Удзельнікі: Натальля Завіла (Лунд), Алесь Лукавенкаў (Упсала)
Натальля Завіла жыве ў Швэцыі 4 гады, зараз ў горадзе Лунд, дзе знаходзіцца самы вялікі ўнівэрсытэт ў Скандынавіі. Сама яна вучылася там у асьпірантуры. У Беларусі Натальля скончыла Лінгвістычны ўнівэрсытэт, вывучала ангельскую, францускую і швэдзкую мовы, потым працавала там выкладчыкам, паступіла ў асьпірантуру і вырашыла працягнуць вучобу ў Швэцыі. Цяпер яна скончыла навучаньне, атрымала ступень магістра міжнародных зносінаў, працуе і стала жыве ў Швэцыі.
Ці патрэбна плаціць за адукацыю ў Швэцыі, сп. Натальля?
(Завіла: ) “У Швэцыі ўся адукацыя бясплатная, ня трэба здаваць ніякіх іспытаў, калі паступаеш вучыцца. Глядзяць, якія ў цябе адзнакі за сярэднюю школу”.
Падкрэсьлім, што гэта тычыцца ня толькі грамадзянаў Швэцыі, але і замежнікаў. Аднак гэта не азначае, што можна разьлічваць атрымаць адукацыю бяз значных фінансавых затратаў. Адной з умоваў прыёму на вучобу ёсьць наяўнасьць пэўнай сумы грошай на пражываньне, набыцьцё падручнікаў і іншыя расходы. Вы павінны мець у месяц на аднаго чалавека 6300 крон, на сям’ю патрабуецца дадатковая сума – 3000 крон на дарослага і 1800 на дзіця (нагадаем, што курс кроны да даляра складае прыкладна 7,5 крон за даляр, альбо 8,5 крон за эўра). Вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Швэцыі фінансуюцца дзяржаваю і стыпэндыі замежным студэнтам не выплачваюцца.
Дарэчы, калі Вы маеце дазвол на працу, то аўтаматычна вы атрымліваеце права на навучаньне ў Швэцыі, так што можна працаваць і адначасна вучыцца. Менавіта гэтую магчымасьць і скарыстоўваюць часам маладыя людзі зь Беларусі. Вось што паведаміла сп. Натальля:
(Завіла: ) “Я тут сустрэла сваю былую студэнтку, яна працавала ў паўднёвай Швэцыі па студэнцкай праграме па дагляду за дзецьмі (Au-Pair). У яе быў дазвол на працу, яна таксама мела магчымасьць вучыцца тут ва ўнівэрсытэце, таму што ў яе быў заробак і дазвол на працу, які аўтаматычна дае дазвол на вучобу”.
У Швэцыі налічваецца каля 60 вышэйшых навучальных установаў. Напачатку трэба ўстанавіць кантакт з той навучальнай установаю, дзе Вы хочаце вучыцца. Патрэбна падаць заяву за паўгоду да пачатку навучаньня. Формы патрэбных дакумэнтаў можна ўзяць у швэдзкіх дыпляматычных прадстаўніцтва. Інфармацыю пра ўнівэрсытэты і каледжы ў Швэцыі можна знайсьці ў Інтэрнэт (http://katalogen.sunet.se/cat/education/universities).
Каб навучацца ў Швэцыі, патрэбна ведаць швэдзкую і ангельскую мовы. Можна вучыцца ў Швэцыі і па лініі павышэньня кваліфікацыі. Для гэтага магчыма атрымаць стыпэндыю, найперш ад Швэдзкага інстытуту. Гэта дзяржаўная структура, якая рэалізуе праграмы па падтрымцы абмену студэнтамі і навуковымі супрацоўнікамі з замежнымі краінамі. Алесь Лукавенкаў зь Менску зараз якраз падвышае сваю кваліфікацыю ў Швэцыі.
(Лукавенкаў: ) "Атрымаў я стыпэндыю ад Швэдзкага інстытуту і навучаюся тут пры Упсальскім ўнівэрсытэце на факультэце скандынаўскіх моваў, я зацікаўлены швэдзкай моваю і вывучаю таксама ісьляндзкую. У Беларусі я выкладаю ў Лінгвістычным унівэрсытэце швэдзкую мову і пераклад з ангельскай. Зь Беларусі ў гэты час у Упсале я адзіны, перада мною быў яшчэ адзін хлопец з Менску, ён па лініі лесанарыхтоўкі, зьбіраў інфармацыю па гэтай тэме і вывучаў вопыт”.
Сп. Алесь, як можна атрымаць гэтую стыпэндыю?
(Лукавенкаў: ) “Гэта самастойна, зьвязваешся сам з унівэрсытэтам альбо са школаю. Калі ёсьць інстытут ці ўнівэрсытэт альбо нейкая арганізацыя, якія гатовыя прыняць чалавека для таго, каб ён там навучаўся ці праводзіў дасьледчую працу, тады з гэтым запрашэньнем можна падаваць дакумэнты ў Швэдзкі інстытут і яны вырашаюць пытаньне, даць стыпэндыю ці не. Ёсьць сайт у Інтэрнэт – http://www.si.se, там можна знайсьці нейкую інфармацыю”.
Варта падкрэсьліць, што перавагу тут аддаюць жадаючым з краінаў Балтыйскага рэгіёну, да іх шэрагу залічаная цяпер і Беларусь. Падаем адрас Швэдзкага інстытуту:
Svenska Institutet
Вох 7434
10391 Stockholm
тел. +46 8 453 7800, факс: +46 8 20 7248
Адна з нашых сёньняшніх суразмоўцаў – спн. Натальля Завіла – ня толькі вучылася ў Швэцыі, але і працуе там. Са спн. Натальляй мы пагаворым далей аб магчымасьці працаваць у Швэцыі. Сама яна пачала супрацоўнічаць з адной швэдзкаю фірмаю у якасьці перакладчыка яшчэ тады, калі жыла ў Беларусі. Так што ёй не давялося шукаць там працу, проста яна працягнула працаваць у гэтай фірме.
Спн. Натальля, якія магчымасьці ёсьць легальна працаваць у Швэцыі, якія шансы ёсьць у беларусаў?
(Завіла: ) “Легальныя шляхі існуюць, яны такія ж самыя, як і ва ўсім Эўразьвязе. Калі твой працадаўца хоча, каб ты працаваў, то ён зьвяртаецца ў швэдзкую амбасаду і міграцыйныя службы. Важна, наколькі ты ведаеш швэдзкую мову. З ангельскай моваю можна, калі ты працуеш у галіне кампутараў, праграмаваньня, можа тады не абавязковая швэдзкая.
У маім выпадку было так, што яны не глядзелі зь якой я краіны, таму што яны бачылі ўва мне спэцыяліста, я адпавядала іх патрабаваньням і ня думаю, што іх цікавіла, адкуль я. І я думаю, што таксама большасьці працадаўцаў патрэбныя спэцыялісты.
Зараз будзе можа трошкі цяжэй для такой краіны, як Беларусь. Зараз Эўразьвяз пашыраецца, і будзе шмат жадаючых знайсьці тут працу з краінаў Балтыі, з Польшчы, Славаччыны, Вугоршчыны. На маю думку яны будуць перш за ўсё браць тых, хто мае грамадзянства Эўразьвязу”.
У якіх галінах патрабуюцца спэцыялісты?
(Завіла: ) “Гэта ў галіне медыцыны, наколькі я ведаю. Патрэбна ведаць мову, але мову можна заўсёды вывучыць. Тут такая праблема, што швэдзкія дактары зарабляюць вельмі мала па швэдзкіх памерах, і шмат хто ад'яжджае ў суседнюю Нарвэгію, таму што там заробкі лепшыя, ці ў Вялікабрытанію. А тут працуюць, напрыклад, мэдычныя работнікі з Польшчы. Дактары, мэдсёстры і ўсё астатняе, што датычыцца працы ў сацыяльным сэктары. Санітаркі, напрыклад, санітаркі ў дамах для старых. У Швэцыі зараз дэмаграфічная праблема, насельніцтва старэе”.
Патрабуюцца ў Швэцыі і сэзонныя працаўнікі, напрыклад, на збор трускавак, лясных ягадаў, грыбоў. Тэрмін – ня больш 3 месяцаў. Дакладную інфармацыю можна пашукаць у Інтэрнэт, альбо ў спэцыяльных фірмах, якія займаюцца працаўладкаваньнем. Заўважым, што заявы на такую працу на летні сэзон 2004 году варта падаваць ужо цяпер.
Вось расцэнкі на аплату, якія дзейнічалі сёлета. Іх падае ў Інтэрнэце адна з фірмаў: збор чарніцаў – ад 7 да 8 крон за літр, белыя грыбы: 60-80 крон за кг. У новым сэзоне расцэнкі могут зьмяніцца. Аплата выдаецца наяўнымі ў канцы кожнага тыдня.
Які існуе парадак атрыманьня дазволу на працу? Падаем інфармацыю, узятую з сайта Міграцыйнай службы Швэцыі www.migrationsverket.se:
“Зьвяртацца па дазвол на працу трэба ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы Швэцыі ў сваёй краіне. Заяву трэба падаць не пазьней як за 6 тыдняў да ад’езду. Неабходна мець пісьмовае запрашэньне на працу, якое Ваш працадаўца павінен атрымаць у Бюро па працаўладкаваньні. Працадаўца павінен гарантаваць Вам аплату і падрыхтаваць для Вас жытло.
Рашэньне аб выдачы дазволу прымае Міграцыйнае ўпраўленьне па ўзгадненьні зь мясцовым Камітэтам па працы, там, дзе Вы зьбіраецеся працаваць. Вынікі разгляду справы атрымаеце ад дыпляматычнага прадстаўніцтва. За выдачу дазволу патрэбна плаціць. Дазвол выдаецца звычайна на год, альбо на час, указаны ў запрашэньні на працу, калі гэта, напрыклад, сэзонная праца. Для працы на тэрмін больш за 3 месяцы трэба афармляць від на жыхарства, на тэрмін да 3 месяцаў – дастаткова візы.
Калі дазвол выдаецца менш чым на год, трэба мець на ўвазе, што Вы ня будзеце карыстацца сацыяльнымі льготамі ў Швэцыі і мусіце мець страхоўку.
Дыпляматычныя прадстаўніцтвы Швэцыі не аказваюць дапамогу ў пошуках працы, гэта Вы павінны рабіць самі”.
Працягнем размову са cп. Натальляй Завіла. Яна паведаміла, што застаецца жыць у Швэцыі настала. Прычына ў тым, што яна выйшла там замуж за грамадзяніна гэтай краіны.
Сп. Натальля падзялілася ўласным вопытам – як беларуская дзяўчына прывабіла швэдзкага хлопца. Вось як адбылося іхнае знаёмства:
(Завіла: ) “З маім мужам мы пазнаёміліся тут на дыскатэцы ва ўнівэрсытэце. Ён таксама вучыўся, вывучаў міжнародныя адносіны. У нас была вечарына, яе рабіла кафэдра славянскіх моваў. І кожны павінен быў апрануць нейкі строй адпаведна славянскай гісторыі. У мяне з сабою быў бел-чырвона–белы сьцяг, і я ім абгарнулася, дакладней, як накідку павесіла і прыйшла. Мой муж, ён вельмі зацікавіўся, ён сам польскага паходжаньня, нарадзіўся ў Швэцыі, але ягоныя бацькі з Польшчы эмігравалі. І ён, як кожны сьвядомы паляк, ведаў, што ёсьць такая Беларусь і яе бел-чырвона-белы сьцяг. І мы так пазнаёміліся”.
Натальля мае права на працу ў Швэцыі, і таму ёй лягчэй было вырашаць усе юрыдычныя пытаньні, зьвязаныя са шлюбам. У іншым выпадку гэта больш складана.
Швэдзкае заканадаўства мае ў гэтай галіне свае асаблівасьці. Калі замежны грамадзянін ці грамадзянка ўступіць у шлюб з грамадзянінам Швэцыі, то адпачатку жыць у Швэцыі разам яны ня могуць, трэба чакаць атрыманьня віда на жыхарства па-за межамі Швэцыі і афармляць усё праз дыпляматычныя службы.
Сп. Натальля ўжо звыкла да новага жыцьця.
(Завіла: ) “Вельмі добрая краіна, мне вельмі падабаецца тут жыць. Мне асабліва падабаецца ў Швэцыі тое, што вельмі тут паважаюць жанчынаў.
Што яшчэ мне падабаецца як палітолягу – гэта тое, што тут існуе так званы “прынцып грамадзкасьці”. Любы чалавек з вуліцы, незалежна ад грамадзянства, можа прыйсьці ў любую арганізацыю, у любую суполку, нават дзяржаўную, і папрасіць, напрыклад, дакумэнты нейкага закрытага пасяджэньня, і ніхто не павінен пытацца, навошта вам гэты дакумэнт, як ваша імя, прозьвішча, а павінны адразу ж выдаць гэтыя дакумэнты, калі не дадуць, тады яны парушаюць закон. Калі спытаюцца пра вашае імя, гэта таксама будзе супроць закону. Ёсьць выключэньні, напрыклад, калі тычыцца пытаньняў стратэгічнай бясьпекі.
Журналісты заўсёды карыстаюцца гэтым. Вось, напрыклад, абвінавацілі прэм’ер-міністра ў тым, што ён за грошы падаткаплатнікаў паехаў у нейкую там вінадзельню ў Францыі, каштаваў там віно за грошы тых, хто плаціць падаткі. Журналісты неяк гэта высьветлілі, і цяпер ён павінен адказваць, чаму ён так рабіў і куды ён кожную крону выдаў у тым падарожжы да Францыі. Гэта, я лічу, вельмі добра. Падаткі высокія, але, ведаеш, што ніхто за іх там у хакей не гуляе”.