Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайсьцi мiма, лiчыць за абавязак, зьлiтавацца над намi


Юрась Бушлякоў, Менск

Разьбiраем па парадку. Найперш пра слова мiма. Яно – праславянскага паходжаньня, i доўгiя- доўгiя стагодзьдзi ўжываецца ў нашай мове. Вось, напрыклад, адна дужа старая цытата. “Людие не верують, але слово Божiе мимо ити не можеть”, – так у ХVI ст. пiсаў па-беларуску Сымон Будны. У сучаснай мове мiма – гэта i прыслоўе, i прыназоўнiк. Гаворым, напрыклад, што нехта прайшоў мiма або стрэлiў мiма. Тут мiма – прыслоўе, адказвае на пытаньне “як?”. Наш слухач прыводзiць у сваiм лiсьце сказ: “Прайсьцi мiма гурбы сьнегу”, – i ставiць пытаньне, цi на месцы тут слова мiма? На месцы. Праўда, мiма тут ужо – службовая часьцiна мовы, прыназоўнiк. Памятайма толькi, што гэты прыназоўнiк мае ў мове сынонiмы, найперш слова паўз. Вось жа, можам сказаць, што прайшлi мiма гурбы, або паўз гурбу, або проста каля гурбы, можа, побач цi поруч з гурбаю.

Другое пытаньне Паўла зь Менску пра тое, якую канструкцыю ўжываць пры дзеяслове лiчыць, калi гэты дзеяслоў мае значэньне ‘ўспрымаць, расцэньваць нейкiм чынам некага або нешта’: лiчыць спэцыялiстам цi лiчыць за спэцыялiста? У сучасным лiтаратурным маўленьнi, вiдавочна, дамiнуе канструкцыя без прыназоўнiка: лiчыць добрым, лiчыць вартым увагi, лiчыць спэцыялiстам. Нiхто фактычна ня ставiць сёньня пад сумнеў нарматыўнасьцi такiх формаў. Разам з тым, зважаючы на гiстарычныя факты, на факты аўтэнтычнага беларускага маўленьня, нельга iгнараваць канструкцыi з прыназоўнiкам за. У сярэдзiне 1920-ых Язэп Лёсiк зьвяртаў увагу, што “пабеларуску лепш сказаць: “Лiчу за свой абавязак”, а не “сваiм абавязкам”. Сёньня варта пра гэта ведаць i не забывацца на арыгiнальную, гiстарычна апраўданую канструкцыю. Пры гэтым мы ня ставiм пытаньня пра непрымальнасць адной з канструкцыяў, можам ужываць абедзьве: лiчылi iх за сваiх сяброў i лiчылi iх сваiмi сябрамi, лiчылi чалавека за добрага i лiчылi чалавека добрым, лiчым за абавязак i лiчым абавязкам.

І, нарэшце, да трэцяга пытаньня нашага слухача. Зьлiтавацца з нас цi зьлiтавацца над намi? Тут сучасная норма не пярэчыць гiстарычным фактам: зьлiтавацца (як i зьмiлавацца) над намi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG