Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя ў Эгіпце адмовілася ад дыялёгу з прэзыдэнтам


У Каіры працягваюцца сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, ня гледзячы на абвешчанае прэзыдэнтам Мухамадам Мурсі надзвычайнае становішча ў трох іншых буйных гарадох.

У панядзелак раніцай паліцыянты ўжылі сьлезацечны газ пасьля таго, як моладзь пачала іх закідваць камянямі недалёка ад сталічнай плошчы Тахрыр. Адзін чалавек быў забіты. Вострыя сутыкненьні ў Эгіпце працягваюцца пяты дзень запар.

У нядзелю ўвечары прэзыдэнт Мухамад Мурсі ўвёў надзвычайнае становішча на 30 дзён у трох гарадох — Порт-Саідзе, Суэцы, Ізмаіліі і навакольных правінцыях. Гэтыя правінцыі найбольш пацярпелі ад непарадкаў у апошнія выходныя, у выніку якіх загінулі больш за 50 чалавек. Гвалт успыхнуў пасьля таго, як суд зацьвердзіў сьмяротны прысуд футбольным фанатам за крывавыя падзеі ў Порт-Саідзе летась.

Найбольш уплывовая эгіпецкая апазыцыйная кааліцыя — Фронт нацыянальнага выратаваньня — адмовілася прыняць прапанову прэзыдэнта Мухамада Мурсі аб пачатку дыялёгу. Пра гэта заявіў у панядзелак адзін зь лідэраў руху Махамед Барадэй. Пры гэтым ён назваў умовы, якія апазыцыя вылучае для пачатку такога дыялёгу. Паводле словаў Барадэя, прэзыдэнт павінен сфармаваць кааліцыйны ўрад нацыянальнага адзінства, а таксама ўтварыць камісію для зьмены канстытуцыі, ухваленай у сьнежні летась на рэфэрэндуме.

У нядзелю прэзыдэнт Мурсі зьвярнуўся да ўсіх палітычных сілаў краіны з заклікам прыняць удзел у дыялёгу дзеля "дасягненьні стабільнасьці і бясьпекі’’.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG