Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эміграцыя ў Швэцыю


Ганна Сурмач, Прага

Швэцыя cёньня зьяўляецца адной з самых прывабных краінаў для эмігрантаў. Менавіта Швэцыя і суседняя зь ёю Нарвэгія найбольш поўна выконваюць рашэньні Жэнеўскай канвэнцыі 1951 году аб дапамозе ўцекачам і сапраўды рэальна даюць прытулак многім людзям, якія апынуліся ў бядзе. Не апошнюю ролю для эмігрантаў адыгрывае і тое, што гэтая краіна займае адно зь першых месцаў у сьвеце паводле ўзроўню і працягласьці жыцьця.

Тры беларускія хлопцы – два Алесі з Горадні ды Сяржук зь Менску, жывуць цяпер у Стакгольме і чакаюць адказу ад уладаў Швэцыі на свае заявы аб палітычным прытулку. Яны пакінулі Беларусь з прычыны перасьледу за ўдзел у апазыцыйным руху. З двума зь іх мы пагутарым аб праблемах беларускага ўцекача ў Швэцыі. На просьбу суразмоўцаў, мы будзем называць іх толькі па імёнах, Алесем і Аляксандрам.

Маё першае пытаньне: сп. Алесь, як прымаюць уцекачоў зь Беларусі ў Швэцыі?

(Алесь: ) "Тут прымаюць, тут даюць грошы, за што жыць, даюць, дзе жыць. Трымаюць даволі нядоўга, гэта раней было доўга – 2 гады і больш. Зараз справа разглядаецца даволі хутка, ад 2 да 6 месяцаў".

Аляксандар далучыўся да нашай размовы

(Аляксандр: ) “Тут такая сыстэма, што калі прыяжджаеш сюды і просіш прытулак, то расьсяляюць па лягерох, а там ужо прадстаўляюць кватэры, дзе можаш жыць у пакоі па два-тры чалавекі. Потым ты можаш ехаць жыць у любы горад ці мястэчка ў Швэцыі. Але ты абавязкова павінен пакінуць сваю адрэсу. Мы раней былі ў розных месцах, але потым прыехалі ў Стакгольм, тут пазнаёміліся і зараз жывем у адной кватэры”.

На час разгляду справы швэдзкая дзяржава забясьпечвае жыцьцёвыя патрэбы эмігранта. На тэрыторыі краіны існуе каля 30 месцаў сацыяльнай адаптацыі уцекачоў. Кожны чалавек там атрымлівае грашовую дапамогу ў памеры прыкладна 250 даляраў на месяц. Калі ён сам наймае жытло, то дапамога зьмяншаецца да 200 даляраў, але выдаецца даплата на жытло, праўда, невялікая – 350 швэдскіх крон у месяц. Наняць аднапакаёвую кватэру каштуе 3300 крон (недзе каля 400 даляраў) у месяц. Звычайна эмігранты здымаюць па-за лягерам толькі спальныя месцы ў кватэрах, гэта каштуе прыкладна 1500 крон. Праз 4 месяцы эмігрант атрымлівае права на працу. Знайсьці працу можа дапамагчы дэпартамэнт сацыяльнай занятасьці”.

Нашы сёньняшнія суразмоўцы нядоўга затрымаліся ў лягеры, зараз усе яны ўжо патроху працуюць. Сп. Алесь, ці шмат там эмігрантаў зь Беларусі сустракаеце?

(Алесь: ) “Беларусаў сапраўдных тут даволі мала. Тых беларусам, каму сапраўды нешта пагражала ў Беларусі і якіх мы тут сустракаем, гэта адзінкі. На вялікі, вялікі жаль шмат людзей прыяжджаюць з Расеі, з Украіны, і яны тут просяць палітычны прытулак, як беларусы. На самай справе яны сюды прыяжджаюць красьці, рабаваць. І таму тут пра беларусаў складаецца ўражаньне даволі нядобрае”.

Што гэта за людзі, Вы ўпэўнены, што яны не зь Беларусі?

(Алесь: ) " Калі я сустракаю тых, якія называюць сябе беларусамі, я заўсёды з імі пачынаю размаўляць, пытацца, чаму яны зьехалі, адкуль яны. Бываюць сьмешныя выпадкі. Калі я пытаюся, хто прэзыдэнт у Беларусі, дык яны і гэтага ня ведаюць. Я кажу, што можа Мілошавіч, яны кажуць: "Так, так, Мілошавіч". Потым я кажу, што Мілошавіч – гэта ў былой Югаславіі, а ў Беларусі, магчыма, Кучма. Яны пацьвярджаюць: "Так, Кучма, Кучма ў нас". Вось да чаго даходзіць. Ня ведаюць пра Беларусь амаль нічога і здаюцца ў азыль пад беларусаў. Некаторыя нават атрымліваюць палітычны прытулак, ёсьць такія выпадкі, я іх ведаю".

Так ужо ў трэці раз мы ў нашай перадачы сутыкаемся з падобнай сытуацыяй. Пра тое, што за палітычных уцекачоў з Беларусі выдаюць сябе эмігранты з Расеі і іншых былых савецкіх рэгіёнаў нам распавядалі ўжо беларусы зь Нямеччыны і Швайцарыі. Найгорш тое, што шмат хто з расейскамоўных уцекачоў парушаюць законы, крадуць, а адказнасьць як бы часткова ляжыць і на беларусах.

Вось што піша адна ўцякачка ў лісьце да фірмы, якая аказвае паслугі эмігрантам, яго мы знайшлі ў Інтэрнэце.

“У Стакгольме цэлая сетка злодзеяў, якія істотна могуць аблегчыць жыцьцё ўцекача. Усё крадзенае прадаецца за палову кошту. Жадаеш кампутар, калі ласка, тэлевізар, лядоўню і г.д. Ну, і як да нас будуць ставіцца ў Эўропе? Галоўнае, попыт ёсьць, і не маленькі. Усе пытаюцца адзін ў аднаго – як так, чаму арабы ці чорнаскурыя атрымліваюць тут прытулак? А чаму дзівіцца? Нам у першы ж дзень у лягеры начальнік сказаў, што у Швэцыі крадуць толькі расейскамоўныя”.

Як у такой сытуацыі пачуваецца сапраўдным палітычным уцекачам з Беларусі, як да вас ставяцца?

(Алесь: ) "Вельмі адмоўна. Тут нам амаль што ня вераць, нашым дакумэнтам. Я прывёз сюды шмат дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, чаму я сюды прыехаў. Але яны гэтаму ня вераць таму, што ў большасьці падобныя дакумэнты хто набыў тут, хто яшчэ дома за грошы”.

Няўжо сапраўды такая вялікая праблема для ўладаў індэтыфікаваць гэтых людзей?

(Алесь: ) “Ёсць тэст на індэнтыфікацыю – беларус ты ці не. Калі здаеш інтэрвію, патрабуюць, каб ты 15 хвілінаў размаўляў на беларускай мове, а потым каб чытаў нешта па-беларуску. А тыя расейцы ці ўкраінцы кажуць, што яны вучыліся ў Беларусі ў расейскай школе, па-беларуску не размаўлялі і таму яны ня могуць праходзіць гэты тэст.Улады вымушаныя верыць ім, што яны прыехалі зь Беларусі".

Падобна, што легенды гэтым людзям за грошы складаюць адмысловыя фірмы. Вось якую аб’яву можна прачытаць у Інтэрнэце:

“Я прапаную іміграцыю ў якасьці ўцекача. Выкарыстоўваючы слабыя месцы ў іміграцыйным заканадаўстве краінаў Эўропы я падрыхтоўваю гісторыі для уцекачоў. Я магу дапамагчы вам застацца ў некаторых краінах Эўропы, калі ў вас ёсьць такое жаданьне выехаць як уцекач, з прыдуманаю мною гісторыяй вашага перасьледу. Так я атрымаў від на жыхарства для маёй сям’і ў Швэцыі”.

Плата за такія паслугі таксама ўказваецца – 1 тыс. даляраў.

Далей я запытала ў беларускіх хлопцаў са Стакгольму, ці маюць яны надзею атрымаць там палітычны прытулак?

(Алесь: ) "На вялікі жаль, як паказвае вопыт, мы не спадзяемся, мы ведаем, якія тут усё больш адмоўныя адносіны да ўцекачоў з Беларусі. Тут у асноўным атрымліваюць мурыны ці арабы. Беларусы – адзін ці два са ста чалавек".

Дапусьцім, вы атрымаеце адмову, што далей?

(Алесь: ) "Тут можна яе абскардзіць, а потым прыйдзе наступная, яе таксама можна. Але, калі не атрымаем станоўчага адказу, мы вымушаныя будзем пакінуць тэрыторыю Швэцыі”.

Вядома ж, тут адразу ўзьнікае пытанье, дзе далей могуць шукаць прытулку тыя, хто не атрымае яго ў Швэцыі? Далей яны могуць быць высланыя ў іншую краіну і ўжо там спрабаваць яшчэ раз падаць заяву на прытулак. Якая гэта будзе краіна, вызначаецца ў адпаведнасьці з Дублінскай канвенцыяй. Гэтую дамову ад 1990 года паступова падпісалі ўсе краіны – сябры Эўразьвязу, а таксама далучыліся Ісландыя і Нарвэгія. Згодна з гэтым дакумэнтам уцякач павінен прасіць прытулак у першай “бясьпечнай краіне”, куды ён прыедзе. Так што, калі ўцякач прыехаў у Швэцыю праз такую краіну, яго могуць туды вярнуць адразу, альбо пасьля атрыманьня адмовы. Пасьля адмовы на прытулак могуць выслаць таксама і ў тую краіну, якая выдала гэтаму чалавеку візу ў Эўразьвяз. Нагадаем, што да сьпісу гэтых “бясьпечных краінаў” належаць усе краіны Эўразьвязу і ў большасьці выпадкаў да іх далучаюць Нарвэгію, Польшчу і Чэхію. З далучэньнем да Эўразьвязу шэрагу новых краінаў гэты сьпіс зь вясны наступнага году істотна павялічыцца.

Вернемся да размовы зь беларускімі ўцекачамі ў Швэцыі. Вось што яны сказалі на разьвітаньне:

(Алесь: ) "Мы прыехалі сюды не назаўсёды. Калі нешта здарыцца ў Беларусі, калі нешта пачне мяняцца, мы дапаможам, чым зможам і калі трэба будзе, вернемся на Радзіму.

Хачу пакарыстацца гэтым выпадкам і перадаць прывітаньне Гарадзенскай Радзе БНФ і Маладому Фронту Гарадзеншчыны".

(Аляксандар: ) "Мне хацелася б сказаць "Дзякуй" вашаму Радыё Свабода. Калі я быў на Радзіме, то заўсёды мы з бацькам разам заўсёды слухалі. Я ужо зьехаў, але ў нас тут ёсьць магчымасьць карыстацца Інтэрнэтам. Мы заўсёды чытаем вас, гэта вельмі дапамагае таму, што паступае амаль уся інфармацыя, што робіцца ў Беларусі. Вельмі сумую па сваіх бацьках, хацелася б перадаць прывітаньне”.

Пра тое, якія магчымасьці ёсьць у Швэцыі для працы і навучаньня, мы будзем размаўляць у наступным выпуску нашай перадачы, які выйдзе ў эфір праз тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG