Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чым больш украў — тым вышэйшая пасада...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 27 лютага 2013 году

Мяркуючы па пошце «Свабоды», сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць дае няшмат падстаў для аптымізму. Значная частка лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя лютаўскія дні, запоўненыя ня надта вясёлымі назіраньнямі і роздумамі.

Для сёньняшняй размовы я выбраў са сьвежай пошты пераважна такія допісы, у якіх распавядаецца пра канкрэтныя жыцьцёвыя сытуацыі, зь якімі сутыкнуліся слухачы. Пачну зь ліста Сяргея Міхайловіча зь Ліды. Ён піша:

«У нас часам атрымліваецца так: чым больш украў — тым вышэйшая пасада. Гэта я мяркую па сваім заводзе. Быў у нас малады ды энэргічны дырэктар. Лічыўся пасьпяховым. За час ягонага кіраваньня з заводу зьніклі 12 камбайнаў на суму 300 мільярдаў рублёў. Ну, ня тое каб яны бясьсьледна зьніклі. Іх з заводу накіравалі ў Расею, у Краснаярскі край — але чамусьці без папярэдняй аплаты. Чакалі грошай, чакалі — і не дачакаліся. Паслалі туды прадстаўніка заводу. А яму адказваюць: камбайны вашы кепскай якасьці, так што разьлічвацца ня будзем. А тэхніка ж дарагая, зь імпартнымі агрэгатамі.

...Як толькі ўсчаўся скандал ды пайшла пагалоска — дык і дырэктар раптам зьнік. Аказалася, звольніўся. А потым усплыў у Менску, у міністэрстве...

Хадзілі ў нас чуткі, што гэтым зьнікненьнем камбайнаў займалася пракуратура — але неяк усё спакваля заглухла...

А наш прэзыдэнт, напэўна, ня ведае пра гэта ды маўчыць. А ў нас у Беларусі, калі шчыра казаць, злодзей на злодзеі сядзіць ды злодзеем паганяе... Часам думаю: ці ж можна вывесьці краіну з крызісу пры такім раскраданьні?

У нас на „Дажынкі“ 2010 году на ўсю Ліду было выдзелена 320 мільярдаў рублёў... А тут з адной толькі зьдзелкі завод страціў амаль столькі ж... Натуральна, што ў выніку мы апынуліся на лапатках. Цяпер нешта спрабуюць круціць, аб’ядноўваць зь іншымі... Але ці будзе толк? Можа, пачуе гэты мой зварот Аляксандар Рыгоравіч ды разьбярэцца, куды ўсё зьнікла, хто ў гэтым вінаваты і што будзе з заводам і з намі далей»
.

Дакладнага зваротнага адрасу слухача няма, імя, відавочна, выдуманае — таму ні заводу, ні прыведзеных у лісьце прозьвішчаў я не называю.

Відавочна, рабіць высновы пра тое, ці вінаваты ў гэтай сытуацыі дырэктар, павінны сьледзтва і суд. Хоць увогуле займацца бізнэсам на расейскім рынку, сапраўды — справа рызыкоўная. Шмат што там трымаецца на карупцыйных схемах, на разгалінаванай сыстэме «адкатаў». Беларусь, якая і ў эканоміцы, і ў палітыцы арыентуецца выключна на расейскія ўзоры, пераняла і гэтыя мэтады вядзеньня бізнэсу.

Адметна, што самі работнікі, якім, па сутнасьці, і належыць гэты завод, на ключавыя рашэньні, якія прымае кіраўніцтва, ніяк не ўплываюць і нават не спрабуюць уплываць. Хоць нібыта ёсьць і Рада працоўнага калектыву, і прафсаюз. Але вось прадпрыемства нікчэмнымі кіраўнікамі пастаўлена на калені, а ў работнікаў адно спадзяваньне — на тое, што прыедзе Лукашэнка і ўва ўсім разьбярэцца.

Пра заблытаную і супярэчлівую гісторыю сваіх узаемадачыненьняў з мэдыкамі і міліцыянтамі распавёў у лісьце на «Свабоду» Павал Цярэшка зь Менску. Слухач піша:

«Актывістаў, якія выйшлі з партрэтамі Алеся Бяляцкага ў Горадні, пакаралі вялізнымі штрафамі. Гэта падштурхнула мяне да такой прапановы. Дазваляю выкарыстоўваць маё фота ўсім ахвотным для падобных акцыяў. Фота можна знайсьці ў сацыяльнай сетцы „Аднаклясьнікі“.

Чым такім асаблівым я адметны? А тым, што ў шпіталі мяне фактычна катавалі: апраменілі печань і адсеклі гарызантальны адростак (відавочна, дзеля таго, каб прадаць за мяжу для трансплянтацыі). Гэта нанесла майму здароўю цяжкую і непапраўную шкоду.

Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя пры судзеяньні ўчастковых міліцыянтаў гвалтам завезьлі мяне на месяц у стацыянар псыхіятрычнага шпіталя...

Усё больш пераконваюся, што абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. У Нямеччыне мэдыкі ня маюць права самастойна прымаць рашэньне наконт забору органаў — нават пасьля спыненьня сэрца ці сьмерці галаўнога мозгу. Патрабуецца наяўнасьць донарскага пасьведчаньня. А пасьведчаньне на згоду афармляецца прыжыцьцёва, калі чалавек у добрым стане, пры ясным розуме і добрай памяці. Пры гэтым толькі 17 працэнтаў немцаў пагаджаюцца на донарства. А ў нас — робяць з чалавекам што захочуць»
.

Цяжка быць судзьдзём у гэтым заблытаным канфлікце, спадар Павал. Хоць беларуская трансплянталёгія і дасягнула вялікіх посьпехаў і маштабаў (пра што ледзь ня штодня нагадвае афіцыйная прапаганда), але пра тое, каб у жывых пацыентаў бязь іхнай згоды адрэзвалі органы для продажу замежнікам — да такога ў Беларусі, здаецца, пакуль не даходзіла...

А ўвогуле праблема згоды ці нязгоды на забор органаў існуе. Справа ў тым, што беларускае заканадаўства ў справе донарства органаў прадугледжвае так званую «прэзумпцыю згоды». Гэта значыць, калі доктар бачыць, што чалавек памёр і мае якасныя органы, — дык гэтыя органы могуць забраць, нікога не пытаючыся. А каб гэтага пазьбегнуць, вам трэба яшчэ пры жыцьці напісаць заяву і накіраваць яе ў Цэнтар трансплянтацыі органаў і тканак. Акрамя таго, блізкія сваякі чалавека, які памірае, таксама маюць права выказаць сваю нязгоду — у пісьмовай ці вуснай форме. А вось калі сваякі прамаўчалі — лічыцца, што яны не пярэчаць.

Пра некаторыя вынікі шматгадовага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Яўген Мікітаў з Воршы. Слухач піша:

«Больш як за 18 год кіраваньня Лукашэнкі беларуская мова і культура амаль зьнішчаныя. Беларусь ня стала нэўтральнай мірнай краінай, а наадварот — уступіла ў ваенны блёк з імпэрскай Расеяй. Уладная піраміда, на вяршыні якой знаходзіцца Лукашэнка, кіруе дзяржавай з дапамогай фальшу і прыпісак — бо гэта і ёсьць іхная ідэалёгія.

І ўсё ж, якой бы куцай ні была незалежнасьць Беларусі — грамадзтва мае ад яе немалыя здабыткі. Сёньня беларусы ня езьдзяць па кіляграм аршанскай каўбасы ў Маскву — як гэта было калісьці. І тыя грошы, што зарабілі сваёй працай беларусы, ідуць на карысьць беларускай дзяржавы, а не імпэрскай Расеі. Аднак жа Масква і цяпер не выпускае Беларусь са сваіх кіпцюроў. То нафту ня хоча прадаваць, то на газ цэны падніме...

Маскве пашанцавала, што беларусы 18 год таму выбралі сваім прэзыдэнтам Лукашэнку — расейскага аднадумца і памагатага. І невыпадкова першае, што зрабіў Лукашэнка, — гэта выкапаў памежныя слупы на мяжы з Расеяй. Старшыняў аблвыканкамаў на расейскі манер пачаў называць губэрнатарамі. Маладых людзей, што размаўляюць па-беларуску, сталі саджаць у турму — нібыта за „брыдкаслоўе“. Палымяныя патрыёты Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў і многія іншыя пакутуюць у турмах і цяпер. На патрыятычную моладзь вядзецца сапраўднае паляваньне. Баіцца маладых Лукашэнка...»
.

Зьвярну ўвагу, спадар Яўген, на вашу згадку пра мітычныя памежныя слупы, якія нібыта выкопваў Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады. Няцяжка здагадацца, як узьнік гэты міт. Сам Лукашэнка ня раз ставіў сабе ў заслугу скасаваньне беларуска-расейскай мяжы, кажучы то пра слупы, то пра шлягбаўмы, якія ён ламаў у 94-м годзе зь Ельцыным і Чарнамырдзіным. Адметна тое, што ніякіх слупоў на мяжы ў той час не было. Папярэднік Лукашэнкі — прэм’ер Кебіч — быў павернуты тварам да Расеі ніяк ня менш за Лукашэнку. Ён ня тое што памежныя слупы ўкопваць — нават нацыянальную валюту ўводзіць адмаўляўся да самай апошняй магчымасьці. І беларускі рубель зьявіўся толькі тады, калі Масква сама выпхнула навязьлівага саюзьніка са сваёй рублёвай зоны.

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з прапановамі, заўвагамі і падзякамі. Вось што піша Ала Кажэра зь Менску:

«Мая прапанова для „Свабоды“: часьцей узьнімаць пытаньні беларускай школы. Бо бяз школы, без нацыянальна сьвядомага настаўніка працэс Адраджэньня будзе надта марудным, а можа, і ўвогуле безнадзейным».

Слушная заўвага, спадарыня Ала. Абавязкова зьвернем на гэта ўвагу.

Пра варты перайманьня досьвед слуханьня «Свабоды» паведамляе нам Віктар Лісоўскі зь Менску. Ён піша:

«Зь нядаўняга часу рэгулярна слухаю вашы перадачы толькі праз спадарожнік Hot Bird, а па нядзелях праглядаю некаторыя сюжэты праз інтэрнэт. Свой радыёпрымач падарыў знаёмай пэнсіянэрцы: цяпер ён мне не патрэбны. Раю ўсім асвойваць новую тэхніку: не пашкадуеце!»


Цалкам пагаджаюся з вамі, спадар Віктар. Бярыце прыклад, спадарства!

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Веры Бабок зь Дзяржынску (Койданава). Слухачка піша:

«Калі дазваляюць час і магчымасьці — заўсёды слухаю „Свабоду“. Фактычна, гэта ўсё, што засталося ў эфіры і ў інтэрнэце — што можна з цікавасьцю паслухаць і паглядзець. Дзякуй вялікі за вашу працу. Вы нам вельмі патрэбныя, бо даяце той подых Свабоды Духу, безь якога проста немагчыма жыць у гэтым сьвеце ў гэты час. Будзем і надалей цікавіцца вашымі праграмамі».

Дзякуй за добрыя словы і вам, спадарыня Вера, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG