Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У івацэвіцкай калёніі дазволілі часнык і цыбулю


Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў

Маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марына на гэтым тыдні мела ў калёніі кароткае спатканьне з сынам.

«Перад тым, як паехаць ў калёнію, я даведалася, што напярэдадні начальнік калёніі дазволіў перадаваць вязьням цыбулю і часнык. Відаць, гэтак у калёніі змагаюцца з магчымай эпідэміяй грыпу. Таму я вельмі задаволеная, што ўдалося зрабіць такую перадачу для сына», — кажа Марына Лобава. Ці шмат вязьняў калёніі хварэе на грып, Марыне невядома, але жанчына кажа, што перад Новым годам хворых было сапраўды шмат, таму цяперашнія захады адміністрацыі яна тлумачыць спробай прадухіліць падобныя масавыя захворваньні.

Пра сына Марына Лобава паведаміла, што ён трымаецца добра, ні на што ня скардзіўся. «Казаў, што парушэньні, з-за якіх нам двойчы адкладалі спатканьні, былі нязначныя і сур’ёзных наступстваў для яго ня мелі».

Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады за бойку зь мінакамі ў Менску. Інцыдэнт адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Эдуард Лобаў мяркуе, што гэта была правакацыя спэцслужбаў. Разам зь ім на лаву падсудных паводле гэтага ж абвінавачаньня сеў і старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які адбывае пакараньне ў гарадзенскай турме. Эдуарда Лобава трымаюць ў івацэвіцкай калёніі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG