Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавекам году ў Віцебску назвалі Любоў Кавалёву


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Гэтае званьне заснавана рэдакцыяй сайту «Народныя навіны Віцебску».

Пераможца вызначаецца паводле вынікаў онлайн-галасаваньня. За Любоў Кавалёву, якая змагаецца за добрае імя свайго сына Ўладзіслава, абвінавачанага за выбух у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году і расстралянага паводле рашэньня Вярхоўнага суду. Яна пратэстуе супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і патрабуе, каб урад Беларусі вярнуў ёй цела расстралянага сына, якога лічыць несправядліва асуджаным і бязьвінна пакараным.

Любоў Кавалёва ў змаганьні за жыцьцё Ўладзіслава прайшла ўсе магчымыя інстанцыі ў Беларусі, ня раз зьвярталася асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, патрабуючы аб’ектыўнага расьсьледаваньня крымінальнай справы, паводле якой расстралялі яе сына і яшчэ аднаго віцябляніна, Дзьмітрыя Канавалава.

Паводле заявы спадарыні Кавалёвай, Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што ў дачыненьні да яе сына былі парушаныя права на жыцьцё і абарону, прэзумпцыя невінаватасьці і справядлівага судовага разбору, права перагляду судовага рашэньня. Таксама Беларусь, паводле высноваў КПЧ ААН, парушыла шэраг палажэньняў Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Непамерная цана сплочана за гэтую вядомасьць. Лепей былі б жывыя нашы дзеці! Але мне вельмі прыемна, што мяне падтрымалі людзі, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні. Я лічу, што гэта мае аднадумцы, якія таксама, як і я, ня вераць у вінаватасьць хлопцаў. І якія лічаць, што справа павінна быць перагледжана. І што ў Беларусі трэба адмяніць сьмяротнае пакараньне як прыкмету дзікунства і патэнцыйную магчымасьць «схаваць канцы ў ваду», — сказала Любоў Кавалёва, даведаўшыся, што яе ўганаравалі званьнем «Чалавек году Віцебску-2012».

У сёлетнім галасаваньні ўзялі ўдзел 839 чалавек. За Любоў Кавалёву было аддадзена 293 галасы, і, такім чынам, яна набрала 35%. На другім месцы апынуўся вядомы віцебскі актывіст Сяргей Каваленка, які атрымаў 24% галасоў, паведамляюць «Народныя Навіны Віцебску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG