Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: 'СПРАВА' І 'ДЕЛО'


Юрась Бушлякоў, Менск

Павiтаўшыся, пытаемся: як маесься, як жывеш, што чуваць, як пачу-ваесься, што новага, як жыцьцё. Усiх магчымых пытаньняў не пералiчыць, спосабаў пацiкавiцца шмат. Акуратныя ў мове людзi, пачуўшы “як справы”, часам адказваюць: “Як зьлева, так i справа”. Каб ня трапiць на такi адказ, ня варта гаварыць па-канцылярску. Кузьма Чорны некалi ўпiкаў аўтару беларускай п’есы, гераiня якой цiкавiцца, у чым справа. “Дзе гэта аўтар чуў, каб сялянка гаварыла гэтак?” – дзiвiўся Чорны. Дазнаючыся аб прычыне, пытаемся па-беларуску: што такое, што робiцца, што дзеецца, што сталася, што здарылася або неяк iначай, але бяз слова справа. Шмат хто вагаецца ў нас, гадаючы, як сказаць: на самай справе цi на самой. Слоўнiкавая норма тут – на самай справе, аднак без усякага сумневу перавагу перад названай калькаю трэба аддаваць тыповым беларускiм формам: сапраўды, дапраўды, напраўду, папраўдзе, насамрэч. Стараючыся гаварыць па-беларуску натуральна, ня варта падмяняць справаю работы цi працы, клопату цi патрэбы. Скажам аўтэнтычна: ён увесь у працы, у клопаце; прыйшоў да нас з патрэбаю, з клопатам; яго клопат – разьбярэцца; без работы мы не сядзiм, але рэч ляжыць без ужытку.

Шматлiкiм расiйскiм фразам з словам дело ёсьць у нашай мове традыцыйныя адпаведнiкi. Таму не сьпяшаймася намнажаць калькi. Па-беларуску заклiкаем да працы, да работы, прыходзiм з патрэбаю, просьбаю цi якiм клопатам, а вось змагаемся за нацыянальную справу, афармляем дакумэнты – асабовую справу, адстойваем правы – iнiцыюем судовую справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG