Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўладкаваньне ў Канадзе


Мiкола Iваноў

(эфір 29 жніўня 2000)

Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.

ХХІ стагодзьдзе – час надзвычай актыўнай міграцыі працоўнай сілы. Для высокаякасных спэцыялістаў паняцьце "дзяржаўная мяжа" страціць сваё значэньне. Так лічаць экспэрты ААН. Якім жа чынам у гэтых міграцыйных рухах змогуць удзельнічаць беларусы? Якія новые пэрспэктывы выезду на заробкі адкрываюцца для іх? Сёньня ў сэрыі "У сьвет на заробкі" – пра некаторыя аспекты выезду на заробкі ў адну з самых багатых краінаў сьвету – Канаду.

Узровень тэхнічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, як і некаторых іншых краінаў былога Савецкага Саюзу, адзін з самых высокіх у сьвеце. І гэта дае Беларусі надзвычай добрыя стартавые пазыцыі ў ХХІ стагодзьдзе, якое вучоныя ўжо сёньня называюць стагодзьдзем электронікі. Але ці гэтыя добрыя стартавые пазыцыі могуць сапраўды гарантаваць эканамічны і сацыяльны росквіт Беларусі ды іншых посткамуністычных краінаў?

Нядаўна ўсясьветна вядомая кансалтынгава-экспэртная фірма "Макконэл Інтэрнэшнл" правяла шырокамаштабнае дасьледаваньне посткамуністычных краінаў і краінаў трэцяга сьвету ў справе: як яны падрыхтаваныя да электроннай эры. І хаця Беларусь у гэтым дасьледаваньні не вывучалася, мы можам меркаваць пра яе падрыхтаванасьць на падставе тых ацэнак, якія атрымала Расея.

Экспэрты "Макконэл Інтэрнэшнл", нягледзячы на наяўнасць у Расеі высокакваліфікаваных кадраў спэцыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў, ацанілі яе шанцы быць перадавой кампутарнай дзяржавай як мінімальныя. Кліфард Гэды, навуковы супрацоўнік Бруклінскага каледжа, адзін з аўтараў дакладу, лічыць, што галоўная праблема Расеі ў тым, што яна будзе ня ў стане затрымаць сваіх высокакваліфікаваных спэцыялістаў, неабходных для паскоранага разьвіцьця кампутарных галінаў эканомікі. Ён лічыць, што прычынай гэтага можа стаць глябалізацыя ўсясьветнай эканомікі:

(Гэды) "Я скептычна стаўлюся да расейскіх пэрспэктываў у сувязі з некалькімі прычынамі. І адна зь іх – менавіта глябалізацыя усясьветнай гаспадаркі. Глябалізацыя ахопіць усе галіны эканамічнага жыцьця, у тым ліку і рынак працоўнай сілы".

Другі амэрыканскі экспэрт, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтага дакладу Джэральд О'Дрыскол лічыць, што толькі шырокі прыток замежных капіталаў у расейскую кампутарную галіну можа гарантаваць Расеі месца сярод перадавых краінаў электроннага стагодзьдзя. Але падобны прыток капіталаў зусім не прадбачыцца. О'Дрыскол у інтэрвію нашай радыёстанцыі гаворыць:

(О'Дрыскол: ) "Бальшыня краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы – асабліва прыбалтыйскія краіны, Чэхія, Вугоршчына, Польшча – адкрылі свае гаспадаркі, яны лібэралізавалі іх, яны зрабілі значны крок у кірунку прававой дзяржавы, у іх добрая юрыдычная сыстэма, яны ў агульных рысах сумленныя і справядлівые, карупцыя тут – не такая сур'ёзная праблема, яна не пагражае бізнэсу. Людзей не крадуць, іх не забіваюць на вуліцах. І гэтыя гаспадаркі будуць расьці. Але ўсе гэтыя фактары адсутнічаюць у Расеі".

І хацелася б за экспэртам "Heritage Foundation" Джэральдам О'Дрыскалам сьцьвердзіць, што ўсе гэтыя фактары адсутнічаюць таксама і ў Беларусі. І таму будучая непазьбежная глябалізацыя міжнароднага рынку працоўнай сілы будзе спрыяць выезду беларусаў на заробкі па-за межы Бацькаўшчыны.

Але калі нехта з нашых радыёслухачоў рэальна плянуе выезд на заробкі ў замежжа, дык зрабіць гэта самому без кансультацыяў і дапамогі з боку спэцыялістаў практычна немагчыма. Але якую ж пасярэдніцкую фірму выбраць, і ў якую краіну паехаць?

Станоўча раім карыстацца паслугамі фірмаў з краіны, у якую вы хацелі б паехаць, а не пасярэдніцкімі прапановамі расейскіх, беларускіх ці іншых фірмаў на тэрыторыі былога СССР. Дарэчы, бальшыня замежных фірмаў, якія дапамагаюць выехаць на заробкі ў замежжа, маюць свае прадстаўніцтвы ў посткамуністычных краінах.

Вось і мы сёньня, каб атрымаць кансультацыю для гэтай перадачы ў справе працаўладкаваньня ў замежжы, вырашылі зьвярнуцца да сябра Ўсясьветнай асацыяцыі эміграцыйных адвакатаў Лёры Рэндл, юрыдычнае бюро якой знаходзіцца ў Таронта (Канада). Вось што яна адказала на пытаньне, датычнае спэцыфікі канадзкай палітыкі прыняцьця тых, хто хоча прыехаць сюды на заробкі.

(Pэндл: ) "Канада ў адрозьненьне ад ЗША зьяўляецца абсалютна адкрытай краінай у справе выезду туды на заробкі. Гэта краіна з вялізнай тэрыторыяй і ня вельмі густанаселеная. Працэс афармленьня дакумэнтаў туды даволі лібэральны. Цяпер працэс іх афармленьня займае ад 12 да 18 месяцаў, але хутка будзе прыняты новы іміграцыйны закон і тэрміны скароцяцца".

Вядома што ў Канадзе ўжо даўно дзейнічае спэцыяльная праграма прыёму на працу высокакваліфікаваных спэцыялістаў пад назвай "Пайлот". Гэта не іміграцыя, а менавіта выезд на заробкі. У галоўных рысах яна нагадвае тое, што цяпер робіць Нямеччына, якая прыймае да 20 тыс. спэцыялістаў-кампутарнікаў, каб быць канкурэнтназдольнай на міжнародных рынках. Канада ж мае куды большыя дасьведчаньні ў гэтай галіне. Расказвае канадзкая адвакатка Лёра Рэндл:

(Pэндл: ) "Так, у нас існуе спэцыяльная праграма "Пайлот", разьлічаная спэцыяльна на праграмістаў і спэцыялістаў-кампутарнікаў. Яна прадугледжвае выезд на заробкі на кароткі пэрыяд. Гэта не іміграцыя. Людзі ў рамках гэтай праграмы прыяжджаюць па працоўнай візе. Яны маюць дазвол на працу. Такі выезд звычайна адбываецца на два гады, а пазьней, калі чалавек хоча іміграваць у Канаду, ён павінен прайсьці ўсю працэдуру складаньня неабходных іміграцыйных дакумэнтаў".

А як канадзкае эміграцыйнае заканадаўства ставіцца да гэтай працоўнай катэгорыі? Хто такі "спэцыяліст-кампутарнік паводле канадзкага закону? Адвакатка Рэндл з Таронта адказвае:

(Pэндл: ) "Гэта новая праграма, распрацаваная міністэрствам эміграцыі галоўным чынам для кампутарнікаў. Спэцыяліст-кампутарнік – гэта, зразумела, ня просты ўжывальнік Пі-Сі (пэрсанальнага кампутара). Ён павінен быць сапраўдным спэцыялістам у такой галіне, як кампутарнае праграмаваньне і валодаць іншымі галінамі кампутарнай навукі. Прапанова працы, звычайна, зыходзіць адсюль, з Канады, ад кампаніяў, якія патрабуюць адпаведных спэцыялістаў. І вось на працягу гэтых двух першых гадоў людзі жывуць і працуюць у Канадзе ў сытуацыі замежнікаў. Яны ня маюць права атрымаць статус сталага жыхара".

А ці існуе нешта падобнае на гэтую канадзкую праграму "Пайлот" у Злучаных Штатах Амэрыкі? Ці Амэрыка таксама на дзяржаўным узроўні ўдзельнічае ў канкурэнцыі на міжнародным рынку спэцыялістаў-кампутарнікаў?

(Рэндл: ) "У Амэрыцы дзейнічала падобная праграма некалькі гадоў таму, але апошнім часам выезд на заробкі ў ЗША і эміграцыя туды крыху ўскладніліся. Канада значна больш папулярная сярод тых, хто шукае працы за мяжой".

Канада – краіна, якая на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў праводзіць даволі выразную эфэктыўную іміграцыйную палітыку прыёму на працу высокакваліфікаваных спэцыялістаў. У гэтым, акрамя іншых фактараў, палягае прычына надзвычай высокага дабрабыту гэтай краіны, яе эканамічных посьпехаў і высокага міжнароднага аўтарытэту.

Падобную, але разам з тым вельмі спэцыфічную палітыку ў дачыненьні да тых, хто хоча працаўладкавацца за мяжой, праводзяць і Злучаныя Штаты Амэрыкі. Гэтай тэме будзе прысьвечаная адна з наступных перадачаў сэрыі "У сьвет на заробкі".

XS
SM
MD
LG