Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовая праграма. Лепшыя беларускія спартоўцы 1999 году.


Віталь Цыганкоў

(эфір 3 студзеня 2000)

Мы не адыходзім ад традыцыі нашых некалькіх апошніх праграмаў падводзіць вынікі году. У вапошні тыдзень 1999 году газэта Спортивная панорама на даручэньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі правяла апытаньне сярод 64-х прадстаўнікоў СМІ. Журналісты традыцыйна вызначалі лепшага беларускага спартоўца году.

Перадачу вядзе Віталь Цыганкоў.

На нашую думку, на гэты раз выбар быў даволі небагаты – на жаль, з прычыны ня вельмі ўдалай агульнай карціны выступаў беларускіх атлетаў. Лепшай спартоўкаю Беларусі названая вясьлярка Кацярына Карстэн – беларускім аматарам спорту больш вядомае яе дзявочае прозьвішча Хадатовіч. Кацярына ўчыніла своеасаблівы спартовы подзьвіг – усяго праз год пасьля нараджэньня дзіцяці алімпійская чэмпіёнка вярнулася ў вялікі спорт і перамагла на першынстве сьвету.

Другое мейсца ў апытаньні заслужана заняў біятляніст Вадзім Сашурын. У лютым на чэмпіянаце сьвету ён выйграў камандавую мужчынскую эстафэту, потым здабыў бронзу ў індывідуальнай 20-кілямэтровай гонцы. Ужо ў сьнежні Сашурын двойчы займаў другое мейсца на этапах Кубка сьвету.

Трэцюю прыступку ў спартовай ерархіі беларускія журналісты аддалі майстру настольнага тэнісу Ўладзімеру Самсонаву. "Першы нумар" у сусьветнай кваліфікацыі асабліва бліскуча правёў восень, выйграўшы шэраг турніраў у Японіі і ўрэшце, Кубак сьвету ў Кітаі. Гэта дазволіла яму вярнуцца на першае мейсца ў сусьветным рэйтынгавым сьпісу.

Такім чынам, нагадаем яшчэ раз першую тройку – Карстэн-Хадатовіч, Сашурын, Самсонаў. Іх журналісты назвалі лепшымі спартоўцамі Беларусі мінулага году.

А вось найбуйнейшая недзяржаўная спартовая газэта Пресс-бол прапанавала свой выбар лепшых і горшых у самых разнастайных намінацыях. Чалавекам году ў спорце Пресс-бол прызнаў прэзыдэнта футбольнага клюбу БАТЭ Анатоля Капскага.

Рэдакцыя адзначыла, што ў вадрозьненьні ад папярэдніх гадоў на гэты раз у журналістаў не было аніякіх ваганьняў – кандыдатура Капскага перамагла безальтэрнатыўна. Барысаўская каманда за чатыры гады прайшла шлях з нулю да чэмпіёну Беларусі.

Капскі ўкладае ня толькі ў свой клюб, але і ў мяйсцовую спартовую інфраструктуру – у Барысаве дзякуючы ягоным сродкам рэканструяваны мяйсцовы стадыён, і футбольнае поле гэтай правінцыйнай арэны стала адным зь лепшых у краіне.

Дарэчы, стадыён застаецца ва ўласнасьці гораду, а ня клюбу, бо прэзыдэнт Нацыянальнага камітэту Аляксандар Лукашэнка заявіў неяк, што аніводзін спартовы аб'ект не пяройдзе ў рукі камэрсантаў.

Як бы тое не было, сёньня беларускі футбол неяк трымаецца якраз дзякуючы душэўнай і матэрыяльнай самаахвярнасьці такіх людзей як Капскі.

Але назавем іншых ляўрэятаў сэзону. Камандаю году, безумоўна, разам з Пресс-болам варта назваць квартэт біятляністаў, якія перамаглі ў лютым у самай прэстыжнай намінацыі чэмпіянату сьвету – мужчынскай эстафэце.

Сярод іншых значных падзеяў 99-га разьвітаньнем году Пресс-бол назваў растаньне зь вялікім спортам, бадай, найлепшага беларускага футбаліста стагодзьдзя Сяргея Алейнікава. Хаця цяперашняя футбольная зборная краіны заслужыла прыз у намінацыі "расчараваньне году".

Званьне ўнікума і рэкардсмэна году безумоўна заслужыў наш славуты гіравік Вячаслаў Харанэка. Сваімі незвычайнымі дасягненьнямі ён ужо заслужыў мейсца ня толькі ў гісторыі, але і ў кнізе рэкордаў Гінэсу. Уражваюць ня толькі рэкорды Харанэкі, але й ягоная няўтаймавальная фантазія. Свае рэкорды беларускі асілак усталёўвае зь любымі аб'ёмамі й на любы густ – стоячы, кувыркаючыся, на шпагаце, пад вадою.

Вось і на гэты новы год Харанэка ашаломіў усіх сваім новым арыгінальным дасягненьнем. Пакуль бальшыня людзей адзначае сьвята за ўрачыстым сталом, Харанэка а 12-й гадзіне 31 сьнежня пачаў усталяваньне свайго чарговага ўнікальнага рэкорду. Цэлыя суткі, да 12-ці гадзінаў 1 студзеня Харанэка падымаў бачонак зь півам аднаго зь беларускіх бровараў.

Як і задумвалі арганізатары, 2000-ны пад'ём атлет зрабіў менавіта ў хвіліну надыходу 2000 году. Такім чынам, кніга рэкордаў Гінэсу папоўнілася яшчэ адным унікальным дасягненьнем беларускага асілка.

Своеасаблівым падвядзеньнем вынікаў году стаў і Алімпійскі сход, які прайшоў днямі ў Менску. Вынікі, праўда, пераўтварыліся ў звычны для беларускага чынавенства апошніх пяці гадоў наганяй. Гаворыць Уладзімер Глод…

(Глод: ) "Алімпійскі сход, на якім зьбіраліся аналізаваць падрыхтоўку беларускіх спартоўцаў да 27-х летніх Алімпійскіх гульняў, што пройдуць сёлета ў Сіднэю, першапачаткова плянавалася правесьці яшчэ ў травені мінулага году. Тады нават была прызначаная какрэтная дата – апошні дзень гэтага месяцу. Аднак трагедыя на Нямізе зьмяніла пляны. А потым іншыя пытаньні адкінулі алімпійскае далёка назад. У рэшьце рэшт сход адбыўся літаральна на прыканцы 1999 году.

2000 год – год летніх Алімпійскіх гульняў, якія будуць праводзіцца ў Сіднэю. І ўжо бачна, што Алімпіяда робіцца адным з прыярытэтаў у беларускай палітыцы, пра што й заявіў пад час гэтак званага Алімпійскага сходу Аляксандар Лукашэнка, які ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт. Ён нагадаў пра тое, што спорт –"гэта вялікая палітыка. Гэта ня проста пабегалі ды разыйшліся. Гучыць гімн і ўвесь сьвет ведае, зь якой краіны пераможца". Лукашэнка ўзгадаў апошні посьпех біятляніста Вадзіма Сашурына, чый пасьпяховы фініш быў паказаны ў праграме "Эўраньюс", што падвысіла імідж Беларусі ў сьвеце.

А вось што перашкаджае ствараць станоўчае ўражаньне – гэта тое, што акрамя прэзыдэнта-алімпійца ніхто сур'ёзна не займаецца сваімі справамі. Лукашэнка крытыкаваў усіх і за ўсё. Напрыклад, міністра ("паглядзіце, міністру абароны няма справы да кулявой стральбы…"), спартовых работнікаў і трэнэраў ("Засядзеліся чыноўнікі ў фэдэрацыях, трэнэры на другіх-трэціх ролях, на падхопе, думаюць, што да пэнсіі там дасядзяць"), свайго намесьніка віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандра Мядзьведзя ("Ня можа быць, каб мы не знайшлі сёньня ў краіне паўтара Мядзьведзя. Проста сам Аляксандар Васільявіч не займаецца як належыць гэтым пытаньнем"), непасрэдна спартоўцаў ("Для некаторых, бачыце, вада ў нашых басэйнах не такая або макароны ня той якасьці")…

Спартоўцаў запэўнілі ў надзвычайнай падтрымцы з боку дзяржавы, якая, паводле галоўнага беларускага алімпійца, у вас нічога не забірае, а толькі дае. Але дапамагаць будуць толькі тым, хто паабяцае змагацца ў Сіднэю за самыя высокія мейсцы. Алімпійскія ліцэнзіі на сёньня гэтага ўжо мала. Патрэбны перамогі й мэдалі.

Лукашэнка паабяцаў спартоўцам, якія дасягнуць высокіх вынікаў у Сіднэю, дзяржаўныя ўзнагароды. Праўда, памер выплатаў пераможцам не называўся. Можа таму, што ўсе яшчэ памятаюць скандал з папярэдніх Алімпійскіх гульняў. Тады пераможцам і прызэрам ад імя Лукашэнкі былі паабяцаныя прэміі ў далярах. Пасьля вялізнай цяганіны грошы былі выплачаныя, але ў беларускіх рублях ды па курсу Нацыянальнага банку. Падобна, што пасьля гэтага крыўда ў спартоўцаў захавалася й па сяньняшьні дзень.

Магчыма, гэта адна з прычынаў таго, што абсалютная бальшыня спартовых аналітыкаў упэўненая – паўтарыць посьпехі папярэдняй Алімпіяды (дзе беларускія спартоўцы заваявалі адзін залаты, шэсьць срэбраных і восем бранзовых мэдалёў) у Сіднэю будзе немагчыма".

Падрыхтаваў перадачу
Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG