Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раіса Міхайлоўская — «Рыцар у жаночым абліччы»

абноўлена

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

Узнагароду «Рыцар году» кіраўніцы «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру» Раісе Міхайлоўскай уручыла Марыя Адамовіч, жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты, палітычнага вязьня Міколы Статкевіча.

Праваабаронца, кіраўніца «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру» Раіса Міхайлоўская 22 лютага атрымала прэмію «Рыцар году». Гэтую ўзнагароду, якая носіць імя Юрыя Захаранкі, усталяваў грамадзкі рух «Абаронцы Айчыны». Раісу Міхайлоўскую адзначылі за «арганізацыю грамадзкай абароны затрыманых і асуджаных з палітычных меркаваньняў, а таксама за значны ўнёсак у захаваньне гістарычнай і юрыдычнай спадчыны беларусаў».

Згодна з традыцыяй ганаровую грамату «Рыцара году» Раісе Міхайлоўскай павінен быў уручаць мінулагодні намінант. Аднак зрабіць гэта сёньня было немагчыма. Апошні ляўрэат, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч — за кратамі. І таму ганаровы абавязак узяла на сябе ягоная жонка — Марына Адамовіч. Яна назвала Раісу Міхайлоўскую «сапраўдным рыцарам у жаночым абліччы»:

«Рая — летапісец, Рая — захавальнік. Яна захоўвае для гісторыі, для будучай нашай Беларусі факты, якія шмат каму хацелася, каб растварыліся ў часе і прасторы. І я думаю, што яе праца дачакаецца свайго часу, бо нічога не бывае дарэмна. Гэта вельмі сьціплая адзнака таго, што ёсьць такі чалавек, як Раіса Міхайлоўская. Раечка — сапраўдны рыцар у жаночым абліччы».
Марына Адамовіч уручае прэмію Раісе Міхайлоўскай
Марына Адамовіч уручае прэмію Раісе Міхайлоўскай

Павіншаваць новага ляўрэата прыйшоў былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў. Падчас апошняй кампаніі яна працавала ў ягоным выбарчым штабе:

«Гэта — правобраз таго работніка юстыцыі Беларусі, які павінен быць у будучым. Чаму? Тлумачу. Для яе перш за ўсё — закон. Прычым безадносна, да каго. Мы сядзім у штабе і нешта плянуем. І Рая кажа: хлопцы, гэта вельмі добра. Але так нельга. Чаму нельга? Бо не па законе. Вось такі падыход і ёсьць абсалютна прававы.

Чатыры радкі вершаў табе чытаю:

«Не хапае ў Беларусі рыса,
Ды і бульбы ўжо хапае ледзь.
Але ў Беларусі ёсьць Раіса,
Ёсьць на што прыехаць паглядзець».
Уладзімер Някляеў прысьвяціў Раісе Міхайлоўскай верш
Уладзімер Някляеў прысьвяціў Раісе Міхайлоўскай верш

Калі ж апошняй слова атрымала новая намінантка, дарэчы — першая жанчына за дзевяць гадоў існаваньня прэміі, яна казала пераважна не пра сябе. Раіса адзначыла найперш працу адвакатаў падчас судовых працэсаў Плошчы 2010 году. Яна згадала, што хоць гэтыя людзі і самі пацярпелі, але яны сваімі заявамі, сваімі паводзінамі, сваім майстэрствам падчас працэсаў зрабілі вельмі шмат для інфармаваньня грамадзтва. І, як лічыць намінантка, добрай справай было б выдаць кніжку зь іхнімі выступамі на судовых працэсах. Такое выданьне стала б «залатой кніжкай беларускай адвакатуры».

Алег Воўчак расказвае пра дзейнасьць грамадзкай арганізацыі імя Захаранкі
Алег Воўчак расказвае пра дзейнасьць грамадзкай арганізацыі імя Захаранкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG