Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг будзе


Увечары 3 сакавіка 1944 году ў кватэру Францішка Аляхновіча на вуліцы Ясінскага ў Вільні нехта настойліва звоніць. Гаспадар, «бацька новай беларускай драмы» і рэдактар калябарацыянісцкай газэты «Беларускі голас», ідзе адчыняць. Чуюцца два стрэлы і пасьпешлівыя крокі, сьмяротна паранены Аляхновіч пасьпявае сказаць жонцы: «Звані, звані...» — але званіць ужо позна, анёлы-ахоўнікі, якія ўдала адпрацавалі ў Лукішках, на Салаўках і ў акупаванай спачатку Саветамі, а потым немцамі Вільні, сёньня адпрасіліся раней, на тым канцы проваду толькі сьвяты Пётра, начны дзяжурны. Потым суседзі скажуць, што бачылі, як з дому выбег нейкі незнаёмы ім чалавек, зь якім драматург размаўляў напярэдадні.

Калі падзеі таго вечара і паддаюцца нейкай рэканструкцыі, то вось такой — дэтэктыўнай, хісткай, небагатай на факты і таму не пазбаўленай пэўнай тэатральнасьці. Забіты ва ўласнай кватэры, проста на парозе — нават тут прачытваецца сымбаль, бо гэта для ўсіх іншых дзейнічае правіла «мой дом — мая крэпасьць», а беларусам і ва ўласным доме ніколі не было спакою, і цяпер няма. Сваім стрэлам забойца меркаваў паставіць у гісторыі Францішка Аляхновіча канчатковую, тлустую кропку — а атрымалася двухкроп’е. Знак, за якім можа ісьці ўсё, што заўгодна. Адкрыты фінал, які зусім не азначае сьпісаньня героя ва ўтыль: Аляхновіча ня толькі не забылі, яго працягваюць чытаць, вывучаць, ставіць і спрачацца пра ягоную асобу. Калябарацыяніст, антысэміт, фашыстоўскі лёкай — ці выбітны нацыянальны дзяяч, таленавіты драматург і ахвяра тых «чырвоных сьпірахетаў», пра небясьпеку якіх ён пісаў з такім палам? Асьлеплы ад нянавісьці — ці ад празьмернае празарлівасьці? І тое, і другое, і трэцяе, і пятае — і вось толькі азначэньне «калябарацыяніст» выклікае ў мяне ўнутраны супраціў: у народу без сваёй дзяржаўнасьці ня можа быць і свайго калябарацыянізму, у яго іншы падзел: на тых, хто выбірае сродкі, і тых, для каго мэта ўсё апраўдвае. І іншы лёс: сядзець з вудай ля мутнай вады і лавіць свае шанцы, вясёлкавая луска якіх часам выглядае так прывабна — калі пашанцуе са штучным асьвятленьнем, і якая адразу блякне, варта надысьці новаму дню. Чужому, як і любы каляндар.

Хто забіў Аляхновіча, застаецца загадкай. Рэдактар «Беларускага голасу» у 1944 сам загнаў сябе ў злавесны трохкутнік, зь якога не было выхаду. Лічыцца, што сьмерць ягоная была выгодная ўсім тром бакам. Савецкаму падпольлю: у той вечар да яго цалкам маглі нарэшце дацягнуцца адрослыя да нечалавечых памераў «капцюры ГПУ», зь якіх ён шчасьлівым чынам высьлізнуў нейкі дзясятак гадоў перад тым. Польскаму Супраціву: для якога ён адназначна быў здраднікам. Немцам: нягледзячы на вісклівыя лёкайскія ноткі «Беларускага голасу», ніхто ўсур’ёз ня верыў, што Аляхновіч верны ідэалам Трэцяга Райху. Першая вэрсія найбольш праўдападобная. Уладзімер Арлоў у «Імёнах свабоды» нават называе імя забойцы: нехта Сіманавічус (Пятрайціс), які мірна дажыў да васьмідзясятых. Так ці інакш, працяг будзе, і двухкроп’е і пытальнік, гэтыя знакі вечнага прыпынку, паміж якімі можа зьмясьціцца што заўгодна, выглядалі б на помніку Аляхновічу красамоўней за любы тэкст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG