Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У краіне ацтэкаў


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнік: Уладзімер Клімовіч (Мэксыка).

Магчыма, шмат хто з нашых слухачоў памятае, як падчас перабудовы на беларускім тэлебачаньні зьявілася маладзёвая праграма “Крок”. Адным зь першых вядучых “Крока” быў малады выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту Ўладзімер Клімовіч. Пазьней беларускія тэлегледачы маглі бачыць яго ў якасьці вядучага праграмы “Землякі”. Праз тры гады праграма зачынілася, а папулярны вядучы больш так і не зьявіўся на блакітным экране.

Чаму перапынілася пасьпяховая кар'ера на тэлебачаньні таленавітага журналіста і мадэратара? На пытаньне, чаму беларускія гледачы так і не пабачылі больш Уладзімера Клімовіча на сваіх тэлеэкранах, я папрасіла адказаць яго самога.

(Клімовіч: ) “2 жніўня 2000 году я сышоў з трапа "Боінга" ў аэрапорце Мехіка”.

З таго часу Ўладзімер стала жыве у Мэксыцы, у цэнтральнай частцы краіны, паміж двума акіянамі – Атлянтычным і Ціхім, на плато, што узвышаецца на 2000 мэтраў над узроўнем гэтых самых акіянаў. Уладзімер лічыць гэтае месца самым прыдатным для жыцьця, бо там вечнае лета і шмат экзатычных фруктаў.

(Клімовіч: ) “Штат Гуанахуата, сталіца штату Гуанахуата, гэта горад прыкладна як нашая беларуская Ліда, дзе паблізу я нарадзіўся”.

У горадзе пад назваю Гуанахуата, якую беларусу нават цяжка вымавіць, сп. Уладзімер апынуўся не па добрай волі, а хутчэй па волі лёсу. Ягоную маладую сям’ю на той час напаткала бяда.

(Клімовіч: ) “Я не хацеў, шчыра скажу, ад'яжджаць, як бы перакрэсьліць усё, што ў мяне было. У мяне была праграма на тэлебачаньні, і грошы я зарабляў добрыя. Перамаглі абставіны, таму што мы павінны былі рабіць апэрацыю маёй жонцы з-за раку. Я думаю, што гэта наша экалягічная сытуацыя пасьля Чарнобылю ўсё ж паўплывала”.

Але чаму Ўладзімер і ягоная жонка Марына вырашылі шукаць паратунку менавіта ў Мэксыцы?

Некалькі гадоў перад тым у гэтую краіну выехала маці Марыны, спн. Натальля. Яна праз Інтэрнэт пазнаёмілася з мэксыканцам Вінсэнтам, за якога пасьля выйшла замуж. Яна і запрасіла дачку зь зяцем у 1998 годзе ў госьці. Краіна маладым спадабалася, але заставацца там яны і ня думалі. Вярнуліся дахаты, у Менску ў іх нарадзіўся сын Уладзіслаў. Калі сталася так, што трэба было ратаваць жыцьцё Марыны, яны вырашылі пакінуць забруджаную радыяцыйным чарнобыльскім попелам Бацькаўшчыну.

(Клімовіч: ) “Я лічыў, што паедзем сюды рабіць апэрацыю, менавіта з-за клімату, з-за экалёгіі. Я баяўся, што можам зрабіць апэрацыю ў нас у Беларусі, але гэтая радыяцыя зноў будзе і, магчыма, што рак ізноў можа аднавіцца. Зрабілі тут дзьве апэрацыі. Першая апэрацыя не была пасьпяховай, і ёй зрабілі другую апэрацыю. Дзякуй Богу, ужо прайшло 3 гады, яна нарадзіла другое дзіця, здаровае. Добра, што не павінны былі плаціць, таму што Вінсэнта ўключыў Марыну ў склад настаўнікаў школы. Тыя, хто працуе ў сфэры адукацыі, навукі, хто падвышае ўзровень краіны, для іх ёсьць праграма сацыяльнай абароны”.

Муж маці – сіньёр Вінсэнта істотна дапамог маладой сям’і, якая не магла сама заплаціць за апэрацыю, бо мэдыцына ў Мэксыцы каштуе даволі дорага. Гэты чалавек і надалей застаўся іхным апякуном, нягледзячы на тое, што пазьней яны ўсё ж разышліся са спн. Натальляю. Я пацікавілася, хто гэты чалавек?

(Клімовіч: ) “Ён даволі вядомы тут чалавек. Быў "сіндыко" 4 гады, яго партыя прыйшла да ўлады ў горадзе. "Сіндыко" – гэта чалавек, які кантралюе мэра. У структуры ўлады Мэксыкі "сіндыко" вышэйшыя за мэра. Ён вучоны, працуе у галіне лазернай фізыкі. Ён арганізаваў сваю прыватную школу. Марына ехала сюды, і ёй ужо было месца працаваць у гэтай школе. Яна псыхоляг па адукацыі”.

Пасьля выздараўленьня Марына засталася працаваць у школе сп. Вінсэнта. А як ў Вас, сп. Уладзімер, было з працаю, як увогуле пачуваліся на новым месцы?

(Клімовіч: ) “Я так думаю, што ў маім жыцьці гэта быў адзін з самых выпрабавальных момантаў. Я не працаваў недзе месяц ці два. Аглядаўся і трохі вывучаў гішпанскую мову. Я прыехаў толькі зь некалькімі сказамі: "Добры вечар", "Добрай ночы"...

Пасьля Марына ўладкавалася ў школу, ёй пачалі плаціць 300 даляраў. Гэта мала, сярэдні заробак каля 6 тыс. пэса, гэта 600 даляраў. А жылі мы пры доме Вінсэнта, у прыбудоўцы, недзе паўгоду.

Я пачаў шукаць працу, каб вывучыць мову. Пабачыў нейкую першую "Булачную", дзе прадавалі салодкі хлеб, і зайшоў туды. Там было напісана, што патрабуецца чалавек на працу. Я на нейкай ламанай гішпанскай мове, як мог, растлумачыў. Дзядзька, дырэктар гэтай "Булачнай", паглядзеў на мяне такімі вялікімі вачыма і сказаў, каб прыйшоў заўтра і прынёс дакумэнты, якія ёсьць.

Я прыйшоў назаўтра, узяў сваё пасьведчаньне Саюзу пісьменьнікаў, даведку, што быў вядучым на тэлебачаньні, узяў касэту з маімі песьнямі, мае кнігі, дыплёмы і ўсё, што ў мяне было. Расклаў перад ім на стале. Іісус яго звалі. Ён так неяк паглядзеў на мяне, маўчаў хвіліны тры, вывучаў, бо ўсё было на гішпанскай мове, я зрабіў пераклады. Ён усё прачытаў, падняў на мяне вочы і кажа: "Сіньёр (мяне упершыню назвалі сіньёрам), скажыце, а чаму Вы хочаце прадаваць мае булачкі?"

Зарплата там была сьмешная, 75 даляраў за 15 дзён, 150 даляраў выходзіла мне ў месяц. Павінен быў мыць падносы, булачкі лічыць. Ня важна, што я ў Менску езьдзіў на "Мэрсэдэсе" і мяне здымалі на тэлебачаньні.

У першы ж дзень мне далі сьпіс 300 назваў гэтых булачак, і я павінен быў вывучыць, каб ведаў, якую булачку даць.

У гэты час я хацеў чатыры ці пяць разоў зьехаць. Думаю: кіну гэтыя булачкі, з гэтымі падносамі. Было асабліва прыкра, што мэксыканскія дзяўчаты, якія працавалі ў гэтай краме, зь мяне пасьмейваліся, бо я нічога не разумеў”.

Зьмяніць сытуацыю да лепшага дапамог Уладзімеру той жа сіньёр Вінсэнта.

(Клімовіч: ) “Як раз тут мне прапанавалі пайсьці працаваць у інстытут. У нас школа, а тут называецца інстытут. Вінсэнту патрэбен быў чалавек, які выкладаў бы фізкультуру і сачыў бы за парадкам у школе. Гэта было для мяне вялікае шчасьце, каб кінуць гэтыя булачкі, хаця мяне там ужо павысілі. Гэты Іісус паглядзеў, што я добра працую і сказаў, што хоча мяне павысіць. Прайшло толькі тры тыдні. Ён сказаў: "Будзеш лічыць. Будзеш сачыць за імі, будзеш начальнікам". Я спачатку ўзрадаваўся, думаю: "Ну вось, цяпер гэтыя дзеўкі, гэтыя мэксыканкі будуць пішчаць, бо яны ж зь мяне сьмяяліся”. А пасьля мне стала вельмі сумна, бо я павінен быў лічыць – колькі булачак выпеклі, колькі прадалі.

Я выкладаў фехтаваньне і баскетбол. Фехтаваньне я ведаў з Акадэміі мастацтваў. Плацілі мне 300 даляраў. Размаўляў з гэтымі дзецьмі, а для дзяцей усе тэмы былі цікавыя, пра Беларусь, адкуль я прыехаў, як там у нас”.

Якое там увогуле стаўленьне да дзяцей, я ведаю, што ў гэтай краіне ёсьць нават афіцыйнае сьвята – 30 красавіка адзначаецца Дзень дзяцей. Як яно сьвяткуецца?

(Клімовіч: ) “Сьвята для дзяцей, калі ўсё купляецца для дзяцей. Старэйшы сын у сям'і, якому можа быць нават 6-7 гадоў, у гэты дзень можа быць гаспадаром дома. Можа патрабаваць, вось гэта хачу памяняць, ці тое пераставіць. Мэксыканцы ў гэты дзень усюды перасоўваюць мэблю. Ці загадвае, што будуць есьці ў сям’і.

Тут увогуле да дзяцей адносіны зусім іншыя, чым у нас. Нельга нават узвысіць голас на дзіця. Такая традыцыя, да дзяцей ставяцца, як да самага найлепшага, гэта самы вялікі скарб, што ёсьць у іх”.

Па словах Уладзімера, праца зь дзецьмі ў яго ішла пасьпяхова і сіньёр Вінсэнта быў ім цалкам задаволены. Але сам Уладзімер ужо пачаў марыць пра тое, каб знайсьці іншы занятак.

(Клімовіч: ) “Год затрымаўся ў Вінсэнта. А пасьля, як я быў чалавек ініцыятыўны ў Менску, і тут я ня мог утрымацца, каб не пачаць займацца нейкім бізнэсам. І я пачаў займацца машынамі, гэта тут самы хуткі заробак.

Я працаваў зь сябрамі-мэксыканцамі. Паехаў на мяжу с хлопцамі-мэксыканцамі, там на мяжы з ЗША купілі машыну. Купілі па машыне, яны сабе, а я сабе. Назад ехалі нелегальна, хаваючыся ад фэдэральнай паліцыі. Так я зарабіў у гэтым бізнэсе свае першыя 400 даляраў, за тыдзень я зарабіў больш, чым у Вінсэнта зарабляў за месяц”.

Празь некаторы час Уладзімер стварыў уласную фірму па продажы аўтамабіляў.

(Клімовіч: ) “Цяпер я ня ежджу на мяжу, цяпер я сяджу ў Цэнтральнай Мэксыцы, а хлопцы мне прыганяюць машыны, я ім плачу. Тут у гэтым горадзе толькі адна фірма, якая працуе з амэрыканскамі машынамі. Дык мне апоўначы ў хату скрабуцца, каб прадаў машыну, з грашыма. Я не ведаю, куды хавацца. У мінулым годзе прадаў 140 аўтамабіляў. Але таксама мне надакучыла. Ведаеце, з гэтымі машынамі я не магу, у мяне душа сьвярбіць па маіх абавязаньнях. Я думаю, для чаго я нарадзіўся? Я заўсёды зайздросьціў людзям, якія пішуць кнігі”.

Цяпер патрэбна сказаць пра тое, што Ўладзімер Клімовіч з 1995 году зьяўляецца сябрам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і сёньня трымае цесныя кантакты зь беларускім пісьменьніцкім асяродкам. Ці ўдалося Вам, сп. Уладзімер, зрабіць нешта на чужыне для беларускай літаратуры?

(Клімовіч: ) “Першае, што я павінен быў зрабіць для беларускай літаратуры, гэта здабыць фінансавую незалежнасьць. Калі няма чым заплаціць за школу для сына ці купіць нешта паесьці, то ня будзеш думаць пра літаратуру. У мяне цяпер ёсьць маленькая незалежнасьць, маленькая стабільнасьць, цяпер я магу думаць і пісаць. Напісаў эсэ "Шаптаньне з Мэксыкай". Ёсьць у мяне накіды некалькіх апавяданьняў. Сама краіна вельмі добрая для творчасьці, яна вельмі спакойная. Тут ня трэба клапаціцца пра зіму, як у нас. Не павінен зарабляць грошы на новае адзеньне, на новыя шыны, будаваць дамы з ацяпленьнем, будаваць печы”.

Ці ўдалося Вам ужо пабачыць старажытныя помнікі Мэксыкі, якія пакінулі па сабе мая і ацтэкі?

(Клімовіч: ) “Я быў на пірамідзе Сонца і пірамідзе Месяца ў Мэхіка. Хачу паехаць туды бліжэй да заліву, каб паглядзець культуру мая і культуру ацтэкаў”.

У Мэхіка знаходзіцца самая вялікая ў сьвеце арэна для бою быкоў. Гэта значыць, што традыцыя карыды там захоўваецца. Ці наведвалі Вы гэтае відовішча?

(Клімовіч: ) “Я быў на некалькіх карыдах. У нашым горадзе таксама ёсьць Плошча быкоў. Прыяжджаюць тарэадоры з Гішпаніі і свае мясцовыя. Калі карыда, то прыяжджаюць з усіх блізкіх гарадоў. Сапраўдная карыда, вядома забіваюць. Жанчыны кідаюць свае капелюшы тарэадору.Тут да крыві няма такога стаўленьня, як у нас.Чым больш крыві, тым больш жарсьцяў”.

Сярод мэксыканскіх нацыянальных страваў згадваюцца такія, як "звараны вуж”, ці “запечаная зьмяя". Давялося Вам паспытаць нешта такое?

(Клімовіч: ) “Ёсьць, але не давялося паспытаць. Але я паспытаў засушаных мурашоў. У крамах прадаюцца, засушваюць і зь півам ужываюць”.

Немагчыма не запытацца і пра тэкілу – адмысловы мэксыканскі моцны алькагольны напой, яна Вам спадабалася?

(Клімовіч: ) “Тэкіла мне спадабалася зь першага разу, яна шмат лепшая за нашу гарэлку. Гарэлка больш моцная, цяжка яе піць, а тэкіла мяккая. Яе робяць з кактуса і карысная, кажуць, што радыяцыю выводзіць. Калі перада мною стаіць пляшка тэкілы і пляшка гарэлкі, мая рука цягнецца да тэкілы. Я думаю, што заўтра ці пасьлязаўтра я зьеду з гэтай краіны і вярнуся ў Беларусь. Гарэлка ў кожнай краіне прадаецца, а тэкіла – ў Мэксыцы”.

Выглядае, што Вы ўсё ж зьбіраецеся вярнуцца на Бацькаўшчыну?

(Клімовіч: ) “Ня ведаю, у мяне часамі бывае такая настальгія. Паеду на два ці тры месяцы ў Беларусь, там якраз грыбы пойдуць”.

А для нашых слухачоў, ці раілі б Вы беларусам ехаць хаця б на заробкі ў Мэксыку?

(Клімовіч: ) “Не, на заробкі, не, я не параю. На жыцьцё, можна ехаць, тут добра. Усе мэксыканцы едуць на заробкі ў ЗША. Тут могуць зарабляць грошы толькі людзі, якія прыехалі працаваць у навуцы, навукоўцам плацяць добрыя грошы, недзе 2-3 тыс. даляраў”.

Зь Беларусі таксама бяруць?

(Клімовіч: ) “Бяруць, і беларусы працуюць, украінцы, расейцы. Літаральна нядаўна я запрасіў на дзень нараджэньня сына сямейную пару зь Менску, яны жывуць у суседнім горадзе Ліёне. Аляксандар працуе разам зь Вінсэнтам. Вінсэнта запрасіў яго зь Менску спэцыяльна на працу. Ён навуковец-лазершчык, працуе ў Ліёне ў навуковым інстытуце. А Люся, жонка яго, працуе выкладчыцай. Таксама ёсьць з Магілёва чалавек, там жа працуе ў інстытуце”.

Цяпер мы ведаем, што невялікая група беларусаў ужо ёсьць у Мэксыцы. Да гэтага часу беларуская эміграцыя не абазначыла сваёй прысутнасьці ў гэтай краіне. Працоўная эміграцыя на пачатку мінулага стагодзьдзя, а потым з Заходняй Беларусі пераважна ехала ў Аргентыну, Бразілію, Уругвай з краінаў лацінаамэрыканскага сьвету. Сёньня да іх можам залічыць і Мэксыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG