Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве вызначылі чалавека і падзею году


Аляксандр Сілкоў (леваруч) уручае грамату пераможцы ў намінацыі «Падзея году» дырэктару Музэю гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову
Аляксандр Сілкоў (леваруч) уручае грамату пераможцы ў намінацыі «Падзея году» дырэктару Музэю гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову

28 студзеня ў Магілёве на ўрачыстасьці, прымеркаванай да гадавіны наданьня гораду Магдэбурскага права (1577), суполка «Магілёўскі магістрат» назвала пераможцаў дзьвюх сваіх намінацыяў: «Чалавек году» і «Падзея году».

«Чалавекам 2012 году», паводле суполкаўцаў, стаў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. «Падзеяй году» названы выкуп музэем гісторыі Магілёва старадруку «Статут Вялікага Княства Літоўскага».

Пераможцам уручылі граматы і прэзэнты ад грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі». Для ўдзельнікаў урачыстасьці сьпяваў Зьміцер Вайцюшкевіч.

Адзін з актывістаў «Магілёўскага магістрата» Аляксандр Сілкоў у інтэрвію «Свабодзе» зазначыў, што імёны прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыях спачатку прапанавалі жыхары гораду ў сваіх допісах на сайт суполкі:

«У грамадзянскую ініцыятыву «Магілёўскі магістрат» уваходзяць блізу трыццаці чалавек з розных палітычных, грамадзкіх арганізацыяў, а таксама вядомыя ў горадзе людзі. Пасьля таго, як нам даслалі прапановы на паседжаньні «Магістрату», яго сябры вызначылі пераможцаў галасаваньнем. Калі ў намінацыі «Чалавек году» былі прапановы зь некалькіх імёнаў, то пераможца для «Падзеі году» быў адзін — выкуп «Статута Вялікага Княства Літоўскага».

Барыс Бухель
Барыс Бухель
Як было заяўлена на ўрачыстасьці, дзейнасьць праваабаронцы Барыса Бухеля не настолькі публічна заўважаная, але надзвычай неабходная для грамадзтва і людзей. Сам жа праваабаронца зазначыў, што ён займаецца праваабарончай дзейнасьцю паводле сваіх перакананьняў:

«Беларусь можа і павінна быць пасьпяховай дзяржавай», — заявіў на ўрачыстасьці Барыс Бухель.

Што да перамогі ў намінацыі «Чалавек», то, паводле спадара Бухеля, яна перадусім заслуга магілёўскай каманды праваабаронцаў.

Грамату і прэзэнты для пераможцы ў намінацыі «Падзея году» прыняў дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

«Мы не імкнёмся да папулярнасьці. Галоўнае, каб нашай справе гэта не перашкаджала. Для нас важна, што грамадзкасьць прызнала „Падзеяй году“ выкуп Статута, які быў ініцыяваны і зьдзейсьнены грамадзкасьцю на вялікі і вялікі працэнт. У гэтым я бачу галоўны сэнс узнагароды», — зазначыў «Свабодзе» Аляксей Бацюкоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG