Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясковы хлопец Лукашэнка эканоміць на самалётах»


Як расейскія тэлеканалы і беларускія мэдыі рэагавалі на адказы кіраўніка Беларусі на пытаньні карэспандэнта Свабоды падчас прэс-канфэрэнцыі 15 студзеня?

«Лукашэнка адзначыў, што будзе заставацца ва ўладзе столькі, колькі яму дазволіць здароўе. Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ён прапанаваў журналісту сваю пасаду, калі той абгоніць яго на лыжах», — паведамляе тэлеканал НТВ у сваім рэпартажы «Лукашэнка распавёў, калі сыйдзе».

«Кіраўнік дзяржавы расказаў, як удала зэканоміў на куплі патрыманага самалёта, які быў набыты ў Туркмэніі. На паветраным судне, кошт якога склаў менш за 100 млн даляраў, ёсьць туалет і душ, а вось залатых шторак, на жаль Аляксандра Рыгоравіча, няма», — адзначае тэлеканал НТВ у сюжэце «Вясковы хлопец Лукашэнка эканоміць на самалётах». «Лукашэнка саступіць прэзыдэнцкае крэсла таму, хто абгоніць яго на лыжах або каньках» пад такім назовам выйшаў сюжэт у праграме «Вести» на тэлеканале «Россия».




«Між тым, у 2014 годзе споўніцца 20 гадоў з таго часу, як сам Лукашэнка ўзначаліў Беларусь. І працягласьць яго праўленьня нярэдка становіцца падставай для іранічных камэнтароў з боку журналістаў, блёгераў і замежных палітыкаў», — адзначае тэлеканал. «Можна меркаваць, што Аляксандар Лукашэнка быў не зусім задаволены супрацоўнікамі СМІ. У прыватнасьці, яго, падобна, не парадавалі карэспандэнты Радыё Свабода. „Якія вы там злыя людзі“, — наракаў ён, зьвяртаючыся да прадстаўніка радыёстанцыі», адзначае праграма «Вести». «Прэзыдэнт Беларусі заявіў, што гатовы перасесьці на ровар або нават хадзіць пешшу», называецца рэпартаж Першага расейскага тэлеканалу.



«Паводле прэзыдэнта Беларусі, ён нават гатовы хадзіць пешшу, але тады ўсім грамадзянам краіны будзе, па яго словах, „сорамна і крыўдна“, бо добрая машына яму прызначана паводле статусу гэтак жа, як і некалькі прэзыдэнцкіх рэзыдэнцый».

Галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты «Советская Белоруссия» Павал Якубовіч у артыкуле «Пытаньні і адказы» піша: «Склалася ўражаньне, што некаторыя ўявілі сябе не журналістамі, а дзекабрыстамі, якія выйшлі на Сэнацкую плошчу, каб застацца ў Гісторыі».

У артыкуле «Як задаваць пытаньні Лукашэнку. Школа выжываньня» на сайце mediakritika.by палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае: «Учэпіста дамагаўся адказаў на свае пытаньні, адхіляючы спробы зьбіць з панталыку, той самы Алесь Дашчынскі. Ягоны напружаны, як бой на рапірах, дыялёг з Лукашэнкам доўжыўся каля 13 хвілін. Аднак у нейкі момант Алесь выпусьціў магчымасьць даціснуць суразмоўцу ў пытаньні пабудовы новай рэзыдэнцыі, не пасьпеўшы ўдакладніць, што гаворка ідзе пра аб’ект у сталіцы, і Лукашэнка перавёў размову на нейкія драўляныя дамкі ў аддаленых раёнах».

У артыкуле «Лукашэнка патлумачыў, як яго перамагчы» на сайце naviny.by гаворыцца: "На маштабнай прэс-канфэрэнцыі 15 студзеня ў Менску, азартна дыскутуючы з карэспандэнтам беларускай службы Радыё Свабода Алесем Дашчынскім, афіцыйны лідэр прапанаваў зладзіць лыжную гонку: "Бярэм дзесяць кіламэтраў, калі вы прыходзіце першым, вы заўтра будзеце прэзыдэнтам па здароўі". Такім чынам, палітычным апанэнтам Лукашэнкі застаецца знайсьці ў сваіх шэрагах мацнейшага лыжніка".

Поўнае відэа: Лукашэнка адказвае на пытаньне карэспандэнта Свабоды:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG