Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктывы беларускага хакею. Спорт і палітыка Генадзя Цярэні


Віталь Цыганкоў

(эфір 14 Траўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У чарговым выпуску – аналіз пэрспэктываў беларускага хакею з пункту гледжаньня вынікаў апошняга чэмпіянату сьвету, і расповед пра спартовыя захапленьні палітыка Генадзя Цярэні.

(Цыганкоў: ) «Безумоўна, усе спартовыя заўзятары Беларусі неадрыўна сачылі за ўсімі акалічнасьцямі чэмпіянату сьвету па хакею ў Санкт-Пецярбургу. І нявыхад беларускай зборнай у васьмёрку, і гістарычная перамога над зборнай Расеяй, – усё гэта даволі шырока трансьлявалася беларускімі мас-мэдыямі і абмяркоўвалася спартовай грамадзкасьцю. Сёньня мы паспрабуем падвесьці вынікі выступу беларускае зборнай на чэмпіянаце сьвету з пункту гледжаньня ня толькі аднаго турніру, але далейшых пэрспэктываў беларускага хакею. На гэтую тэму мы гутарым з аглядальнікам газэты «Прессбол» Сяргеям Аляхновічам…

Сяргей, як можна ацаніць дзявятае месца беларускае каманды? Зразумела, яго нельга адназначна назваць посьпехам або правалам. Але нагадаю, што ўсё ж такі перад турнірам ставілася задача патрапіць у васьмёрку…»

(Аляхновіч: ) «Дзявятае месца – гэта нашае месца, якое мы заслугоўваем. Маглі б, канешне, пры больш пасьпяховай гульні з латышамі ўвайсці ў васьмёрку, але ж вышэй галавы мы б не скокнулі ўсё роўна, бо наш хакей зараз жыве за кошт таго, што ён набыў яшчэ ў савецкі час. Усе хакеісты, якія выступалі на чэмпіянаце сьвету ў Санкт-Пецярбурзе знаёмыя беларускім заўзятарам хакею ўжо 6–8 гадоў, а новых імёнаў на жаль не зьяўляецца. Лепш мы выступіць, я лічу, не змаглі б».

(Цыганкоў: ) «Як можна спрагназаваць далейшае разьвіцьцё беларускага хакею? Тут варта зьвярнуць увагу, што на чэмпіянаце ў Пецярбургу беларуская зборная разам з латвійскай былі самымі старымі. Сярэдні век гульцоў каманды склаў каля 30 гадоў. А некалькі маладых хакеістаў пад час турніру нічым сябе не выявілі. Як тут сытуацыя, хто прыйде на зьмену 30-гадовым?

(Аляхновіч: ) «Ну па першае, гэтыя хакеісты – гэта эліта нашага беларускага хакею. За іх сьпіною гульцоў кшталту Цыплакова, Салея, Адрыеўскага, Скабелкі, вось гэтых вэтэранаў, на жаль, няма. Мы можам назваць Кальцова, можна назваць Белага. Ну вось, раз-два – і ўсё. Да прыкладу ўзяць выступ юнацкае зборнай Беларусі на чэмпіянаце сьвету ў Швайцарыі ў групе «А», які закончыўся месяц таму назад, дзе нашая зборная прайграла ўсе свае сустрэчы, прычым канчатковыя вынікі былі проста ганебныя: 1-18, 0-10 і нават сустрэча з Украінаю, у якой рашалася – ці заставацца нам у лізе юнацкага хакею, ці не, – была таксама прайграная з розьніцаю ў 5 шайбаў – 3:8. З гэтага можна зрабіць такую высновы, што беларускі хакей, на жаль, добрае падтрымкі з боку моладзі ня мае».

(Цыганкоў: ) «А чым можна патлумачыць такую кур'ёзную няўдачу юнацкае зборнай? Тут некаторыя назіральнікі сьцьвярджаюць, што гэта толькі правал хакеістаў аднаго канкрэтнага году нараджэньня. А ўвогуле, маўляў, зьмена ў нас расьце нармалёвая. У Беларусі ўзьведзена й будуецца столькі лядовых палацаў – гэта ж павінна даваць нейкую аддачу. Ці Вы лічыце, што тут няма аніякае непасрэднае залежнасьці паміж колькасьцю палацаў і прафэсіяналізму хакеістаў зборнай?»

(Аляхновіч: ) «Далёка не факт, што гэтыя палацы дадуць рост беларускага хакею. Што мы бачым? Дзіцячая школа «Юнацтва», якая заўсёды зьяўлялася, як там мовіцца, «кузьняй» беларускага хакею, ну й цяпер ёй жа застаецца. Але адтуль усё менш і менш выходзіць хакеістаў годнага ўзроўню. Гуляюць яны, напрыклад, у крытым катку ў Парку Горкага, дзе час ад часу здараюцца нейкія недарэчнасьці: або машына для заліўкі льда сапсуецца, або дах пацячэ…»

(Цыганкоў: ) «А лядовая пляцоўка на праспэкце Машэрава, напрыклад, на гэты момант выкарыстоўваецца ў якасьці выставы, дзе проста гандлююць. Чаму там не даць нашым юнакам месца? Гэта па-першае. Па-другое, няма ў іх магчымасьці сустракацца са сваімі аднагодкамі з моцных эўрапейскіх краінаў! Можна прывесьці такі факт: цяпер, калі юнакі рыхтаваліся да чэмпіянату сьвету, яны не згулялі аніводнага сур'ёзнага спарынгу.

Увогуле ў нас унікальная зборная, што фактычна аніводзін хакеіст не гуляе на радзіме, а калі казаць пра чэмпіянат, у якім бяруць удзел беларускія клюбы, чэмпіянат усходне-эўрапейскае лігі, дык раней беларускія клюбы задавалі ў ім тон, перамагалі, а цяпер там перамагаюць украінскія каманды…»

(Аляхновіч: ) «Так, на жаль, гэты сэзон быў першы, калі беларуская каманда ва ўсходне-эўрапейскае лізе, ня тое, што не выйшла ў фінал турніру, а нават не заваявала бронзавых мэдалёў».

* * *

(Цыганкоў: ) «Сёньняшні госьць нашае сталае рубрыкі "Палітыкі аб спорце" намесьнік Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Генадзь Цярэня ў свой час мог бы стаць прафэсійным футбалістам. Але аднойчы супраць яго выйшаў гуляць Кірыл Даронін, які пазьней выступаў нават за зборную СССР. Генадзь ня змог стрымаць гэтага бліскучага нападаючага й вырашыў, што вялікага майстра зь яго не атрымаецца. А таму з кар'ераю футбаліста-прафэсіянала было скончана. Але ў камандзе дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якая ў 1996 годзе перамагла на турніры парлямэнцкіх камандаў СНД, Генадзь Цярэня быў адным з самых лепшых. Сёньня зь ім размаўляе мой калега Ўладзімер Глод…"

(Глод: ) «Генадзь Віктаравіч, я памятаю, як убачыў упершыню як Вы гулялі ў футбол і ў мяне адразу склалася ўражаньне, што Вы не дылетант, не аматар, а чалавек, які мае нейкае дачыненьне да футболу…»

(Цярэня: ) «Ведаеце, я родам зь Віцебшчыны, гарадзкі пасёлак Багушэўск. Там я нарадзіўся. Я пасьляваеннае пары. Жылі мы ў час хрушчоўскай «адлігі», калі спорт для нас вельмі многа значыў. І мы займаліся ім шмат і ў ахвотку. І рознымі відамі. Але футбол – гэта, мабыць, частка майго жыцьця. А самы мой такі, скажам, пік, прыйшоўся на час службы ў арміі. Я служыў у горадзе Шчолкаве Маскоўскае вобласьці і там гуляў за першынство Маскоўскае вобласці. Ну як бы па клясе «Б»…»

(Глод: ) «І вось, Генадзь Віктаравіч, я ведаю, што Вы потым актыўна гулялі за каманду Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня».

(Цярэня: ) «Гэта мы гулялі ў пачатку чэрвеня 96-га году. Гэта быў першы кубак сярод парлямэнтаў СНГ. Гулялі мы ў паўфінале з моцнай камандаю Ўкраіны, у Кіеве. Справа падыйшла, каб прабіваць пэнальці. Я ўнёс прапанову, што трэба памяняць брамніка нашага. І Генадзь Карпенка кажа: "дай стану я"».

(Глод: ) «А хто быў раней?»

(Цярэня: ) «А раней – Юры Кулакоўскі. Ён гандбольны брамнік. Ён гуляў у гандбол. А тут трэба псыхалягічна гэтак зрабіць нейкі перакід. І стаў Карпенка, ды заняў там вялікую частку брамы, пахлопаў па штанзе. Нейкі такі футбольны мандраж у супернікаў наступіў. Адзін пэнальці Карпенка ўзяў, а другі ў стойку брамы патрапіў, так што мы атрымалі перамогу ў пэнальці. І фінал, дзе гулялі са зборнай Расеі… Я гуляў апошняга абаронцу, гэтак званага «чысьцільшчыка»…»

(Глод: ) «І гэта, Генадзь, вашае ўражаньне асабістае як футбаліста… А зараз – як дэпутата, як намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня. Як вы лічыце – ці патрэбны ў Беларусі нейкі закон аб фізычнай культуры й спорце, або нейкая праграма?»

(Цярэня: ) «Справа ж ня толькі ў нейкім законе ці ў нейкай праграме. Мы шмат пісалі законаў, праграмаў, але ніколі да канца не даводзілі. Справа ў тым агульным настроі. Ведаеце, у нас шмат інтэлігэнтаў, шмат людзей, якія зьяўляюцца аматарамі спорту. Памятаеце нашыя двары, калі там валейбольныя пляцоўкі былі на кожным месцы? Калі там былі хакейныя дворыкі, дзе «тусавалася» нашая моладзь? Хаця гэта трэба неяк адрадзіць. Вось з чаго, я думаю, трэба пачынаць. А то нейкі тут настрой, дух наш – ён нейкі паніклы. Вось што больш мяне трывожыць».

(Глод: ) «Але мы будуем палацы лядовыя для хакею. Мне здаецца, можа хакей – ня самы беларускі від спорту? Як Вы лічыце?»

(Цярэня: ) «Ведаеце, я гуляў сам у хакей. Мы ўсе пачыналі гуляць у хакей зь мячом. Памятаю, што пачыналі ўсе з таго, што хадзілі ў лес, карагі высякалі, пакуль ужо клюшкі не атрымаліся для хакею зь мячом. Потым мы першыя асвойвалі хакей з шайбаю і моладзь цягнулася не да чаркі, цягнулася да спорту. У гэтым – будучыня нашая, я бачу. Спорт – гэта здароўе».

XS
SM
MD
LG