Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах памянуць ахвяраў сталінізму


29 студзеня ва ўрочышчы Курапаты адбудзецца памінаньне ахвяраў сталінізму. Пачатак — а 17-й гадзіне.

Акцыі памінаньня праходзяць штомесяц 29-га дня — у памяць масавага расстрэлу беларускай інтэлігенцыі 29 кастрычніка 1937 году.

«Сёньня адбудзецца традыцыйнае ўшанаваньне расстраляных у Курапатах, якое мы ладзім штомесяц з той нагоды, што 29 кастрычніка 1937 году адбыўся першы масавы расстрэл прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі. Пакуль гэтая дата не прызнаная афіцыйным днём ушанаваньня ахвяраў таталітарных рэжымаў, людзі маюць магчымасьць выказаць сваю павагу, прыйшоўшы у Курапаты, памаліўшыся і запаліўшы сьвечкі ў памяць пра рэпрэсаваных», — заявіла Свабодзе адна з арганізатарак акцыі Ганна Шапуцька.

«Вядома, таксама пацікавімся і сытуацыяй з „Бульбаш-холам“, калі будзем ў Курапатах. Хаця асаблівых навінаў тут няма, мы ведаем, што нешта адбываецца ў кабінетах чыноўнікаў, нешта яны там вырашаюць. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі Менгарвыканкаму, таксама плянуем падрыхтаваць зварот да міністра культуры», — дадала Шапуцька.


Даведка Свабоды:

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.


View Курапаты in a larger map
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG