Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі прэм’ер абяцае рэфэрэндум пра выхад з Эўразьвязу


Дэйвід Кэмэран
Дэйвід Кэмэран

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран паабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт сяброўства краіны ў Эўразьвязе, калі яго Кансэрватыўная партыя зноў пераможа на наступных выбарах.

Такі плян Кэмэран прапанаваў у сваім выступе ў рэзыдэнцыі кіраўніка ўраду ў Лёндане на Даўнінг стрыт, 10. Дакладная дата рэфэрэндуму невядомая, аднак мяркуецца, што ён мог бы адбыцца на працягу двух гадоў пасьля парляменцкіх выбараў 2015 году. Паводле Кэмэрана, ЭЗ рухаецца да такога ўзроўню палітычнай інтэграцыі, які пагражае Вялікабрытаніі. Кэмэран таксама выступіў у падтрымку новага пагадненьня ў межах ЭЗ, якое б вярнула частку паўнамоцтваў нацыянальным урадам. Пры гэтым цяперашні ўдзел Вялікабрытаніі ў эўрапейскай інтэграцыі і так досыць абмежаваны: краіна не далучылася ні да Шэнгенскага пагадненьня, ні да зоны эўра. Кэмэран лічыць, што калі спробы Эўразьвязу у змаганьні з праблемамі будуць безпасьпяховымі, Брытанія мае права выхаду.

Кансэрватыўная партыя Кэмэрана зьбіраецца ўключыць у сваю перадвыбарную праграму просьбу да брытанскага народу даць ураду кансэрватараў мандат для абмеркаваньня новага пагадненьня з эўрапейскімі партнэрамі. Пасьля таго, як пагадненьне паміж Лёнданам і Брусэлем будзе дасягнутае, самі брытанцы павінны вырашыць, ухваляць яны яго або адвергнуць. «Аднак гэта білет у адзін бок», — папярэджвае Кэмэран.

Лідэры ліберал-дэмакратычнай партыі, якая таксама ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, лічаць, што перагляд сяброўства Брытаніі ў Эўразьвязе прывядзе да няпэўнасьці і стрымае паток замежных інвэстыцый. Лідэр лейбарыстаў Эд Мілібэнд заявіў, што падыход Кэмэрана дыктуецца не нацыянальнымі, але партыйнымі інтарэсамі. Дарэчы, яшчэ ў дакрызысную эру Эўразьвязу старэйшы брат Эда, міністр замежных спраў краіны Дэйвід Мілібэнд выступаў за пашырэньне саюзу, у тым ліку праз далучэньне Турцыі і Ўкраіны. Яшчэ пару гадоў таму палітычная эліта краіны выказвала думку, што Брытанія здольная справіцца з пашырэньнем і зьменамі Эўразьвязу і што для сваіх рэформаў той патрабуе Брытанію.

Рэагуючы на агалошаную сёньня ініцыятыву Кэмэрана, нямецкі міністр замежных спраў Гіда Вестэрвеле адзначыў, што брытанская пазыцыя «здыманьня вяршкоў» ня самая аптымальная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG