Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1969


1 сакавіка 1969 году на канцэрце «The Doors» у Маямі Джым Морысан, прадстаўляць якога не было патрэбы ні тады, ні цяпер, выліў сабе на галаву бутэльку шампанскага, расшпіліў маланку сваіх джынсаў і прадэманстраваў публіцы нешта, што адным нагадала ўказальны палец, а іншым — тое, што ў літаратурнай беларускай мове ў апошнія гады прынята называць словам «чэлес».

Паліцэйскія, якія ахоўвалі ў той вечар пальцы, чэлес, джынсы і ўсяго астатняга Морысана ад ня ў меру захопленых прыхільнікаў, ня сталі доўга высьвятляць, якую канкрэтна частку цела прадэманстраваў Джым. Пытаньне, ці падобны чэлес да пальца, таксама падалося ім ня вартым мастацтвазнаўчай дыскусіі. 2 сакавіка ўлады выдалі ордэр на арышт Морысана, ён быў арыштаваны за непрыстойныя паводзіны і адтранспартаваны ў пастарунак, адкуль выйшаў пад заклад на некалькі тысяч даляраў.

Праўда, злыя языкі кажуць, што публіка на тым канцэрце была не такая ўжо й захопленая, а Морысан больш балбатаў, чым сьпяваў. П’яны паэт, будучая гордасьць могілак Пэр-Ляшэз, вырашыў пагутарыць з прыхільнікамі пра нешта сваё, набалелае... І гэта замест таго, каб адбарабаніць знаёмыя ўсім гіты, выйсьці пару разоў на біс і спакойна паехаць у гатэль: калоцца, кідацца крэсламі і гадзіць на дываны, раздаючы інтэрвію — як гэта робяць нармальныя чалавечаскія рок-зоркі. Бясконцы задушэўны маналёг Морысана, поўны мацюгоў, вельмі хутка ўсім надакучыў. Урэшце мэляманы засумавалі і пачалі асьвістваць свайго куміра. І тады Морысан, навісшы над натоўпам, прамовіў абсалютна цьвярозым голасам нешта накшталт такога сьпічу:

«Вы ж прыйшлі сюды не для таго, каб паслухаць музыку, праўда?

І ўжо відавочна не дзеля таго, каб паслухаць добры гурт.

Вы чакаеце нечага такога, што раней ніколі ня бачылі.

Што б мне такога вам паказаць? А?

Мо чэлес? Хочаце?»

Вядома, яны хацелі.

Гэта сёньня паўтарыць учынак Морысана можа любы аматар, удзельнік школьнага ансамблю «The Шпінгалеты». Максымум, што яму пагражае як непаўналетняму — выключэньне з БРСМ да пачатку бульбянога сэзону і дзіцячы пакой міліцыі. А тады ўсё было па-даросламу. 1969. Прайшоў час, і вось дзякуючы мэнсанам і іншым рамштайнам любая дзея, што толькі можа адбывацца на сцэне, яшчэ да пачатку ўспрымаецца як нешта сярэдняе паміж пальцам і чэлесам, а сама сцэна даўно лічыцца прарэхам на джынсах. Існуюць адмысловыя міжнародныя арганізацыі, якія спэцыяльна сочаць за тым, каб ты мог свабодна паказваць на сцэне свой чэлес, гатовыя засудзіць любога праціўніка чэлесаў на сцэне ў спэцыяльных судах, і больш за тое: адна зь іх задач — матываваць творцаў часьцей паказваць чэлесы і іншыя часткі цела, не апраўдваючыся маладушна, што гэта быў усяго толькі палец — бо мастацтва мусіць быць вольнае, праўда?

This is the end: некалькі гадоў таму суд Флорыды наогул памілаваў, а насамрэч пасьмяротна апраўдаў грамадзяніна Морысана — бо ніхто ж ня можа быць арыштаваны за выкананьне прафэсійных абавязкаў. Дый, па цяперашніх часах, ну што ён такога і праўда зрабіў у тым Маямі, што не зрабіў бы на ягоным месцы сучасны музыка? Што мы, чэлесаў ня бачылі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG