Ну, канечне, афіцэры ўсталі, моўчкі пастаялі й далей селі. І працягвалі заняткі. Ніхто ня плакаў, як гэта часам было ў Маскве, ніхто не закатваў ніякай гістэрыкі. Вельмі спакойна да гэтага аднесьліся. Я, напрыклад, тады толькі падумаў, стоячы ў гэтую хвіліну маўчаньня, што можа цяпер што-небудзь зьменіцца ў краіне. Зьмянілася, канечне, шмат што.

Цікава, што ў пэўнай часткі масавай сьвядомасьці Сталін і сталінізм зьвязваюцца пераважна з прагай «парадку». Лічыцца, што цяпер «парадку» няма, а тады ён быў. Сталінізм, аднак, зьява цалкам антыгуманная, антыхрысьціянская, антычалавечая. І толькі духоўныя мутанты могуць цяпер да таго імкнуцца. Натуральна, што тое імкненьне гістарычна беспэрспэктыўнае — нават у камуністычным сьвеце пасьля Сталіна, Мао Цзэ-дуна, Пол Пота, Кім Ір Сэна сыстэма цалкам збанкрутавала і датлявае хіба ў лявацкай ідэалёгіі і практыцы рознага роду экстрэмізму. Спатрэбілася праліць мора крыві, каб чалавецтва ўцяміла, што забіваць — кепска, нават у самых зманлівых мэтах, што чалавек — боскае стварэньне і мае права жыць, незалежна ад грамадзкага ладу і самых звыродлівых ідэяў ягоных правадыроў. І нават у стане бязладзьдзя. Бо лад, парадак, якімі спэкулююць, вельмі часта абарочваюцца пагібельлю мільёнаў, а зманлівыя ідэі гэткія ж недасяжныя, як і раней, хоць і працягваюць вабіць цёмных і бедных".

...Пасьля сьмерці Сталіна на ягонай дачы знайшлі безьліч нерасьпячатаных пакетаў са справаздачамі наркомаў і партыйных сакратароў — а вось мастацкія творы, паводле самых розных успамінаў, Сталін чытаў, і асабіста разьмяркоўваў прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва. Так што пра Брыля Сталін як мінімум ведаў. Нягледзячы на гэта, ў Янкі Брыля не было падстаў лічыць, што, кажучы словамі з песьні, Сталін яму "даў шчасьце ды вывеў у людзі".

Янка Брыль. 1952 – 1954 гг. З фондаў БДАМЛМ
Янка Брыль. 1952 – 1954 гг. З фондаў БДАМЛМ
Янка Брыль: «Нейкага асаблівага жалю, разгубленасьці, тым больш адчаю ў дзень яго сьмерці я не адчуваў. У мяне быў свой запаветны душэўны сьвет. Сталеньне маё адбывалася ў іншай, у заходнебеларускай рэчаіснасьці, я быў свабодна начытаны агульналюдзкай высокадухоўнай літаратурай. Я многа бачыў і чуў сярод тых людзей, якія яшчэ былі, мае землякі, незапалоханыя. Было і сямейнае. З двух старэйшых адукаваных братоў, што засталіся ў Савецкім Саюзе, адзін — праваслаўны сьвятар — адбываў „перавыхаваньне“ у тайзе і Беламорканале. Другі — беспартыйны заатэхнік — прайшоўшы пекла допытаў, быў расстраляны па некалькімінутным рашэньні „тройкі“. Аднак у той гістарычна пераломны дзень і шматлюдны жалобны тыдзень не было ў мяне таксама і поўнай свабоды ад масавага настрою, ад інстынкту стаднасьці. Я ж пражыў пры Сталіне амаль дзесяць гадоў, у той атмасфэры вучыўся на літаратара, праходзіў выпрабаваньне прэміяй яго імя. А ў млыне, як вядома, цяжка не запыліцца. Гэта калі сказаць як карацей. А ёсьць жа і боязь, апасьлівасьць сваё сёньняшняе разуменьне, свой вопыт нялёгка набытай відушчай сталасьці пераносіць на той эпахальны дзень, на той жахлівы час. Бо цьвярзелі ж мы, і я ў тым ліку, ачышчаліся актыўнай шчырасьцю пакаяньня цэлую палавіну стагодзьдзя»

…Яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму ў Менску жылі колішнія сакратар ЦК і абкамаў, якія маглі пахваліцца асабістым знаёмствам з Іосіфам Вісарыенавічам. Напрыклад, Іван Клімаў — той самы, які паводле загаду Сталіна перадаў Вільню ў склад Літвы. Пра сваё спатканьне з Клімавым прыгадвае журналіст Валянцін Жданко.

Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
Валянцін Жданко: «Якраз адбываўся распад Савецкага Саюзу, і Іван Клімаў вельмі хваравіта перажываў распад Саюзу. І ён узгадваў 1939 год, калі яго прызначылі сакратаром Віленскага абкаму кампартыі Беларусі. Ён увайшоў разам з Чырвонай Арміяй у Вільню, і пачаў наводзіць там бальшавіцкія парадкі. Ён цьвёрда быў упэўнены, што будзе Віленская вобласьць у складзе БССР, ён будзе кіраўніком гэтай вобласьці. Для яго было вялікай нечаканасьцю тое, што праз нейкі час, здаецца, праз некалькі месяцаў, ён атрымаў загад з Масквы рыхтаваць перадачу Віленскага краю ў склад Літвы. Незалежнай Літвы. Для яго гэта было балюча, ён ня мог зразумець, у чым прычына, але, як сапраўдны салдат бальшавіцкай партыі, ня меў права не абмяркоўваць, не аспрэчваць гэтыя рашэньні. Цікава, што потым яго ж уключылі ў склад камісіі, якая праводзіла мяжу паміж Літвой і савецкай Беларусьсю. Але на той час яму ўжо патлумачылі, ці далі зразумець, што, маўляў, асабліва не гандлюйся, бо праз нейкі час гэта ўсё будзе „савецкае“, „агульнае“.

…У час, калі бальшавікі зьнішчалі БНР, Сталін займаў пасаду наркама ў справах нацыянальнасьцяў. У 1922-ім годзе Сталін прапанаваў, каб усе незалежныя рэспублікі ўвайшлі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Гэта выклікала абурэньне ў некаторых рэспубліках, давялося пагаджацца на Саюз — з фармальным сувэрэнітэтам. Толькі пры адным сталінскім наркаме НКВД — прысланым з Масквы Бермане — ў Беларусі былі рэпрэсаваныя 80 тысячаў дзеячоў апазыцыі і членаў іх семьяў. Былі растраляныя пісьменьнікі, навукоўцы, настаўнікі, — тыя, хто ўвасабляе эліту нацыі, яе генафонд. У Курапатах, паводле некаторых ацэнак, пахавана да 250 тысячах ахвяраў сталінізму.

Першаадкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк праводзіць паралелі паміж Сталіным і тым, хто ўвасабляе сёньняшні рэжым у Беларусі

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк: „Сталін уяўляў сабой тып паранойнага дыктатара з псыхалёгіяй падазронасьці і недаверу. Адсюль частыя зьмены кадраў і пэрыядычныя чысткі. Мэтадам заспакаеньня падазронасьці і спосабам прадухіленьня пагрозы быў страх, насаджэньне страху ў асяродзьдзі ўлады, перад сваёй асобай. На гэтым пэўнае падабенства паміж Сталіным і Лукашэнкам заканчваецца. І па маштабах асобовасьці, і па прыродзе ўлады — гэта розныя тыпажы. Дыктатура Сталіна грунтавалася на партыйнай ідэалёгіі і на аднапартыйнай таталітарнай сыстэме. Абсалютызуючы сваю ўладу, Сталін ствараў таталітарную ваенную дзяржаву і быў зацікаўлены ў яе існаваньні. Ён сфармаваў сыстэму, якая стварала яму культ асобы, культ бязгрэшнага правадыра. Было створана ўражаньне, што ва ўсіх недахопах вінаватыя „шкоднікі“, але ня Сталін, які „наводзіў парадак“. Адсюль — рэпрэсіі і тэрор. Лукашэнка — гэта ёсьць дыктатар-марыянэтка, кіруемы спэцслужбамі і ўладамі чужой дзяржавы. Марыянеткавы рэжым Лукашэнкі ня мае ідэалёгіі, не абапіраецца на аднапартыйны таталітарызм, і не стварае таталітарнай дзяржавы. Гэта значыць, што ў яго няма рэальнай самастойнай сілы, што ён уяўны, штучны й залежны“.

І ўсё ж у сёньняшняй Беларусі шмат засталося ад Сталіна. Напрыклад, калгасы.
Публіцыст, дасьледчык сталінскіх рэпрэсіяў Аляксандар Лукашук надае паняцьцю калгас больш шырокі, чым уласна аграрны, сэнс.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук: " Дзе Сталін — там няма свабоды. І наадварот: дзе няма свабоды — там Сталін. Сталін сёньня — гэта калгас. На вёсцы гэта фэадальна-рабаўладальніцкі лад, у якім свабода існуе толькі як татальны крадзёж. Калгас у горадзе выглядае як заводы і фабрыкі, шпіталі і школы, куды людзі ходзяць працаваць не на сябе, не на грамадзтва, не на дзяржаву, а на ўладу. Афіцыйныя прафсаюзы былі пачалі прачынацца ад летаргіі, і высьветлілася, што яны — калгас. У калгасныя брыгады арганізаваныя афіцыйныя журналісты, калгасьнікамі пачуваюцца пісьменьнікі і міліцыянты, рэктары і дырэктары. У калгасе не бывае Канстытуцыі — яна не патрэбная ні рабам, ні гаспадарам. У калгасе выбіраюць не прэзыдэнта, а старшыню. А старшыні, каб захаваць уладу, патрэбны калгас. Таму ў Беларусі калектывізацыя працягваецца. Дзе змагаюцца за свабоду, кожны раз змагаюцца супраць Сталіна. А Сталін сёньня — гэта калгас».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG