Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгортка кнігі, каштарыс, сталовая вада


Юрась Бушлякоў, Менск

У сёньняшняй “Жывой мове” адказы на пытаньні, дасланыя адным з нашых слухачоў. Павал зь Менску цiкавiцца, ці натуральныя ў беларускай мове спалучэньні разварот кнігі й сталовая вада, а таксама просіць праілюстраваць ужываньне слова каштарыс.

Разьбіраемся па парадку. Вядома, што кнігу або, скажам, сшытак мы разгортваем, а не разварочваем. Слова разварот у значэньні дзьвюх сумежных старонак бянтэжыць кожнага, хто аналізуе факты мовы. Чалавек спрабуе зразумець, пры чым жа тут разварот, калі мы нічога не разварочваем, іначай кажучы, нічога не развальваем, не раскідаем, не “замахваемся” на кніжку або часопіс. Усё часьцей замест хай сабе й фіксаванага слоўнікамі, але відавочна нелягічнага развароту ўжываюць у нас вытворны ад дзеяслова разгортваць назоўнік разгортка. Нарматыўныя слоўнікі разгортку, зрэшты, таксама фіксуюць, адно што ў іншых значэньнях – як разгорнутую на плоскасьці паверхню геамэтрычнай фігуры і як рысунак нейкага прадмета. Маўленчая практыка на нашых вачох выносіць разгортку за рамкі вузкаспэцыяльнага ўжываньня, і гэтае сыстэмнае слова памалу падціскае ў мове той разварот у яго небеларускім значэньні. Вось жа, заказваючы копію публікацыі, можам папрасіць скапіяваць нейкую колькасьць разгортак – скарыстаць назоўнік разгортка ў сэнсе дзьвюх сумежных старонак.

А зараз коратка адкажу на два другія пытаньні нашага слухача. Прыметнік сталовы – агульнаўжывальнае беларускае слова. Пры гаворцы пра тое, што ідзе на стол, прызначана для выкарыстаньня ў часе яды, бяз гэтага слова не абысьціся. Гаворым: сталовы прыбор, сталовая бялізна, сталовыя вада й віно.

Згодна з тлумачальным слоўнікам беларускай мовы, каштарыс, пра які пытаецца Павал зь Менску, – гэта фінансавы дакумэнт, дзе вызначаюцца меркаваныя выдаткі й прыбыткі. У сучасным маўленьні, праўда, слова каштарыс нярэдка ўжываюць у блізкім, але ўсё ж інакшым значэньні – калі маюць на думцы проста плян выдаткаў на нешта. Мы абрысоўваем кошты – складаем, робім тым самым, напрыклад, каштарыс будаўнічых работ, каштарыс будоўлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG