Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы, якія зьехалі на заробкі ў Расею, трапілі ў рабства

абноўлена

Карціна Рэпіна, "Бурлакі на Волзе"
Карціна Рэпіна, "Бурлакі на Волзе"

У Арэнбургскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі вызвалены беларус, які 12 гадоў правёў у рабстве на рыбнай фэрме.

Яго вызваленьню спрыялі прадстаўнікі расейскага маладзёвага руху «Альтэрнатыва». Як паведаміла БелаПАН актывістка руху Вольга Каровіна, жыхар Гомельскай вобласьці Мікалай (яго прозьвішча пакуль не называецца з мэтай бясьпекі) зьехаў на заробкі ў Арэнбург яшчэ ў 2001 годзе. Пра гэта «Альтэрнатыва» даведалася ад беларускага пошукава-ратавальнага атраду «Анёл», куды зьвярнуўся пляменьнік Мікалая.

Паводле словаў пляменьніка, першая вестка ад яго дзядзькі прыйшла ў 2005 годзе — ён даслаў маці тэлеграму, у якой гаварылася: будзем жывыя — пабачымся, і пакінуў адрас у Арэнбургскай вобласьці. Сваякі зьвярталіся па гэтым адрасе, але адказу не было. У выніку ў 2011 годзе Мікалай быў прызнаны памерлым аддзелам ЗАГС аднаго з раённых цэнтраў Гомельскай вобласьці.

Некалькі дзён таму зьніклы зноў звязаўся са сваёй сям’ёй пры дапамозе знаёмага жыхара Арэнбургу. Той, паводле словаў Вольгі Каровінай, расказаў, што ў беларуса адабралі дакумэнты, яго трымаюць у рабскіх умовах і прымушаюць выгадоўваць на возеры рыбу для нейкага палкоўніка МУС Расеі. Мікалай неаднаразова спрабаваў бегчы, але, паколькі ён ня меў дакумэнтаў, яго штораз вярталі да палкоўніка.

Актывісты руху «Альтэрнатыва» зьвярнуліся да сэнатара ад Кіраўскай вобласьці РФ Сьвятланы Журавай з просьбай дапамагчы ў гэтым пытаньні, і тая абяцала спрыяньне. У выніку гэтых намаганьняў 8 лютага беларуса атрымалася вызваліць. Падрабязнасьці вызваленьня і месцазнаходжаньне Мікалая актывісты «Альтэрнатывы» пакуль не выдаюць, баючыся перасьледу з боку тых, хто сілком яго ўтрымліваў.

Стала таксама вядома, што 7 лютага актывістам руху «Альтэрнатыва» ўдалося вызваліць у Дагестане беларуса, які лічыўся ў вышуку. Яго прымушалі прымусова працаваць на цагельні ў пасёлку Калінаўка, каля Кізьляра (Рэспубліка Дагестан).

З «Альтэрнатывай» зьвязалася сястра зьніклага. Яна расказала, што брат зьехаў на заробкі ў Маскву, аднак празь нейкі час патэлефанаваў і паведаміў, што знаходзіцца ў Дагестане. Дакумэнты ў яго адабралі, заработную плату не выплачваюць. Мужчыну вызвалілі. У МУС Дагестану паабяцалі разабрацца ў сытуацыі і вярнуць грамадзяніну Беларусі дакумэнты.

Нагадаем, у студзені гэтага году актывісты руху «Альтэрнатыва» ў выніку сумеснага рэйду з супрацоўнікамі паліцыі Дагестану вызвалілі дзевяць чалавек, у тым ліку пяцёх грамадзянаў Беларусі, якіх прымушалі працаваць на цагельні паблізу Махачкалы. Пасьля ім вярнулі дакумэнты і грошы, заробленыя за сем-дзевяць месяцаў працы на заводзе.


На актывістаў пачаўся ціск з боку ўладаў


У дачыненьні да актывістаў расейскага моладзевага руху «Альтэрнатыва», якія вызвалілі беларуса, які 12 гадоў знаходзіўся ў рабстве ў былога палкоўніка МУС, пачаўся перасьлед з боку уладаў.

Пра гэта паведаміў БелаПАН лідэр беларускага пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» Сяргей Коўган.

Паводле яго словаў, расейская паліцыя шукае людзей, якія дапамаглі беларусу вызваліцца з рабства. На дадзены момант сытуацыя ўскладняецца тым, што валянтэры ня могуць атрымаць дапамогу ці проста зьвязацца зь беларускім пасольствам, а сам вызвалены беларус ня мае дакумэнтаў, акрамя пасьведчаньня, што ён прызнаны памерлым. Цяпер Мікалай знаходзіцца ў адносна бясьпечным месцы, але да аднаго з валянтэраў ўжо прыходзіла паліцыя. Па словах актывістаў, былы палкоўнік МУС, на рыбнай фэрме у якога і працаваў беларус, «мае пэўныя сувязі і ня хоча агалошваньня гэтай гісторыі, таму прадпрымае меры для таго, каб замяць сытуацыю».

У Мазыры, родным горадзе зьніклага, яго чакаюць маці, сястра, дачка, якія яго ня бачылі 12 гадоў.

«У нас ва ўсіх быў шок, і ня толькі ад таго, што ў наш час такое магчыма — рабства ў Расеі. Мы ўжо страцілі ўсялякую надзею ўбачыць яго жывым. Ці гэта жарт — 12 гадоў. Дачка яго ў шоку таксама, ёй ужо 32 гады. Цяпер чакаем вяртаньня яго на радзіму, але наколькі я ведаю, там шмат праблемаў», — паведаміў БелаПАН пляменьнік вызваленага беларуса Аляксандар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG