Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіён краіны – у 12 год; хакей, БТ і грошы


Віталь Цыганкоў

(эфір 16 Красавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У чарговым выпуску:
– нарыс пра 12-гадовага чэмпіёна Беларусі,
– скандал вакол трансьляцыі на БТ хакейнага чэмпіянату сьвету.

(Цыганкоў: ) "Прывітаньне. На гэтым тыдні ў Менску завершыўся чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па шашках-64. Гэта тыя самыя шашкі на 64-клетачнай дошцы, у якія любіць і ўмее граць, напэўна, бальшыня жыхароў краіны. Але першынство Беларусі закончылася сэнсацыяй, якая, відаць, ня мае прэцэдэнтаў у гісторыі сусьветнага спорту.

Чэмпіёнам краіны стаў 12-гадовы хлопец, кандыдат у майстры спорту Ігар Міхальчэнка. Ён набраў 20 ачкоў, апярэдзіўшы астатніх 13 удзельнікаў, сярод якіх былі некалькі міжнародных грасмайстраў. Ігар Міхальчэнка жыве ў Ваўкавыску Гарадзенскае вобласьці й займаецца шашкамі ў трэнэра Аляксандра Андрыянава. 12-гадовы чэмпіён адказвае на мае пытаньні…

Колькі гадоў Ты займаесься шашкамі, што Цябе прывяло ў шашкі й чаму Ты выбраў менавіта шашкі?"

(Міхальчэнка: ) "Я займаюся з 1996 году, з трэцяе клясы.У нас быў лягер ў школе, і Аляксандар Якаўлевіч вёў футбол і шашкі. У шашкі я тады дрэнна згуляў. але мне тады захацелася хадзіць на шашкі й вось я пачаў хадзіць…"

(Цыганкоў: ) "Раскажы, праз колькі часу Ты атрымаў першы разрад, праз колькі Ты стаў кандыдатам?"

(Міхальчэнка: ) "Я праз два гады атрымаў першы разрад, а кандыдата – праз тры з паловаю".

(Цыганкоў: ) "У Цябе ўжо былі міжнародныя спаборніцтвы, Ты куды-небудзь ужо езьдзіў ці яшчэ не?"

(Міхальчэнка: ) "Так, я езьдзіў у Латвію, у Рыгу на чэмпіянат сьвету сярод малодшых кадэтаў".

(Цыганкоў: ) "І як там згуляў?"

(Міхальчэнка: ) "Пятае месца заняў. Дрэнна".

(Цыганкоў: ) "Ты лічыш: пятае месца – дрэнна?.."

(Міхальчэнка: ) "Так".

(Цыганкоў: ) "А наступны год – хочаш стаць чэмпіёнам сьвету?"

(Міхальчэнка: ) "Так, мы паедзем у Эстонію".

(Цыганкоў: ) "Скажы, калі Ты абгульваеш дарослых дзядзяў, што ты адчуваеш? Табе іх не шкада?"

(Міхальчэнка: ) "Бывае, шкада, а бывае, і не шкада. Што я адчуваю? Мне становіцца вясёла. Нічога. Выйграю, і спакойна йду ў гатэль".

(Цыганкоў: ) "Ты карыстаешся тымі дэбютамі, што ёсьць у кніжках, ці спрабуеш прыдумаць свае пачаткі?"

(Міхальчэнка: ) "Карыстаюся тымі, што ёсьць і спрабую свае прыдумаць".

(Цыганкоў: ) "У Цябе ёсьць нейкія распрацоўкі, дэбютныя навінкі?"

(Міхальчэнка: ) "Ёсьць некалькі".

(Цыганкоў: ) "А як Ты вучысься?"

(Міхальчэнка: ) "Вучуся на «чатыры» й «пяць». Раней быў выдатнікам, а цяпер… так".

(Цыганкоў: ) "Цяпер Ты не выдатнік, бо больш часу на шашкі траціш?"

(Міхальчэнка: ) "Так".

(Цыганкоў: ) "А што Ты больш любіш, якія прадметы?"

(Міхальчэнка: ) "Фізкультуру, расейскую мову, маляваньне".

(Цыганкоў: ) "Матэматыку, значыць, ня вельмі любіш?"

(Міхальчэнка: ) "Матэматыку раней вельмі добра рашаў, а цяпер ужо… ну так… то "чатыры", то "пяць"…"

(Цыганкоў: ) "12-гадовы чэмпіён Беларусі ў шашках Ігар Міхальчэнка ня вельмі любіць матэматыку. І ва ўсім астатнім выглядае самым нармалёвым, звычайным для свайго веку хлопцам. Аднак гэтая акалічнасьць не адмяняе ўнікальнасьці дасягненьняў Ігара. Пра этапы росту маладога таленту мы гаворым зь ягоным трэнэрам Аляксандрам Андрыянавым…

Наколькі фэнамэнальнае гэтае дасягненьне, што 12-гадовы хлопец стаў чэмпіёнам Беларусі й стаў майстрам спорту? Ці былі яшчэ такія выпадкі ў гісторыі?"

(Андрыянаў: ) "У гісторыі былі выпадкі, калі 12-гадовыя выконвалі званьне майстра спорту. Але чэмпіёнам краіны ўпершыню стаў 12-гадовы хлапчук".

(Цыганкоў: ) "Чым можна патлумачыць ягоны посьпех? Толькі ягоным талентам ці нейкай вашай мэтодыкаю".

(Андрыянаў: ) "Ён сам па сабе хлопец вельмі кемлівы. Спачатку вылучаўся тым, што добра й хутка рашаў камбінацыі. Рэзкі такі рывок адбыўся пасьля першага году навучаньня ў чацьвертай клясе".

(Цыганкоў: ) "Што адчуваюць міжнародныя грасмайстры, калі ён іх абгульвае? Яны напэўна з вамі дзеляцца ўражаньнямі, што яны кажуць пра Ігара?"

(Андрыянаў: ) "Ну, неабходна ўдакладніць, што саміх грасмайстраў ён пакуль не абгульвае. Ён зь імі гуляе на роўных, унічыю. Канешне, перад партыяй я бачыў, што ён хвалюецца, і такі настрой быў – "хаця б не прайграць". Гэта зразумела – першы раз гуляе ў вышэйшай лізе. Я яго як мог супакойваў, гаварыў, што твая задача – самаму гуляць лепш, не дапускаць памылак, а іхныя памылкі – гэта іхная справа".

(Цыганкоў: ) "Трэнэр Аляксандар Андрыянаў вучыць маладога чэмпіёна не рабіць памылак на шашачнай дошцы. Але як засьцерагчыся ад жыцьцёвых нечаканасьцяў, як прайсьці празь медныя трубы? Часта ў спорце здаралася, што маладыя вундэркінды спыняліся ў сваім разьвіцьці, не маглі пераадолець нейкі нябачны бар'ер. Наколькі моцная псыхалягічная ўстойлівасьць Ігара Міхальчанкі? Працягвае Аляксандар Андрыянаў…"

(Андрыянаў: ) "Я думаю, што для ягонага веку ў яго вельмі неблагая ўстойлівасьць. Калі ён прайграе партыю, то ўжо трагедыю з гэтага ня робіць. Раней, у трэцяй-чацьвертай клясе, былі выпадкі што й плакаў. Але ўсё гэта ззаду. Галоўнае яму зараз – не зазнацца й не перагуляць. Трэба захаваць апэтыт да гульні".

(Цыганкоў: ) "Аляксандар Андрыянаў распавёў, што Фэдэрацыя шахмат і шашак Беларусі забясьпечвае юнага чэмпіёна зборамі, мэтадычнай літаратураю, трэніровачнымі гульнямі й сродкамі для паездак на спаборніцтвы.

Шашкі-64 – від спорту, распаўсюджаны толькі на тэрыторыі былога СССР. У вадрозьненьні ад міжнародных стаклетачных шашак магчымасьць зарабіць тут дастаткова невялікая. Хаця апошнім часам зьяўляюцца й грашовыя ўзнагароды. Напэўна, зь цягам часу Ігар будзе спрабаваць свае сілы і ў міжнародных шашках. А пакуль што для Ігара Міхальчэнкі застаецца шмат няўзятых вяршыняў і на 64-клетачнай дошцы. Зрэшты, 12-гадовы чэмпіён марыць аб самым высокім…

…А ўвогуле якая ў Цябе ў шашках самая галоўная мара? Якую вяршыню хочаш дасягнуць?"

(Міхальчэнка: ) "Міжнародным грасмайстрам".

(Цыганкоў: ) "А чэмпіёнам сьвету хочаш стаць?"

(Міхальчэнка: ) "Ну дык… хачу! Хто ж ня хоча?!"

* * *

(Цыганкоў: ) "За два тыдні да пачатку чэмпіянату сьвету па хакею ў групе "А" у Санкт-Пецярбурзе гэтак і ня вырашанае пытаньне трансьляцыі па беларускаму каналу гульняў з удзелам беларускае зборнай. Прычына банальная: у БТ няма грошай… Распавядае Ігар Карней…"

(Карней: ) "У сераду кіраўніцтва спартовае рэдакцыі беларускае тэлевізіі склікала экстраную прэсавую канфэрэнцыю. На адчайны крок тэлевізійнікаў падштурхнула сумная пэрспэктыва пакінуць заўзятараў без відовішча. Небясьпека вельмі рэальная: на сёньняшні дзень знойдзена толькі траціна ад патрэбнае на трансьляцыю сумы.

Паводле папярэдніх разьлікаў, на паказ матчаў з удзелам беларускае каманды патрэбна недзе 150 тысячаў даляраў. Гэта вельмі нязначная лічба для любога эўрапейскай каналу, але, як стала вядома, кіраўніцтва Дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі нават ня ўнесла пункт пра фінансаваньне спартовых дзеяў у плян на бягучы год.

Намесьнік рэдактара студыі спартовых праграмаў БТ Аляксей Супанеў сказаў, што нейкім цудам удалося ўгаварыць кіраўніцтва швайцарскае кампаніі "СWL Telesport", якая валодае манаполіяй на трансьляцыю з Санкт-Пецярбургу, спыніцца на лічбе ў 50 тысячаў даляраў. Гэта амаль у чатыры разы менш, чым прыходзіцца плаціць астатнім пакупнікам эфірнага часу. Прычым, аплату мяркуецца праводзіць у два этапы: палова да чэмпіянату, і палова – пасьля яго заканчэньня.

Але нават гэта ня стала выратаваньнем. Амаль сто тысячаў даляраў за дастаўку тэле- і радыёсыгналяў патрабуе да аплаты "Ростелеком". Гэта сума, якую расейскі бок выставіў усім замежным тэлерадыёкампаніям, што выказалі зацікаўленасьць у трансьляцыях на свае краіны. У беларускага ж боку ўзьніклі пытаньні. Прэтэнзіі, хутчэй, палітычныя: чаму ў межах інтэграванае прасторы да дэкляраваных хаўрусьнікаў ставяцца, так бы мовіць, на агульных падставах?

Аргумэнты расейскага боку наступныя: якіх фінансавых паслабленьняў вы чакаеце, калі мы гуляем рознымі камандамі? Відаць, на такі паварот беларусы не разьлічвалі і ўрэшце апынуліся "беднымі родзічамі".

Дзеля справядлівасьці, ня ўсе падзяляюць пэсымізм з нагоды адсутнасьці грошай. Тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі ўжо набыў білет на маючы адбыцца спартовы форум…"

(Навіцкі: ) "Шчыра кажучы, ўсе мы вельмі спадзяемся, што беларускія заўзятары абавязкова ўбачаць тэлетрансьляцыю з Санкт-Пецярбургу матчу з ўдзелам нашае нацыянальнае зборнай на чэмпіянаце сьвету па хакею ў групе "А". У пятніцу ў нас на тэлевізіі была зацьверджаная тэлепраграма на тыдзень, які распачнецца 24 красавіка. У вапошні дзень таго тыдня, у нядзелю 30 красавіка – і гэта ўжо значыцца ў праграме. І калі ў бліжэйшы панядзелак гэтая самая тэлепраграма пойдзе ў друк – таксама я ўпэўнены, што аніякіх зьмяненьняў ня будзе, – такім чынам 30 красавіка а 15 гадзінаў 25 хвілінаў – Беларусь–Украіна".

(Карней: ) "Адказваючы на пытаньне наконт плацёжаздольнасьці беларускае тэлевізіі, Уладзімер Навіцкі сказаў…"

(Навіцкі: ) "У нашай тэлевізіі няма такіх сродкаў. Гэта не "сакрэт Палішэнеля", ня будзем тут нічога ўтойваць – тым больш ніхто гэтага рабіць і не зьбіраецца. І ў гэтай сытуацыі знайшлі, здаецца, адзінае выйсьце: адправілі лісты на розныя буйныя прадпрыемствы, у розныя, вядома ж, таксама буйныя фірмы, арганізацыі з прапановамі аб узаемавыгодным супрацоўніцтве. Мы вам – магчымасьць рэклямных ролікаў у самы зручны час паводле самых нізкіх расцэнак і гэтак далей. Ну а вы, калі ласка, дапамажыце чым можаце, каб знайсьці гэтыя грошы.

Наладзілі прэсавую канфэрэнцыю. Кожны дзень па дзесяць-дваццаць разоў круціцца ня толькі на БТ, але й на каналах расейскае ТВ ролік, якая распавядае пра гэтую праблему й запрашае ўсіх зацікаўленых асобаў да гэтага самага ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва.

Яшчэ раз падкрэсьлю – праблема йснуе, але я перакананы – нашыя заўзятары ўбачаць трансьляцыі з Санкт-Пецярбургу".

(Карней: ) "Гэта быў спартовы камэнтатар беларускае тэлевізіі Ўладзімер Навіцкі. Увогуле сытуацыя выглядае тым больш недарэчнай, што хакей у Беларусі знаходзіцца пад асабістым кантролем прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка неаднойчы браў на сябе ролю ледзь не гуляючага трэнэра, дэманструючы схільнасьць да спорту № 1 – пасьля дэградацыі многіх відаў спорту хакей застаўся тым выключэньнем, дзе Беларусі яшчэ ёсьць чым пахваліцца. Але такое адчуваньне, што мэтавыя грошы пайшлі не на падтрымку хакею, а былі замураваныя ў лядовых палацах, некаторыя зь якіх ужо ператвораныя ўгандлёвыя кропкі.

Паскардзіўшыся на сытуацыю, тэлевізійныя функцыянэры абяцаюць, што пошук грошай будзе працягнуты. З наступнага тыдню гледачы беларускага каналу некалькі разоў на дзень будуць бачыць сацыяльны заклік пусьціць шапку па колу.

Асаблівую надзею спартовая рэдакцыя ўскладае на прыватны капітал. Але калі ўлічыць, што БТ, як ніхто іншы, ганьбіць бізнэсмэнаў ды прадпрымальнікаў, кліч хутчэй за ўсё застанецца непачутым. Акрамя варыянту, калі дзяржава так моцна "папросіць" прадпрымальнікаў, што тыя проста ня здолеюць адмовіць".

XS
SM
MD
LG