Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці «дагестанскіх рабоў»: Касьцьмі лягу, але не пушчу

абноўлена

Грамадзяне Беларусі вызваленыя з дагестанскага рабства. Пра гэта Свабодзе паведаміў камандзір пошукава-выратавальнага атраду «Анёл» Сяргей Коўган.

Ён распавёў, што чацьвёра беларусаў трапілі ў рабства ў жніўні мінулага году. Цяпер ідзе падрыхтоўка да вяртаньня іх на радзіму. Сяргей Коўган пакуль не называе прозьвішчы вызваленых:

«Яны жывыя і самастойна рухаюцца. Сёньня яны павінны выехаць з Дагестану, дарога зойме не адзін дзень. Яны вызвалены і наша задача была дапамагчы ім зь білетамі».

Як распавялі пацярпелыя, уладальнікі цагельнага заводу, дзе яны працавалі, не выплачвалі ім заробак, прымушалі працаваць па 12 гадзін у суткі, паведамляе сайт kupiraba.ru. Завод знаходзіцца непадалёк ад сяла Краснаймерск каля Махачкалы.

Рабоў вызвалілі 23 студзеня падчас сумеснага рэйду актывістаў расейскага моладзевага руху «Альтэрнатыва» і прадстаўнікоў МУС Дагестана.

Людміла Алешчанка зь Віцебску сказала карэспандэнту «Свабоды», што сярод вызваленых — двое яе сыноў, Андрэй і Ўладзімер. Яна распавяла, што сыны паехалі 21 ліпеня мінулага году ў Маскву на заробкі па аб’яве ў газэце «Работа для вас». Але потым перасталі тэлефанаваць.

«Прыкладна ў канцы жніўня ці пачатку верасьня тэлефануе мне адна жанчына і кажа, што яна тэлефануе на іх просьбу і што іх павезьлі на Дагестан. Яна яшчэ мне сказала, што вельмі просіць, каб я іх знайшла. Яна пасьпела іх яшчэ пакарміць, яны былі такія няшчасныя, паўгалодныя, зарослыя. Я ж перанесла інсульт ад такога паведамленьня. Я цяпер у вельмі цяжкім стане, слабею. Магчыма, з-за перажываньня за іх. У мяне пэнсія 1 мільён 300 тысяч, я не магу іх утрымліваць, і яны паехалі ў Маскву. А потым у іх блізарукасьць, і яны з-за гэтага нідзе не маглі знайсьці працу ў Беларусі, у Віцебску, бо іх бракавала акуліст. Паехалі ў летнім адзеньні, ні зімовага, нічога. Мне іхняя дапамога вельмі патрэбная. Мне хацелася б толькі іх убачыць, больш нічога».

Два дні таму Людміла Алешчанка пагутарыла з вызваленым з рабства сынам. Прадстаўнік руху «Альтэрнатыва» сказаў жанчыне, што сынам дапамогуць даехаць да Масквы. А потым трэба даслаць мільён рублёў на квіткі да Менску. Ці пусьціла б яна зноў сваіх дзяцей на заробкі ў Расею?

«Не, ніколі ў жыцьці. Толькі праз мой труп яны туды паедуць. Больш я іх не пусьціла б туды ні за што. У мяне апроч іх нікога няма, муж памёр два гады таму. Увесь час праблемы з Масквой. Ня трэба туды. Знаходзяць такіх дурашлёпаў, абманваюць, заманьваюць. Як гэта ехаць у Маскву, што там такое творыцца? У рабства людзей аддаюць. Няўжо мы дажылі да такога часу, каб жывых людзей бралі ў рабства? Яны такія слабыя ў мяне, ці вынесьлі б яны тое рабства? Напішыце, каб іншым туды не было панадна ехаць. Каб яны ня ехалі, не лавіліся. Ловяць вось такіх дурачкоў. Бачыце, абяцалі на два тыдні, а тут вось такое здарылася. Я ўжо наагул лічыла, што прапалі, я ўжо не спадзявалася, што пачую іх голас. Вельмі спадзяюся, што яны прыедуць дадому. І надалей я іх нікуды не пушчу, я касьцьмі лягу, але не пушчу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG