Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія»: Празь Вільню лётаюць тыя, хто хавае прыбыткі


Ігар Чаргінец.
Ігар Чаргінец.

«А ад лоўкоставых кампаніяў да нас не паступала ніякіх заяваў. Яны сюды ня хочуць», — кажа намесьнік генэральнага дырэктара па маркетынгу «Белавія» Ігар Чаргінец.

Пасажыры часам скардзяцца на якасьць паслугаў нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» — маўляў, стуардэсы няветлівыя, квіткі дарагія, аэрапорт у Менску некамфортны і ўвогуле нашмат зручней і таньней лётаць зь Вільні ці Коўна. Пацьвярджэньне гэтаму: цягнікі Менск — Вільня штодня перапоўненыя беларусамі, якія дабіраюцца да віленскага аэрапорту, каб адтуль пачаць сваё падарожжа па сьвеце. Такіх пасажыраў 240-250 чалавек штодзень. Кіраўніцтва «Белавія» некаторыя прэтэнзіі на свой адрас прызнае, але лічыць, што сваім задачам дае рады.

10% пасажыраў віленскага аэрапорту — беларусы. Такую лічбу даведаўся менскі інтэрнэт-часопіс Сіцідог ад кіраўніка Дэпартамэнту авіясэрвісу Эдвінаса Левашкявічуса. Такім чынам, за мінулы год прыблізна 220 тысяч нашых суайчыньнікаў выляталі зь Вільні, і на адным віленскім аэрапорце «Белавія» страчвае амаль пятую частку сваіх патэнцыйных кліентаў. За мінулы год, як сьведчыць справаздача авіякампаніі, яна перавезла каля 1 мільёна 300 тысяч чалавек.

А лоўкосты — танныя авіякампаніі, якія так палюбіліся беларусам — ёсьць і ў іншых блізкіх нам гарадах — Коўне, Кіеве і Варшаве.

Студэнты і злачынцы?


Ігар Чаргінец, намесьнік генэральнага дырэктара па маркетынгу «Белавія», праблему прызнае, але кажа, што празь Вільню лётаюць студэнты, бо там танна і ў іх няма багажу. А таксама тыя, хто ня хоча «сьвяціць» перад дзяржавай свае дарагія падарожжы, а можа, нават і ня плаціць падаткаў:

«Шэраг грамадзянаў, якія не зусім сумленна плацяць падаткі, хаваюць свае прыбыткі. Яны езьдзяць у любым выпадку празь Літву. Таму што тут яны баяцца засьвяціць, што яны паляцелі ў Лёндан пагуляць, у Мілян, Амстэрдам і так далей. Робяць выгляд, што яны едуць у Літву. Прабачце, на нас гэта, канечне, адбіваецца, але пытаньне не да нас, а да праваахоўных органаў, падатковай сыстэмы і да ўсёй дзяржавы».

На пытаньне, ці могуць у Беларусь прыйсьці танныя авіякампаніі кшталту «Візэйра», «Ізіджэта» ці «Райанэйра», якія даўно лётаюць з суседніх краінаў, Ігар Чаргінец кажа, што яны сюды самі ня хочуць. Маўляў, ніводнай заяўкі ад такіх авіякампаніяў не паступала.

Паводле Ігара Чаргінца, «Белавія» рухаецца ў бок «гібрыднай авіакампаніі» — хоча ажыцьцяўляць традыцыйныя камэрцыйныя рэйсы, але і прапаноўваць больш танныя квіткі.

Прайграе «Белавія» і колькасьцю ды частатою напрамкаў. У мінулым годзе зьявіліся толькі два новыя рэйсы — у Навасібірск і Барсэлёну. А ў гэтым годзе зьбіраюцца лётаць яшчэ ў Самару і Кутаісі.

За мінулы год барты нацыянальнага перавозчыка былі запоўненыя толькі на 70 працэнтаў. Аднак мяркуючы па словах Ігара Чаргінца, чакаць зьяўленьня лоўкостаў у менскім аэрапорце давядзецца яшчэ доўга.

Ці прададуць «Белавія» расейцам?


На працягу мінулага году «Белавія» літаральна вяла вайну зь расейскім «Аэрофлотом». Ня здолеўшы дамовіцца пра колькасьць пералётаў, кампаніі нават адмянялі рэйсы. А «Аэрофлот» у пэўны момант увогуле забараніў «Белавія» лётаць у рэгіёны Расеі. Урэшце канфлікт быў вычарпаны, але ўзьняліся размовы пра продаж «Белавія». Прычым нібыта менавіта «Аэрофлоту».

Магутнасьці дзьвюх нацыянальных авіякампаній немагчыма параўнаць. Расейская на працягу некалькі гадоў мае дзяржаўную падтрымку ад 300 да 600 мільёнаў даляраў у год, паведамляе агенцтва Regnum. Аляксандр Лукашэнка хаця і працягнуў дзяржаўную падтрымку «Белавія» да 2015 году, аднак яна абмяжоўваецца тым, што кампанія ня плаціць падатак на даданую вартасьць, калі яна ўвозіць у Беларусь самалёты. А такіх «Белавія» ў мінулым годзе набыла толькі два — Embraer 175 прыляцелі да нас з Бразіліі.

У лістападзе Аляксандр Лукашэнка выступіў супраць продажу «Белавія» расейскім авіякампаніям. «Мы хочам супрацоўнічаць на ўзаемавыгаднай аснове. Але вы (расейскі бок — рэд.) кажаце: „Мы вас прыватызуем за капейкі. А што ж будзе далей?“. Так казаў беларускі кіраўнік на прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ.

Кіраўніцтва „Белавія“ заяўляе, што ўвесь наступны год яны будуць займацца рэбрэндынгам — распрацоўваць новы лягатып, праводзіць рэклямную кампанію і агулам працаваць на зьмену іміджу. Авіякампанія мае статус нацыянальнай і досыць актыўна карыстаецца беларускай мовай.

Кіраўнік службы маркетынгу Ян Мацур кажа, што нацыянальная мова будзе асноўным кампанэнтам будучага рэбрэндынгу, хоць падрабязнасьцяў пакуль ня
Ян Мацур
Ян Мацур
ведае. Маўляў, яны нават ня маюць ані найменшага ўяўленьня, што рабіць са сваім брэндам. Ведаюць толькі, што яго трэба асучасьніць. А вось калі нядаўна зьявілася абвестка пра тое, што для „Белавія“ трэба новыя супрацоўнікі зь веданьнем расейскай і іншых моваў, беларускай там не было. А чаму? — пытаемся мы ў Яна Мацура. „Мы ўспрымаем сытуацыю такім чынам, што беларуская мова — гэта мова тытульнай нацыі, і яны, натуральна, яе ведаюць. Таму ангельскую мову і расейскую як другую дзяржаўную мы сапраўды патрабуем. А веданьне беларускай мовы ў нас па змоўчаньні. Дзіўна б гучала патрабаваць веданьня роднай мовы“.

Ці вытрымае нацыянальная авіякампанія ціск з боку мацнейшых расейскіх авіяперавозчыкаў, ці не збанкрутуе, як літоўская нацыянальная авіякампанія » FlyLAL" ці ўкраінскі «Аэрасьвіт»?

Каб не дапусьціць банкруцтва, дзяржава ўсё ж можа прадаць «Белавія», напрыклад, таму ж расейскаму «Аэрафлёту». Пра такую магчымасьць летась казаў тагачасны міністар транспарту Іван Шчэрба. Ці захаваецца там у такім выпадку беларуская мова — прадказаць немагчыма. Пакуль што, кажа Ігар Чаргінец, ніякіх дзеяньняў, каб прыватызаваць «Белавія», не прадпрымаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG