Удзельнікі: Вольга (Салерна), Валянціна (Нэапаль).
Слухачка нашай перадачы з Горадні, якая назвалася Надзеяй, папрасіла дапамагчы ёй знайсьці часовую працу ў замежжы. Справай працаўладкаваньня нашае радыё, зразумела, не займаецца. Але гэты званок з Горадні абазначыў тэму, якая цікавіць нашых слухачоў. Дзе і як можна зарабіць у замежжы? Пра гэта мы папросім распавесьці беларусаў, якія ўжо працуюць у іншых краінах і могуць падзяліцца сваім досьведам.
Для нашай першай перадачы на тэму “У сьвет на заробкі” мы выбралі Італію. Спадарыня Надзея паведаміла, што менавіта ў гэтую краіну цяпер імкнуцца на заробкі жанчыны зь Беларусі.
Нашыя сёньняшнія госьці – дзьве жанчыны, якія цяпер працуюць у Італіі легальна, маюць афіцыйны дазвол на працу. Але, пачыналі яны з таго, што выехалі туды ў якасьці турыстаў і засталіся там працаваць. Абедзьве яны папрасілі не называць іхныя прозьвішчы.
Спадарыня Вольга ў Італіі ўжо трэйці год. Візу ў адну з краінаў Эўразьвязу ёй аформіла за аплату фірма ў Менску, там жа яна набыла аўтобусны білет да Нэапалю. Далей усё залежала толькі ад яе самой.
(Сурмач: ) “Сп. Вольга, Вы тады прыехалі ў Нэапаль, што было далей, ці мелі Вы там нейкіх знаёмых?”
(Вольга: ) “Не, нікога ня мела. Першае пытаньне, якое я пачула на вакзале: "Ты наша?" Аказалася, што гэта была дзяўчына з Малдовы. Яна мне дала працу, я ёй заплаціла. Пераначавала ў яе, і потым яна адвезла мяне ў адну сям’ю. Мы дамовіліся так, што я там буду працаваць два тыдні, і калі мне не спадабаецца, ці я не спадабаюся, то гэтая дзяўчына знойдзе мне новую працу. Я адпрацавала тры тыдні, і гаспадыня сказала, што я ў іх больш не працую. І яна мяне выставіла на вуліцу. Калі я зьвярнулася да той дзяўчыны з Малдовы, яна сказала, што два тыдні прайшлі, і яна нічога ня будзе рабіць”.
(Сурмач: ) “Сп. Вольга ня мела тады вопыту працы на чужыне і адразу стала ахвярай падману, нават за гэтыя тры тыдні ёй заплацілі толькі палову. Яна падазрае, што паміж гэтымі жанчынамі была загадзя такая дамова, каб выкарыстоўваць такім чынам прыежджых.”
(Вольга: ) “Нікому ня верце. Гэта парада жанчынам, якія хочуць ехаць на заробкі. Пашпарт нікому ніколі не аддаваць, з рук не выпускаць і ніколі не плаціць наперад. Можна так дамаўляцца, што я іду, працую. Ёсьць такія працадаўцы з італьянскага боку, даюць працу “нашым”. Дык яны кажуць так – ты працуеш, а потым мне заплаціш. Вось так патрэбна рабіць. Калі прыедзеш на вакзал у Італіі, то могуць сустракаць і прапаноўваць працу, але яны кажуць, што спачатку трэба ім заплаціць. Ты плаціш, а потым цябе проста выстаўляюць, і ўсё на гэтым.
Лепш бяз працы пабыць недзе тыдзень, агледзецца і ніколі не кідацца вось так адразу. Можна знайсьці каго-небудзь, дамовіцца каб здаў ложак за 5 даляраў за ноч.
Няма такіх сытуацый, што зусім бязвыходныя, можна заўсёды знайсьці нейкі выхад”.
(Сурмач: ) “Вы апынуліся бяз працы, якое Вы знайшлі выйсьце? Што было потым?
(Вольга: ) “А потым пачалося хаджэньне па пакутах. Я потым ужо зьвярнулася проста на вуліцы, тут любая ўкраінка вам пакажа куды трэба зьвярнуцца, абавязкова нехта дапаможа. І адна жанчына, якая там была ўжо некалькі гадоў пазнаёміла мяне з італьянцам, які мне прапанаваў новую працу. Я другі раз заплаціла за працаўладкаваньне. Але, гэты мужчына узяў грошы толькі пасьля месяца, як я месяц адпрацавала. Вось так патрэбна рабіць, не трэба плаціць раней”.
(Сурмач: ) “Заўважым, што на той момант тэрмін побыту ў Італіі для сп. Вольгі ўжо скончыўся і яна стала нелегальным эмігрантам у гэтай краіне. На якія працы бяруць такіх людзей?”
(Вольга: ) “На працу для нелегалаў – гэта самая брудная праца, самая цяжкая – у полі, напрыклад, памідоры зьбіраць. Вельмі цяжкая. Ёсьць нашыя жанчыны, але гэта тыя, якія прывыклі дома працаваць, а не ў полі. Гэта ж цёплая краіна і там, як у парніку, пад плястыкам, пад 60 градусаў, пэўна, летам там ня вытрымаць. Ужо ніякіх грошай не захочаш”.
(Сурмач: ) “Якія заробкі на такой працы?”
(Вольга: ) “Недзе ад 400 эўра у месяц і вышэй. Але трэба яшчэ недзе жыць, трэба есьці. Даюць можа такі прычэп турыстычны, там можна жыць у блёку учатырох, трэба за гэта плаціць. Гэта тое, што я бачыла на свае вочы”.
(Сурмач: ) “Большасьць жанчынаў знаходзяць усё ж лягчэйшую працу, некаторыя працуюць у барах, у рэстарацыях. Найбольш верагодна знайсьці працу для тых, хто прыехаў упершыню ў якасьці хатняй прыслугі ці па дагляду за дзецьмі і старымі. Сёньня Італія стаіць на адным зь першых месцаў у сьвеце па працягласьці жыцьця.”
(Вольга: ) “Я калі прыехала ў Італію, то ў мяне было такое ўражаньне, што адны толькі старыя жывуць у гэтай краіне. Яны заўсёды з самага ранку ў барах сядзяць, кураць, п’юць каву. Усе дагледжаныя, добра апранутыя, бо ёсьць за што, ёсьць свая капейка”.
(Сурмач: ) “Менавіта ў справе дагляду за старымі і патрабуе сёньня італьянскае грамадзтва танную працоўную сілу зь менш багатых краінаў. Сп. Вольга, ці часта Вы сустракаеце там беларусак? Наагул зь якіх краінаў пераважна жанчыны прыяжджаюць працаваць?”
(Вольга: ) “Тут у нас вельмі мала, я ведаю можа 4-5 беларусак. Ёсьць вельмі шмат украінак, трохі расеек, баўгаркі і полькі”.
(Сурмач: ) “Але для атрыманьня працы па дагляду за старымі трэба адпавядаць адной важнай умове...”
(Вольга: ) “Калі хочаце працаваць, трэба хоць трошкі ведаць мову, хаця б простыя фразы. І потым можна знайсьці працу у хаце, даглядаць старэнькую бабулю. Калі трохі ведаеш мову, то можаш быць “бэйбісытэрам”, зь дзеткамі. Але, ня вельмі “нашых” хочуць браць”.
(Сурмач: ) “Такім чынам варта заняцца моваю да выезду?”
(Вольга: ) “У Менску, я ведаю, дастаткова ёсьць курсаў італьянскай мовы.”
(Сурмач: ) “Калі жанчына наважыцца усё ж ехаць бяз веданьня мовы, то будзе навучацца там, але напачатку будзе цяжэй знайсьці працу.”
(Вольга: ) “Вельмі, вельмі цяжка знайсьці такую працу, але можна. Гэта будзе тая праца, ад якой адмовіліся тыя, хто ведае мову. Можа яна ня будзе горшая, але будзе недзе далёка, ня ў горадзе, можа ў вёсцы.”
(Сурмач: ) “Сама Вольга ўжо раней бывала ў Італіі, троху валодала мовай і таму ёй прапанавалі даволі прыстойнае месца – даглядаць самотную хворую бабулю, якая жыве асобна ад сваіх дзяцей.”
(Вольга: ) “Ёсьць жанчыны, якія жывуць у сям’і, дзе 5-6 чалавек, маленькія дзеці і старыя. Крыўдна, што на нашу аплату гэта не ўплывае – ці вялікая сям’я, ці як я працую з адной бабулькай. У яе ёсьць дзеці, але яны далёка, сын, які плаціць мне грошы, прыходзіць раз на тыдзень. Мне, скажам, пашанцавала у гэтым пляне. Але, мне не пашанцавала ў тым, што я зусім не магу выходзіць на двор, зусім не выходжу і бабуля мая не выходзіць. Мы жывем у кватэры чатырохпакаёвай, вялікай. Два гады амаль не выходзячы з кватэры – гэта вельмі цяжка”.
(Сурмач: ) “Які, звычайна, заробак?
(Вольга: ) “520 эўра, можа быць недзе 450 у месяц і вышэй. Але, гэта ты жывеш, у цябе ёсьць дах над галавою і ты не траціш свае грошы на тое, каб сябе пракарміць”.
(Сурмач: ) “Вас прывялі ў сям’ю, якая размова адбываецца паміж Вамі і працадаўцам, чым цікавяцца?”
(Вольга: ) “Яны пытаюцца, колькі табе гадоў, ці ты ўмееш добра гатаваць ежу, ці ёсьць у цябе сям’я?”
(Сурмач: ) “У Амэрыцы, напрыклад, для такой працы патрабуецца прайсьці спэцыяльныя курсы і атрымаць пасьведчаньне. Як гэта ў Італіі, ці патрабуюць нейкі дакумэнт?”
(Вольга: ) “Не, ніхто ніякіх дакумэнтаў не пытаецца”.
(Сурмач: ) “Ці залежыць магчымасьць атрымаць працу ад узросту?”
(Вольга: ) “Зусім маладзенькую, канечне, не хочуць браць, каб была такая жанчына, якая ўмее ўсё рабіць – хатнія справы. Гадоў 35, за трыццаць – найлепшы ўзрост хіба”.
(Сурмач: ) “Сп. Вольга дадала, што і жанчыны за 50 гадоў таксама могуць разьлічваць знайсьці працу. А нейкую пісьмовую дамову, пэўна, працадаўца з вамі, як з нелегалкаю, не падпісваў?”
(Вольга: ) “Не, так было раней, калі я прыехала. Потым выйшаў закон, па якім тыя, хто працаваў у сем’ях, хто меў працу, але ня быў зарэгістраваны, усіх зарэгістравалі”.
(Сурмач: ) “Сп. Вольга мае на ўвазе новы іміграцыйны закон, які ўступіў у сілу ад 9 верасьня 2002 году. Італійскія ўлады пайшлі на тое, каб легалізаваць незаконных эмігрантаў, якія на той час працавалі ў краіне. Так сп. Вольга атрымала магчымасьць зарэгістравацца і далей легальна працаваць у Італіі.”
(Сурмач: ) “Ці былі нейкія праблемы з рэгістрацыяй?”
(Вольга: ) “Там была ўмова, што чалавек павінен мець пашпарт і штамп, што ён прыехаў легальна, гэта потым ужо я стала нелегалам. Я ні ад каго не хаваюся. І толькі потым я парушыла іх заканадаўства і засталася на больш доўгі тэрмін. Такія як я, мы маем права зарэгістравацца і нам даюць дакумэнт, што мы маем працу, нам даюць страхавы поліс і мы становімся легальнымі. У нас ёсьць кантракт на працу. Я з гаспадаром падпісала кантракт. Я пакуль ня маю віду на жыхарства, маю толькі дазвол на працу. Гэты дазвол дае мне права раз у год ці больш паехаць дадому і вярнуцца”.
(Сурмач: ) “Калі гаспадар захоча перапыніць кантракт, якія для Вас будуць наступствы?”
(Вольга: ) “Нават, калі ён мне скажа – не, то ён не мае права скасаваць мой дазвол на працу і з гэтым дазволам на працу я маю права быць бяз працы 6 месяцаў, каб шукаць іншую працу”.
(Сурмач: ) “Ці даюць нейкі адпачынак?”
(Вольга: ) “Пааодле таго кантракту, які я падпісала, у мяне ёсьць адпачынак. Як мне растлумачыў мой гаспадар, у Італіі робіцца так – даецца адзін дзень адпачынку за месяц працы”.
(Сурмач: ) “Ці вы параілі б беларускім жанчынам ехаць на заробкі у Італію?”
(Вольга: ) “Калі ўжо зусім, зусім прыцісьне. Бо я ведаю шмат жанчынаў, якія прыехалі і празь месяц паўцякалі. Я казала ім: "Хаця адпрацуйце грошы, што напазычалі на дарогу". "Не, не, лепей дадому, лепей я буду дома сухую скарынку хлеба грызьці, але каб тут мною так не пагарджалі, каб мяне не шпіналі".
Трэба вельмі, вельмі моцную вытрымку мець. У мяне бывалі такія моманты, што я плакала начамі. Толькі адно мяне магло трымаць, я сабе казала: "Гэта ж усё за грошы, ты ж ехала сюды грошы зарабляць, дык зарабляй, гэта ж табе не 50 даляраў дома за месяц, а трохі ж болей".
Вось так кінуць сваю краіну і паехацьу чужую на заробкі вельмі цяжка. Гэта справа не для слабых. Гэта ўжо калі вельмі прыціснула жыцьцё. Трэба мець характар такі стойкі, каб усё вытрымаць”.
(Сурмач: ) “Мы гаварылі цяпер пра жанчынаў. Відавочна, што ў Італіі яны маюць больш шанцаў на працу. А якія магчымасьці ёсьць для мужчынаў-імігрантаў?”
(Вольга: ) “Мужчыны, якія прыяжджаюць, яны працуюць больш за ўсё недзе на будоўлях або недзе ў гарах з жывёламі, дзе вельмі цяжка і брудна, і мала плацяць”.
(Сурмач: ) “Другая наша суразмоўца спадарыня Валянціна, па адукацыі настаўніца малодшых клясаў, прыехала ў Італію паўтары гады таму не на пустое мейсца. Яе сустракала стрыечная сястра, якая і дапамагла знайсьці працу.
Валянціна таксама працавала ў сям’і, даглядала дзіця і вяла ўсю хатнюю гаспадарку. Мову зусім ня ведала, але цяпер ужо больш-менш размаўляе. Адносіны да яе з боку гаспадароў былі добрыя. Ёй наагул камфортна пачуваецца ў італьянскім грамадзтве.”
(Валянціна: ) “Адносіны нармальныя, гэта залежыць ад людзей, як і ў нас. Тут людзі больш адкрытыя, усьміхаюцца, вітаюцца. Мне гэтага не хапала ў Менску, не хапала гэтых усьмешак. “Як справы? Ты сёньня добра выглядаеш,” – тут так гавораць амаль на кожным кроку”.
(Сурмач: ) “Праца ў якасьці хатняй прыслугі задаволіла сп. Валянціну толькі напачатку. Пасьля таго, як яна таксама змагла ў адпаведнасьці з новым законам легалізавацца і атрымаць права на працу, яна пачала шукаць іншы занятак.”
(Валянціна: ) “Хочацца мне знайсьці нешта лепшае. Я зараз спрабую. Я працую ў адной фірме, якая займаецца рэклямай. Мне яшчэ не хапае веданьня мовы, каб працаваць у поўную сілу. Я думаю, што мы заслугоўваем большага, ня ўсё ж жыцьцё падлогу мыць!
Многія нашыя беларускія жанчыны, я ведаю, паступаюць тут ва унівэрсытэты. У мяне адна знаёмая паступіла ў гэтым годзе ва ўнівэрсытэт. І знаходзяць лепшую працу па сваёй ранейшай спэцыяльнасьці і замуж выходзяць”.
(Сурмач: ) “Ці Вы асабіста ведаеце жанчын зь Беларусі, якія пабраліся шлюбам з італьянцамі? Наколькі шчасьлівыя такія сужэнствы?”
(Валянціна: ) “Так, у мяне сяброўка тут замужам. Я ня ведаю, на мой погляд, не, надта шчасьлівы шлюб, але яе задавальняе. Ёй папаўся такі муж, які яе нікуды не выпускае. Такі сапраўдны італьянец: жонка павінна быць дома. Яны раўнагодкі, па 30 гадоў ім. Яна лічыць, што лепш так быць тут, чым там дома бяз грошай сядзець. Яна ягоная жонка, ён яе утрымоўвае, тым ня менш, яна не можа некуды пайсьці, сустрэцца зь сяброўкай, пайсьці па крамах, у яе такога няма”.
(Сурмач: ) “Валянціна не шкадуе, што прыехала ў Італію. Яна ўпэўненая, што мае тут лепшыя перспектывы, чым дома. Сп. Валянціна, а якія парады Вы можаце даць жанчынам, якія хочуць паехаць у Італію на заробкі?”
(Валянціна: ) “Калі на столькі бязвыходнае становішча, то, канечне, варта паспрабаваць. Можна зарабіць. Калі маеце канкрэтную мэту – менавіта, зарабіць, тады трэба эканоміць. Трэба сябе настроіць на тое, што гэтыя грошы трэба ўсе адкладаць і ва ўсім сабе адмаўляць, тады будуць нейкія грошы. А так, тут жыцьцё дарагое і грошы вельмі хутка разыходзяцца – тэлефон, у выходны дзень хочацца пагуляць, хочацца з адзеньня нешта сабе купіць, у цырульню схадзіць”.
(Сурмач: ) “Тым беларускім жанчынам, хто вырашыць шукаць заробкаў менавіта ў Італіі, мусім патлумачыць, што мінулагодняя акцыя рэгістрацыі нелегальных працаўнікоў у Італіі насіла разавы характар, і яна не распаўсюджваецца на тых, хто прыехаў ў краіну пасьля яе заканчэньня ці прыедзе цяпер.
У Італіі нелегальная праца небясьпечная як для самога імігранта, так і для працадаўцы. Вось што гаворыцца ў новым іміграцыйным законе.
“Замежнік, які ня мае дазволу на жыхарства павінен пакінуць тэрыторыю Італіі. На пачатку ён перапраўляецца ў спэцыяльны цэнтар на 60 дзён, дзе будзе праведзенае высьвятленьне ягонай асобы. Замежнік, які быў выстаўлены з краіны і без дазволу ізноў вярнуўся ў Італію лічыцца злачынцам. Працадаўцы, якія даюць працу для людзей, што ня маюць дазволу на жыхарства, ці ў якіх фальшывыя альбо пратэрмінаваныя дакумэнты, могуць быць пакараныя арыштам ад 3 месяцаў да году і штрафам у памеры да 5 тыс. эўра за кожнага прынятага імі нелегальнага працаўніка”.
Аднак, як паведамілі нашыя суразмоўцы, у Італіі існуе патрэба ў працаўніках па дагляду за старымі і дзецьмі, бо на гэтую працу звычайна ня ідуць італьянскія жанчыны. Так што, на іх думку, ня выключана, што практыка разавай легалізацыі імігрантаў будзе працягнутая. Інфармацыю пра новы іміграцыйны закон Італіі можна паглядзець у Інтэрнат на сайце: www.ciaocacao.it/legge_bossi_fini.htm