Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская лятарэя Green Card: досьвед тых, хто выйграў

Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Сяргей Раманюк (Кліўлэнд), Віта Яблын (Нью-Джэрсы), Віталь Генералаў (Нью-Ёрк), Тацяна Ількіў (Нью Джэрсы)

1 лістапада распачаўся чарговы тур амэрыканскай лятарэі на атрыманьне Green Card. Шмат хто з грамадзянаў Беларусі ўжо раней атрымаў жаданы выйгрыш і жыве сёньня за акіянам. Летась анкеты 966 чалавек зь Беларусі аказаліся выйгрышнымі. Іхны прыклад заахвочвае тых, хто жадае і не баіцца зьмяніць сваё жыцьцё.

Cёньня мы сустракаемся з новымі беларускімі эмігрантамі ў ЗША, якія паверылі ў тое, што лятарэя Green Card дае рэальны шанец легальна жыць і працаваць у Амэрыцы.

Сяргей Раманюк з Гародні меў на Радзіме добрую працу, быў дацэнтам медінстыта. Сяргею пашанцавала зь першага разу, у 1998 годзе ён атрымаў паведамленьне аб выйгрышы, а ў наступным годзе выехаў у ЗША, цяпер ён жыве ў горадзе Кліўляндзе, штат Агаё.

(Сурмач: ) “Сп. Сяргей, ці мелі Вы нейкія праблемы з афармленьнем дакумэнтаў?”

(Раманюк: ) “Афармляць дакумэнты было не складана. Ня трэба было зьвяртацца да ніякіх кантораў-пасярэднікаў па дапамогу... Праблемы? Ва ўсіх было вельмі дрэннае ўражаньне, што мы выяжджаем, што мы як бы здраднікі краіны. Таму псыхалягічна было ня вельмі прыемна, калі я зварочваўся па дакумэнты ў розныя ўстановы, калі звальняўся з працы..."

(Сурмач: ) “Калі Вы рыхтавалі дакумэнты на выезд, ці ў Вас пыталіся, дзе хочаце жыць у ЗША, ці рабіліся нейкія прапановы аб месцы жыхарства?”

(Раманюк: ) "Абсалютна ніхто нічога не прапаноўвае, гэта твой выбар, можаш ехаць хоць на Аляску, хоць ў Флярыду ці Каліфорнію. Яны толькі хочуць, каб ты даў нейкую сталую адрэсу, куды даслаць тваю Green Card.

Справа у тым, што ніхто тут цябе не чакае, спадзявацца хоць на нейкую дапамогу, калі ў цябе няма знаёмых, сяброў ці крэўных, абсалютна няма надзеі. Калі ты адзін, ты прылятаеш у аэрапорт і далей павінен ісьці ў гатэль, ты ня маеш ніякіх прывілеяў. Наадварот, калі ты падпісваеш паперы ў кансуляце, ты даеш абяцаньне, што ня будзеш прэтэндаваць ні на якія сацыяльныя дапамогі. І дзеці, і людзі пэнсійнага ўзросту павінны таксама сябе ўтрымоўваць. Калі паджылы чалавек захоча атрымаць фінансавую дапамогу, ён павінен мець страхоўку і хоць нейкі працоўны стаж. Для дзяцей, калі бедная сям'я, бацькі могуць зьвярнуцца да спэцыяльных фондаў, каб атрымаць для іх мэдычную страхоўку. Усё гэта залежыць ад штата, у кожным штаце па-рознаму".

(Сурмач: ) “Вы выбралі для жыхарства горад Кліўлэнд, з чым гэта было зьвязана?”

(Раманюк: ) "Мой выбар быў зьвязаны толькі з тым, што я атрымаў падтрымку ад беларуса Васіля Мельяновіча са старэйшай хвалі беларускай эміграцыі. Я ведаў, што ў Кліўлэндзе ёсьць беларускае асяродзьдзе, і я спадзяваўся на тое, што для мяне будзе там добрая магчымасьць хаця на першым часе з кімсьці камунікавацца, як кажуць.

Васіль Мельяновіч на той час быў адзіным чалавекам, які быў гатовы дапамагчы, з усіх, да каго я зьвяртаўся па дапамогу. Гэта былі мае аднакурснікі-дактары, якія выехалі раней. Я да іх зьвяртаўся, але ўсе мне прапаноўвалі толькі адно – знайсьці адваката, які мне дапаможа ўсё аформіць, а я толькі павінен заплаціць на іх думку зусім нядорага – 60 даляраў за гадзіну.

Адзіны толькі беларус Васіль пазваніў мне сам дахаты і сказаў: "Прыяжджай, будзеш жыць у маёй хаце напачатку, з усім дапамагу". Усё, што абяцаў, ён зрабіў. Жыў я ў яго месяц, ён дапамог мне аформіць усе дакумэнты, знайсьці першую працу, купіць першую машыну. Беларусы Кліўлэнда таксама дапамаглі. Лук'янчык Анатоль – вельмі добры чалавек, дапамог. Таму я вельмі задаволены, што выбраў Кліўлэнд і старую беларускую эміграцыю”.

(Сурмач: ) “Сяргей Раманюк і сам стаўся добрым папаўненьнем для беларускай грамады ў Кліўлэндзе. У адрозьненьне ад шмат якіх новых эмігрантаў, Сяргей адразу далучыўся да грамадзкага жыцьця тамтэйшых беларусаў. Цяпер ён зьяўляецца намесьнікам старшыні філіі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў штаце Агаё.

Спадар Сяргей, Вы – мэдык, што чакае ў ЗША чалавека вашай прафэсіі з Green Card, ці лягчэй доктару знайсьці працу, чым прадстаўнікам іншых прафэсій?”

(Раманюк: ) "Думкі аб тым, што можна адразу атрымаць якую-небудзь працу таму, што ты мэдык і маеш добрую практыку, памылковыя. Нікога не цікавіць твой працоўны вопыт, які ў цябе быў за межамі Амэрыкі. Іх цікавіць толькі тое, дзе і як доўга ты працаваў у ЗША.

Каб атрымаць права на працу, трэба здаць экзамены і гэта займае некалькі гадоў. Амэрыканцы прызнаюць наш дыплём, але ты павінен, як і выпускнік амэрыканскай мэдычнай школы, прайсьці тры экзамены, яны даволі цяжкія. Гэта ўсё на ангельскай мове, яны арыентаваныя на выпускніка амэрыканскай школы, дзе троху па-іншаму ўсё выкладаецца. Трэба гады два сядзець у хаце, па 6-8 гадзін рыхтавацца і ты іх здасі. А потым ты павінен папасьці ў рэзыдэнтуру, а гэта яшчэ больш складана, у нас гэта інтэрнатура. Калі ты за тры гады ня пройдзеш рэзыдэнтуру, ты ня будзеш мець права на прыватную практыку. Для дактароў, якія скончылі школу за межамі Амэрыкі, месцы ў рэзыдэнтуру вельмі лімітаваныя. Сёньня ў Амэрыцы каля 50 тысячаў замежных дактароў, якія здалі экзамены і якія ня могуць атрымаць магчымасьць скончыць рэзыдэнтуру".

(Сурмач: ) “А як у Вас з працаю?”

(Раманюк: ) “Я паглядзеў, што мне пад 40 гадоў, што з моваю у мяне яшчэ ня так добра, што у мяне двое дзяцей, якіх трэба карміць і вучыць, і я палічыў, што гэта зойме ў мяне 4-5 гадоў, гэтага часу ў мяне не было. І я ўспомніў, калі ў мяне быў навуковы кіраўнік акадэмік Алмазаў – кардыёляг. Ён казаў, што многія мэдыкі-навукоўцы, якія выехалі ў замежжа, шукаюць працу не ў клінічнай мэдыцыне, а ў навукова-дасьледчай галіне. І я пайшоў па гэтым шляху.

Першыя 6-7 месяцаў я працаваў на розных працах, нават працаваў у Беларускім цэнтры "Полацак", а потым атрымаў працу ў дасьледчым аддзеле Цэнтру па вывучэньню сну. Там я адпрацаваў амаль два гады, пасьля я знайшоў працу ў адным прыватным цэнтры, гэта прыватная мэдычная кампанія, якая займаецца дыягностыкай і лячэньнем праблемаў сну. Цяпер я ўжо другі год там, і я атрымаў пасаду дырэктара цэнтру. У гэтым цэнтры працуюць 7 тэхнікаў і група дактароў-пульманолягаў. Яны працуюць з тэстамі, якія мы праводзім для пацыентаў. Мяне прынялі ў сябры Амэрыканскай акадэміі мэдыцыны сну."

(Сурмач: ) “Ці Вы задаволены, што выйгралі лятарэю, якая кардынальна зьмяніла Вашае жыцьцё?”

(Раманюк: ) "Я не магу сказаць, што я цалкам задаволены. У тым сэнсе таго, што ёсьць шмат пазытыўнага, але і вельмі шмат нэгатыўнага ў такой перамене жыцьця. Я думаю, што эміграцыя добрая для людзей вельмі маладога ўзросту. Эміграцыя ў другой палове жыцьця – гэта праблема. Мне было 37 гадоў, у мяне жонка такога ж узросту, дачцы тады было 14 гадоў і сыну 11 гадоў".

(Сурмач: ) “Але ўсё ж хачу запытацца, як лічыце, гэтая гульня вартая таго, каб у ёй удзельнічаць?”

(Раманюк: ) "Абсалютна варта, але толькі ў тым сэнсе, што чалавек павінен як бы сам сабе даказаць, што ён варты чагосьці. Нашыя людзі – беларусы – вартыя лепшай долі. Эміграцыя і паездка на працу ў другую краіну гавораць аб тым, што мы жывем матэрыяльна ня так багата не таму, што мы ня здольныя, а таму, што ўмовы для таго, каб рэалізаваць свае магчымасьці, не адпавядаюць здольнасьцям людзей, якія жывуць там. Амэрыканцы ствараюць такія ўмовы, што калі ты працуеш і калі ў цябе ёсьць галава, то ты заробіш грошы на тое, каб у цябе была і добрая хата і добрая машына, каб дзеці твае вучыліся ва ўнівэрсытэце. Толькі патрабуецца, каб ты аддана працаваў".

(Сурмач: ) “Былая жыхарка Менску Віта Яблан цяпер жыве ў штаце Нью-Джэрсы. Пяць гадоў таму яна выйграла Green Card, але ехаць на эміграцыю не наважылася. Аднак, абыйсьці лёс усё ж не атрымалася. Праз тры гады ў лятарэі выйграў ейны муж, і гэтым разам яны вырашылі скарыстаць шанец. На той час ў Амэрыцы ўжо жыла маці Віты і ім было да каго ехаць. Яны з двума дзецьмі выехалі ў ЗША ў 2001 годзе, падрыхтоўка да выезду заняла ў іх паўтары гады. Я распытала ў спадарыні Віты пра іхны вопыт афармленьня дакумэнтаў на выезд.”

(Яблан: ) "Калі выігрываеш, яны адразу прысылаюць вялікі пакет з дакумэнтамі, якія трэба запоўніць. Потым прысылаюць наступны, калі ты падыходзіш па ўсіх парамэтрах, тады яны пасылаюць наступны пакет і там указана, калі будзе інтэрвію.

Цяжкасьцяў асаблівых не было, галоўнае, патрэбна было, каб мець з Амэрыкі падцьверджаньне, што нехта вам дапаможа. Яго дала маці. Грошы трэба было для афармленьня ў Польшчы, на дарогу.

Мы павінны былі заплаціць у амэрыканскай амбасадзе каля тысячы даляраў за асобу. Каб правільна аформіць дакумэнты, трэба было знайсьці чалавека, які можа гэта рабіць. Мы знайшлі ў Менску офіс адзін, там мне дапамаглі. Афармлялі дакумэнты спачатку ў Менску, а потым мы павінны былі ехаць з гатовымі дакумэнтамі ў Варшаву на інтэрвію”.

(Сурмач: ) “Хацелася б зьвярнуць ўвагу на тое, што ў адрозьненьне ад нашага першага суразмоўцы, які сам афармляў усе дакумэнты, спадарыня Віта скарысталася дапамогаю спэцыяльнай фірмы. Практыка сьведчыць, што да дакумэнтаў трэба ставіцца асабліва ўважліва.”

(Яблан: ) “Трэба вельмі дакладна афармляць дакумэнты, пісаць толькі праўду. Бываюць такія моманты, што чалавек забыўся, ці нешта забыў напісаць і потым могуць быць праблемы, што нават могуць і візу ня даць. Асабліва жанчыны, бывае, што калі падае паперы, яна яшчэ не замужам, мае дзявочае прозьвішча, калі выйдзе замуж, у яе іншае прозьвішча. Трэба памятаць, які ты подпіс паставіў на першых дакумэнтах, былі выпадкі, што чалавек крыху не так распісаўся і яго таксама ўжо не пусьцілі”.

(Сурмач: ) “Як праходзіць інтэрвію ў амэрыканскай амбасадзе?”

(Яблын: ) “Само інтэрвію праходзіць вельмі хутка, можа мы пастаялі там усяго 5 хвілін. Падпісалі дакумэнты, што ня будзем патрабаваць дапамогі і далі клятву, што ў нашых дакумэнтах і нашых адказах усё праўда. У мяне нічога не пыталіся, у мужа спыталіся, кім працаваў, чаму ён едзе. Я настаўніца пачатковых клясаў, а муж – вадзіцель”.

(Сурмач: ) “Ці Вы не адчулі такіх адносінаў, што, скажам, стараюцца адсеяць людзей на этапе афармленьня?”

(Яблын: ) "Не, такога не было. Калі ў цябе ўсё добра, то ніякіх пытаньняў і ня можа быць".

(Сурмач: ) “Сям’і Яблынаў было прасьцей пачынаць новае жыцьцё ў Амэрыцы, бо яны мелі дапамогу ад маці, найперш з жыльлём. Праз тры тыдні яны атрымалі ўсе дакумэнты і права на працу.”

(Яблын: ) "Я пайшла вучыцца на курсы гаматэнтаў, гэта значыць, каб даглядаць старых людзей. Тры тыдні адвучылася, атрымала пасьведчаньне і цяпер працую, пакуль у мяне няма добрага валоданьня мовай. Муж таксама атрымаў такое пасьведчаньне, вучыўся са мною. Ён ужо год працуе ў транспартнай кампаніі, возіць людзей на прыём да доктара".

(Сурмач: ) “Сп. Віта, ці Вы не шкадуеце, што паехалі ў Амэрыку?”

(Яблын: ) "Гэта складанае пытаньне, шмат добрага тут, але шмат добрага і на нашай Радзіме. Аднак, для дзяцей тут жыцьцё лепшае, для іх больш магчымасьцяў".

Віталь і Нэлі Генералавы жылі ў Гарадку Віцебскай вобласьці, абодва скончылі мэдінстыт. Віталь працаваў хірургам, а Нелі – правізарам ў аптэцы. Кожнаму з іх ужо за сорак, маюць дваіх дзяцей.

Яны выйгралі Green Card і ў верасьні 1999 году прыляцелі ў Нью-Ёрк. Дакумэнты на ўдзел у лятарэі для іх рыхтавала і высылала фірма ў Менску. Кіраўнік фірмы знайшоў для іх чалавека, які сустрэў у аэрапорце і дапамог з жыльлём. Далей самім ужо трэба было шукаць працу. Паслухаем Віталя Генералава.

(Генералаў: ) "Нам вельмі пашанцавала, жонка ўладкавалася на другі дзень памочніцаю фармацэўта і да сёньня там працуе. Я ўладкаваўся працаваць на запраўку, запраўляў машыны. Адпрацаваў год і 3 месяцы. Потым я ўладкаваўся ў шпіталь на працу, адпаведную як у Беларусі апэрацыйная мэдычная сястра... Каб стаць хірургам, трэба здаць усе экзамены. Далей я думаю ўсё ж здаваць экзамены”.

(Сурмач: ) “Сп. Генералава чакае доўгі шлях, які трэба будзе прайсьці, каб працаваць па прафэсіі. Я задала яму тое ж пытаньне, што і папярэднім суразмоўцам. Ці не шкадуе ён, што зьмяніў свой лёс?”

(Генералаў: ) "Я не шкадую і патлумачу, чаму. Справа ў тым, што Чарнобыль усё ж сваю чорную справу робіць у Беларусі. Я чатыры гады ўжо не жыву ў Беларусі і за гэты час 3 дактары, з якімі я раней працаваў, памерлі ад раку".

Тацяне і Аляксандру Ількіў зь Бярэсьця доўгі час не шанцавала ў лятарэі. Яны 5 гадоў бязвынікова дасылалі свае анкеты, але, на шосты раз выйгралі, ў 1998 годзе. Гэткая настойлівасьць тлумачылася тым, што Аляксандар, былы афіцэр, застаўся бяз працы, а Тацяна мае ў Амэрыцы бацькоў, якія выехалі раней.

Дакумэнты на выезд афармлялі недзе цягам году, бяз асаблівых праблемаў, аднак на апошнім этапе здарылася непрыемнасьць. Гаворыць Тацьцяна Ількіў.

(Ількіў: ) "Было так, што калі мы адправілі апошні пакет дакумэнтаў, дзе былі анкеты ўсёй сям'і, то дайшлі толькі анкеты мая і дзяцей, а мужава анкета прапала, мы ня ведаем дзе. Але, ён выйграў і быў галоўным прэтэндэнтам на атрыманьне карты, дык нас не запрасілі на інтэрвію. Мы зьвязваліся зь людзьмі, якія добра ведаюць ангельскую мову, яны тэлефанавалі ў міграцыйную службу і там адказалі, што не атрымалі анкету галоўнага ўдзельніка, а толькі маю і дзяцей. Прапанавалі даслаць паўторна, гэтым разам мы ўжо адправілі яе з Польшчы. Калі магчыма, то адпраўляць трэба з Польшчы.

Анкеты былі змацаваныя разам і як так здарылася, што адна згубілася, ня ведаю. Яны ўсе былі ў адной капэрце".

(Сурмач: ) “Урэшце Тацяна і Аляксандар з двума дзецьмі выехалі ў Амэрыку.”

(Ількіў: ) “Мы прыехалі, жылі ў бацькоў амаль два тыдні, бацькі жывуць у Нью-Джэрсы. Але мы вырашылі жыць у Нью-Ёрку, у Брукліне таму, што мы ня ведалі ангельскай мовы, і я баялася тут заставацца, тут усе людзі размаўляюць па-ангельску. У Брукліне шмат расейцаў, таксама мы сустрэлі людзей зь Беларусі, зь Віцебска, з Гародні, з Магілёва.

Мы зьнялі кватэру невялікую. Муж пайшоў вучыцца на праграміста, ён радыёінжынэр. Я працавала 7 дзён на тыдзень па 12 гадзін, даглядала старых людзей. Старэйшы сын пайшоў у школу, а малодшы быў удома. Пакідалі яго ўдома таму, што ў нас не было грошай, каб некага наняць, нам нічога не заставалася рабіць”.

(Сурмач: ) “Тут варта зазначыць, што Тацяна і Аляксандар моцна рызыкавалі, пакідаючы аднаго дома непаўналетняга сына. У ЗША дзеці да 12 гадоў ня могуць нідзе заставацца без дагляду. Калі нехта пра гэта паведаміць паліцыі, то бацькі могуць быць пакараныя.

Цяпер сытуацыя ў гэтай сям’і зьмянілася да лепшага, бацькі маюць лепшую працу і могуць больш часу аддаць дзецям. Зараз яны купілі ужо свой уласны дом у Нью-Джэрсы, праўда, з дапамогаю бацькоў.

Сп. Тацяна, Вам моцна дапамаглі бацькі, а ці змаглі б выжыць, калі б там нікога не было?”

(Ількіў: ) "Я думаю, што выжылі б, можа трошкі цяжэй давялося б працаваць".

(Сурмач: ) “Калі б сёньня давялося зноў выбіраць, ці паехалі б у эміграцыю?”

(Ількіў: ) "Тут вельмі цяжка жыць таму, што гэта іншая краіна, іншая мова, іншыя адносіны да жыцьця. Нешта – горшае, нешта – лепшае. На сёньняшні дзень цяжка сказаць таму, што зьмянілася сытуацыя ў нашай краіне, многія ня маюць працы. Я ня ведаю, ня ведаю, магчыма, што зрабіла б той самы выбар.
Я паглядзела, я была ў гасьцях, шкада нашую краіну. І прырода ў нас найлепшая, і народ у нас, я так думаю, што добры, працалюбівы. Шкада краіну, зьнішчаецца краіна. Краіна зьнішчаецца, і такая прырода, і такія прасторы – усё гэта нікому не патрэбнае, усё гэта без гаспадара".

Гэта была Тацьцяна Ількіў з Нью-Джэрсы. Размовай зь ёю мы заканчваем нашу сустрэчу зь беларускімі эмігрантамі ў ЗША, якія выйгралі лятарэю Green Card. Магчыма, што іхны досьвед дапаможа некаму з вас, шаноўныя слухачы, вырашыць для сябе пытаньне, ці варта браць удзел у чарговым туры амэрыканскай лятарэі Green Card, які распачаўся 1 лістапада і будзе доўжыцца да 30 сьнежня 2003 году.

Гл. таксама:
* УМОВЫ АМЭРЫКАНСКАЙ ЛЯТАРЭІ GREEN CARD ІСТОТНА ЗЬМЕНЕНЫЯ
* ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ПРА НОВЫЯ ПРАВІЛЫ ЛЯТАРЭІ GREEN CARD

XS
SM
MD
LG