Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой іхнага часу


Гадоў дзесяць таму была папулярная такая кампутарная гульня — у «герояў». Герой мусіў умацоўваць свой замак, клапаціцца пра рост насельніцтва, зьбіраць «артэфакты», выконваць розныя місіі і, як водзіцца, назапашваць пры гэтым веды і інтэлект. Ну і, вядома, перамагаць іншых герояў. Гулец мог абраць аблічча монстра, а мог і чалавека — на жаданьне. Незалежна ад выбару ён заставаўся героем — такія былі правілы. Пакуль яго не перамагалі «чужыя» — або іншы герой.

Камуністычны кіраўнік Беларусі Пётр Машэраў быў чалавекам і героем. Прычым героем нават двойчы (у згаданай гульні таксама існавала такая магчымасьць). 10 лютага 1978 года ён, герой Савецкага Саюзу, быў узнагароджаны яшчэ і ганаровым званьнем героя сацыялістычнай працы. То бок, завалодаў яшчэ адным «артэфактам». І сапраўды, у апісаньні гэтага дзіўнага тытулу ёсьць нешта ад фэнтэзійных кампутарных гульняў: ён прысуджаецца за «рост магутнасьці і славы». Слава — 100 з 100 магчымых, магутнасьць — 90, віртуальнае золата, чароўнае срэбра, «Герой М. пабудаваў Вежу, ужыў Маланку Перамогі, падвоіў колькасьць хімэраў і паклікаў абсыдыянавых гаргульляў».

Моц ягоная ў канцы сямідзясятых наблізілася амаль да максымуму. У ягоным арсэнале былі меч Стабільнасьці, Боты Ільлі Мурамца (пазычаныя) і промні Спакою. Ягоны замак, арандаваны прафсаюзам герояў, квітнеў на зайздрасьць суседзкім монстрам. Пры ім Беларусь дасягнула такога ўзроўню эканамічнага разьвіцьця — вядома, па савецкіх, «гераічных» мерках — што сюды хацелі на пэнсію ўсе героі, нават тыя, хто ня меў уласнага замку. Машэраўскую Беларусь выбіралі людзі, якія хацелі жыць ціха, далей ад «чучмекаў», на выгодна-блізкай адлегласьці ад «лабусаў» і каб пры гэтым недалёка ад матушкі-Расеі. Машэраў — пры ўсёй розніцы статусаў, сьветапоглядаў і магчымасьцяў — больш за ўсё нагадвае такога сабе беларускага Янаша Кадара. Часы ўладараньня якога, чаго ўжо тут крывіць душой, большасьць мадзяраў цяпер прыгадвае зь нечаканай для саміх сябе калярыфэрнай цеплынёй. Было што паесьці, было дзе жыць, было дзе працаваць, было дзе і чаго выпіць пасьля работы. Гуляш кожны дзень. Мірны, сьветлы, спакойны час. А сакрэтная паліцыя — што тут сакрэтнага, яна як вар’ят зь сякерай, не чапай — не зачэпіць... Проста ня трэба хадзіць пасьля адзінаццаці там, дзе ня трэба. Курчыць зь сябе невядома што, калі ты — звычайны гоблін. Народжаны любіць свайго героя. Магутнага, слаўнага і такога чалавечнага-чалавечнага.

Як жа ж мала трэба ўладзе, каб яе любілі. Усяго толькі абраць чалавечае аблічча і адмовіцца ад аблічча монстра. Ня біць халопаў бізуном па пысе, гаварыць «чалавечаскім языком» і ня піць кроў у пост — джэнтэльмэнскі набор начальніка новай фармацыі. І ўсё: шчырыя сьлёзы ўдзячнага народу забясьпечаныя. Машэраў, гэты «камуністы з-пад Расонаў» (насамрэч трохі далей — з-пад Сянна), быў чалавекам, былым партызанскім камандзірам і на званьне героя-монстра не прэтэндаваў. Меў прыгожую легенду пра продка-француза. Будаваў замак для сваіх гаспадароў. Расчышчаў завалы: ну хто б мог падумаць, што зьнішчэньне нейкіх там беларускіх балотаў пазьней назавуць экалягічнай катастрофай. Тады і словаў такіх не было — хіба толькі ў Маскве, загады якой герой сацыялістычнай працы заўсёды выконваў, інакш не пратрымаўся б і дня ў магутных начальніках. Пры ім зьнікла Няміга, масава зачыняліся беларускія школы, выбіваўся ў мовы зэдлік з-пад ног — і пры гэтым ён, кажуць, так ужо любіў інтэлігенцыю, што яна дагэтуль почасту ўспамінае свайго героя з удзячнасьцю. У яго і ўсьмешка была чалавечая, добрая — зусім не падобная да ілжывай і падступнай сталінскай — калі б ня гэтая недарэчная сёньня чырвоная зорачка, якая лунае над імі абодвума, чамусьці ніяк не ператвараючыся ў німб, і пра якую большасьць так хацела б проста забыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG