Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэномэн Машэрава


Чаму камуністычны сакратар займае першыя радкі рэйтынгу выбітных гістарычных асобаў у незалежнай Беларусі?

Сёньня Пятру Машэраву спаўняецца 95 гадоў. Асобу аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў часы нямецкай акупацыі, доўгатэрміновага — 15 гадоў — кіраўніка Беларусі, і ягоную ролю ў грамадзкай сьвядомасьці — абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Вячаслаў Ракіцкі. Вядзе перадачу Сяргей Навумчык.



Фрагмэнт дыскусіі:

Навумчык
: У нас мелася быць і яшчэ адна ўдзельніца — Натальля Пятроўна Машэрава, дачка Машэрава, я прапанаваў ёй далучыцца да дыскусіі, але яна ўжо некалькі гадоў не дае інтэрвію і адмовілася ад удзелу ў перадачы. Гэта яе права. Можа быць, гэтая паўза ў пэрспэктыве кампэнсуецца кнігай пра бацьку. Безумоўна, Натальля Пятроўна валодае той інфармацыяй, якую ня ведае ніхто і якая, безумоўна, будзе цікавая.

Сярод ацэнак Машэрава можа быць і такая: кіраўнік савецкай Беларусі пэрыяду панаваньня камуністычнай сыстэмы, адзін з членаў вышэйшага кіраўніцтва злачыннай камуністычнай партыі.

Нібыта ўсё праўда ў такой формуле — сапраўды, на сумленьні гэтай партыі — мільёны ахвяраў у часы рэпрэсій. Але ёсьць прычыны, якія робяць такую ацэнку ня толькі схэматычнай, але і неаб’ектыўнай. І ня толькі таму, што камуністычны рэжым не асуджаны, не было судовага працэсу. Мне неаднаразова даводзілася чуць станоўчыя ацэнкі Машэрава ад людзей, якія далёка не ў захапленьні ад камуністычнай і савецкай сыстэмы. Рыхтуючыся да перадачы, я паглядзеў групы ў сацыяльных сетках, дзе піша моладзь (не старэйшая за 25 гадоў) і сярод тых, каго яны называюць выбітнымі асобамі Беларусі — Скарына, Каліноўскі, Быкаў, Машэраў.

Як спалучаецца ў грамадзкай сьвядомасьці — арганізатар паўстаньня супраць расейскай акупацыі Каліноўскі і кандыдат у члены брэжнеўскага палітбюро Машэраў?

Дракахруст: Калі казаць пра апытаньні сярод насельніцтва, дык там Машэраў проста на першых месцах. Вось нядаўняе апытаньне лябараторыі «Новак»: «Для Вас беларускі дзяяч — гэта хто?» — першае месца Скарына, другое — Машэраў. Цікавае апытаньне НІСЭПД, там Машэраў увогуле на першым месцы. І што цікава, што ў апытаньні ў сьпісе прапаноўваюцца сусьветна вядомыя постаці — такія як дэ Голь, Рузвэльт, Валэнса, Сталін, Гарбачоў — а Машэраў усё роўна першы. Гэта вось такі своеасаблівы нацыяналізм. На мой погляд, чаму Машэраў? Адно меркаваньне — гэта была сапраўды яркая, харызматычная постаць на такім бляклым тле партыйных лідэраў. Але мне здаецца, што сутнасьць больш глыбокая. Адзін францускі гісторык тлумачыў, чаму Карл Вялікі быў Вялікім? Таму што пры ім Эўропа зрабілася такой, якой цяпер ёсьць. Вось да яго гэта быў хаос каралеўстваў. А пасьля яго — ужо былі бачны Францыя, Нямеччына, Італія... Дык вось можна сказаць, што Машэрава памятаюць, таму што пры ім Беларусь стала такой, як сёньня — індустрыялізаванай, урбанізаванай, мадэрнізаванай, і гэта народ цэніць. Ну, у рэшце рэшт, ён, народ, вызначае, паводле чаго ён ацэньвае таго ці іншага лідэра.

Ракіцкі: Я згодны зь Юрам у ацэнцы Машэрава ў сувязі з тым, што Беларусь пры Машэраве стала індустрыяльнай. Але я ня веру, што моладзь аж так ведае і любіць Машэрава. Ужо маё пакаленьне ня вельмі ўслаўляе Машэрава і мы ніколі не аддзялялі асобу прывабнага камуністычнага лідэра ад самой камуністычнай партыі. Моладзь сучасная чула пра Машэрава ад бацькоў. Яны ня ведаюць, што там было. Яны чулі міт ад бацькоў, дзядоў. Тыя ім расказвалі, што вось жылі мы на вёсцы, замест заробку давалі нам працадні — «палачкі». Нарэшце ў Наваполацку збудавалі нафтаперапрацоўчы завод, збудавалі калійны камбінат у Салігорску, і гэтыя вясковыя людзі, якія былі па-сутнасьці рабамі, жабракамі, раптам трапілі ў горад, атрымалі месца ў інтэрнаце, пазьней кватэру, ім сталі плаціць рэальныя грошы. І яны ў гэтым горадзе здолелі купіць каўбасу і мяса. Вось гэты міт ад людзей, якім ужо 70 гадоў, яны расказвалі моладзі. А пры той сыстэме адукацыі, якая ёсьць у Беларусі, моладзі цяжка нешта ведаць пра дэ Голя, Рузвэльта, тых аддаленых герояў. І гэты міт пра прывабнага чалавека, які змагаўся, які вельмі сымпатычны, не надзімаўся, як астатнія камуністычныя лідэры, які ў рэшце рэшт іх дзядоў прывёў у горад і яны самі сталі гараджанамі — мне здаецца, што гэты міт пра Машэрава гэтым і тлумачыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG