Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінец па прозьвішчы Білорус


Ганна Сурмач, Прага

(Сурмач: ) “Нядаўна, праглядаючы вэбсайт Украінскай службы Радыё Свабода, я пабачыла там імя, якое адразу прыцягнула маю ўвагу –Алег Білорус. Чалавек з такім прозьвішчам быў першым амбасадарам Украіны ў Амэрыцы. Ня ведаю, ці блыталі напачатку амэрыканцы украінскага пасла зь беларускім, але ва Ўкраіне ён застаецца папулярным і вядомым палітыкам. Сёньня Алег Білорус – сябра Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Ён пагадзіўся ўзяць удзел у нашай перадачы. Першае пытаньне – чаму сп. Білорус мае такое не ўкраінскае прозьвішча?”

(Білорус: ) "Паходжаньне майго прозьвішча – Білорус, вядома зь сямейнай легенды. Некалі мае продкі прыйшлі ў паўночныя раёны Жытомірскай вобласьці Ўкраіны з Гомельскай вобласьці, зь Беларусі. Яны несьлі на сьпінах бочкі зь дзёгцем і прадавалі дзёгаць. Адзін зь іх, вельмі магутны і моцны мужчына, прыстаў да ўдавы ва Ўкраіне. Ад іх пайшло цэлае пакаленьне людзей, якія жылі ва Ўкраіне, працавалі ў сельскай гаспадарцы. Пра гэтую гісторыю я даведаўся ад сваіх родзічаў старэйшага пакаленьня. Сям'я па лініі бацькі, дзяды і прадзеды, памяталі, што яны зь Беларусі.

Акрамя таго, я езьдзіў туды, дзе жылі мае продкі у Жытомірскай вобласьці, там таксама ёсьць гэтае прозьвішча – Білорус.

Я нарадзіўся ў Кіеўскай вобласьці, каля горада Фастава, у канцы 1939 году”.

(Сурмач: ) “Я размаўляла са спадаром Алегам па-беларуску. Ён адпачатку сказаў, што добра разумее беларускую мову і наагул мае даўнія кантакты зь Беларусяй.”

(Білорус: ) “Я вельмі часта бываў раней, вельмі люблю Беларусь, нават спрабаваў дапамагаць. Я стварыў у Гомелі першы ў Беларусі Інстытут мэнэджмэнту. Цяпер ён у Менску, і мой вучань Цярэшчанка зьяўляецца дырэктарам таго інстытуту. Я тады стварыў Міжнародны інстытут мэнэджмэнту першы ў былым Савецкім Саюзе, у Кіеве. Беларусы мяне папрасілі зрабіць гэта і ў Беларусі.

У мяне ёсьць шмат сяброў у Беларусі, шмат вучняў па лініі маёй прафэсіі – эканомікі. Я – прафэсар эканомікі, акадэмік Украінскай нацыянальнай акадэміі навук.

Калі я быў у Беларусі ў 1983 годзе, у той час я працаваў дырэктарам Дэпартамэнту прамысловасьці, навукі і тэхнікі Сакратарыяту ААН у Жэнэве, дык адзін намесьнік старшыні Савета міністраў у прысутнасьці многіх людзей сказаў: "Калі б у мяне было такое прозьвішча, як у цябе, то я быў бы не міністрам, а царом Беларусі".

(Сурмач: ) “Сп. Білорус, Вы сказалі, што Вы эканаміст па прафэсіі. Але, як мне вядома, гэта не адзіны Ваш занятак, чым Вы займаецеся яшчэ?”

(Білорус: ) “Я таксама – дыплямат, я быў першым паслом Украіны ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Я працаваў у Сакратарыяце ААН дырэктарам Дэпартамэнту. А цяпер я палітык – народны дэпутат, сябра Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Акрамя таго, я таксама працую ў аддзеле геапалітыкі і эканомікі ў Інстытуце сусьветнай эканомікі і міжнародных адносінаў Украінскай нацыянальнай акадэміі навук”.

(Сурмач: ) “Да гэтага пачэснага сьпісу дадамо яшэ адну пасаду сп. Білоруса, з-за чаго ён часта бывае ў Брусэлі. Ён узначальвае Генэральны камітэт па справах эканамічных сувязяў, навукі, тэхналёгіяў і зьнешняга асяродзьдзя Парляменцкай ассамблеі АБСЭ.

Сп. Алег, пытаньне да вас як да палітыка міжнароднага масштабу і зацікаўленага чалавека, як Вам бачыцца сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі?”

(Білорус: ) “Сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі вельмі драматычная. Беларусь страчвае магчымасьці выгаднай , эфэктыўнай інтэграцыі ў эўрапейскія структуры, яна ператвараецца ў краіну-ізгоя ў Эўропе. Краіна церпіць з-за свайго палітычнага рэжыму. Думаю, што праблема дэмакратызацыі Беларусі – гэта найвышэйшы імпэратыў.

Акрамя таго, я не магу станоўча ўспрымаць, калі кіраўнік Беларусі, умешваючыся ва ўнутраныя справы Ўкраіны, гаворыць, што дзейны прэзыдэнт Украіны павінен застацца надоўга, бо яму няма альтэрнатывы. Народ Украіны мае права выбраць іншага чалавека.

Я баюся за Беларусь, што калі яна ня пойдзе па шляху дэмакратычных зьменаў, яна можа страціць рэальную дзяржаўнасьць, дзяржаўны сувэрнітэт. Гэта мяне як чалавека, які любіць Беларусь, вельмі непакоіць, вельмі хвалюе".

(Сурмач: ) “Сп. Білорус, Вы як народны дэпутат Украіны, канечне ж, маеце свой погляд на падзею, якая адбылася нядаўна. Я маю на ўвазе падпісаньне дамовы чатырох краінаў пра адзіную эканамічную зону. Для многіх было дзіўна, што Ўкраіна адразу яе падпісала. Як Вы ставіцеся да ўсяго гэтага?”

(Білорус: ) “Я выступаў ў парляманце, на паседжаньні Кабінета міністраў Украіны, я выступаў супраць дамовы пра адзіную эканамічную прастору ў тым выглядзе, у якім гэта дамова падпісана без агаворак. Гэта ёсьць грубым парушэньнем Канстытуцыі Ўкраіны. Канстытуцыя забараняе падпісваць нераўнапраўныя міжнародныя дамовы не выгадныя з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў Украіны, забараняе падпісваць дамовы, дзе ёсьць наднацыянальныя, наддзяржаўныя структуры, дзе Ўкраіна рэальна страчвае ня толькі эканамічны, але дзяржаўны і палітычны сувэрнітэт. Спадзяюся, што парлямант і народ Украіны не падтрымаюць гэтую ініцыятыву выканаўчай улады і што тыя засьцярогі, якіх вымагае Канстытуцыя, будуць неад'емнай складовай часткай гэтай дамовы".

(Сурмач: ) “Але, гэты ужо адбылося. На Ваш погляд, як выглядае пэрспэктыва, можа выжыць гэтае новае аб'яднаньне, ці гэта усё ж нешта штучнае?”

(Білорус: ) "Гэтае аб'яднаньне штучнае, гэтае аб'яднаньне з вобласьці палітычнага піяру, яно падрыхтавана як магутны прапагандыскі сродак для прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Расеі.

З гэтага вульля ня будзе мёду, бо там няма раўнапраўнага партнэрства, а гэта значыць-няма натуральнай асновы для існаваньня і разьвіцьця гэтай структуры. Я ня бачу пэрспэктываў. Акрамя таго, для Ўкраіны, так як і для Беларусі, пытаньне стаіць аб тым, ісьці ў эўрапейскую інтэграцыю або вяртацца ў эўра-азіяцкія структуры. Выбар Украіна зрабіла. Стратэгічны накірунак – эўрапейская інтэграцыя, іншага быць ня можа. А гэтая дамова перашкаджае адначасна быць ў ЕС і ў сусьветных гандлёвых арганізацыях".

(Сурмач: ) “Шмат хто зь беларускіх палітыкаў лічыць, што лёс Беларусі, захаваньне яе дзяржаўнага сувэрнітэту ў значнай ступені залежыць ад далейшага разьвіцьця яе найбліжэйшай суседкі, наколькі Ўкраіна здолее захаваць сваю самастойнасьць, ці не павернецца яна назад?”

(Білорус: ) “Не, Украіна ужо больш ніколі ня вернецца назад, як бы хто не спрабаваў гандляваць, прадаваць, здаваць незалежнасьць Украіны, але сьвяты закон абароны нацыянальных інтарэсаў прадыктуе нашым грамадзянам, што гэтага дапусьціць нельга. Калі 92,6% грамадзян Украіны прагаласавалі за незалежнасьць, калі паўстане гэтае пытаньне, то ізноў яны прагаласуюць за незалежнасьць”.

(Сурмач: ) “Для слухачоў нашай перадачы, якая прысьвечаная беларускай эміграцыі, можа быць цікавым Ваш погляд на адносіны сучаснай Ўкраіны і яе дыяспары. Што Вы можаце сказаць на гэтую тэму?”

(Білорус: ) "Адносіны з дыяспарай былі вельмі эфэктыўнымі, карыснымі, энтузыязм дыяспары быў вялізны. Сёньня ёсьць пэўнае расчараваньне ў дыяспары ад справаў цяперашняй улады Ўкраіны. Але гэта не на доўга. Зьменіцца ўлада і ізноў украінцы за межамі, а іх мільёны, павернуцца да Ўкраіны, прыйдуць ва Ўкраіну са сваім капіталам, з ноў-гаў, са сваімі навыкамі ў галіне мэнэджмэнту і будуць дапамагаць адбудоўваць Украіну".

(Сурмач: ) “Мы ўжо гаварылі ў нашай перадачы пра нядаўні Ўсясьветны кангрэс украінцаў у Кіеве, было відавочна, што ўлады не віталі гэтую падзею, якія там былі праблемы, чаму так сталася?”

(Білорус: ) "Узьнік канфлікт паміж цяперашняй уладай Украіны і тым Кангрэсам, гэта ганьба для ўлады і ад таго ня толькі за мяжой ва ўкраінскай дыяспары, але і ва Ўкраіне аўтарытэт улады ўпаў.

Хутка Вярхоўная Рада прыме закон пра замежнага ўкраінца, згодна з якім замежны ўкраінец будзе мець досыць высокі статус і зможа працаваць ва Ўкраіне і для Ўкраіны так, як гэта робіцца ў іншых краінах".

(Сурмач: ) “Скажыце, калі ласка, як Вы глядзіце сёньня на беларуска-украінскія міждзяржаўныя адносіны, што Вас не задавальняе?”

(Білорус: ) "Мяне абсалютна не задавальняе тое, як кіраўніцтва абедзвюх краінаў будуе адносіны паміж Украінаю і Беларусьсю ў эканамічнай сфэры, ў палітычнай і ў сацыяльна-культурнай. Існуе штучнае напружаньне, узаемныя прэтэнзіі. Не вырашаныя праблемы мяжы між Украінаю і Беларусьсю. Дэлімітацыя прайшла, а дэмаркацыі мяжы няма. Выглядае так, што Беларусь не прызнае Ўкраіну як дзяржаву, бо не вызначыла межаў зь ёю, а Ўкраіна не прызнае Беларусь. Гэта вельмі непрыемны факт і гэтую праблему трэба вырашаць неадкладна. А за ёю трэба вырашаць праблемы эканамічнага супрацоўніцтва. Нашы эканомікі могуць дапамагаць адна адной праз каапэрацыю. Гандлёвы таваразварот паміж Беларусьсю і Ўкраінай зусім нязначны, ён зьменшыўся. І тут шмат нявырашаных праблемаў".

(Сурмач: ) “Як, на Ваш погляд, у пэрспэктыве будуць разьвівацца адносіны між дзьвума краінамі-суседкамі – Украінаю і Беларусяй?”

(Білорус: ) "Я думаю, што калі зьменяцца тыя ўладныя рэжымы, якія існуюць ва Ўкраіне і Беларусі, калі прыйдуць дэмакратычныя ўлады, якія будуць абараняць нацыянальныя інтарэсы кожны сваёй краіны, то гэтыя адносіны будуць вельмі сяброўскімі і вельмі прадуктыўнымі”.

(Сурмач: ) “Сп. Алег, у беларускім мастацтве, у культуры вам нешта падабаецца, скажам, зь літаратуры ці музыкі, ці песьні беларускія?”

(Білорус: ) "Звычайна я чытаў усіх беларускіх пісьменьнікаў, ведаю літаратуру беларускую, беларускую гісторыю. Песьні мне вельмі падабаюцца. Напрыклад, мая любімая песьня з маладых гадоў была тая, якую сьпяваў некалі народны артыст Ворвулеў: "Ой арол, ты арол, ты лятаеш высока, ты бываеш далёка.". Мне гэтая песьня вельмі падабалася, бо яна заклікала лётаць высока і далёка”.

(Сурмач: ) “Гэта быў Алег Білорус, акадэмік Украінскай нацыянальнай акадэміі навук, народны дэпутат Украіны, старшыня Камітэту па справах эканамічных сувязяў, навукі, тэхналёгіяў і зьнешняга асяродзьдзя Парляменцкай ассамблеі АБСЭ. Ягонае імя сёньня добра вядома ня толькі ва Ўкраіне , але, і гучыць у міжнародных структурах. І разам зь ім гучыць імя Беларусі – краіны , зь якой паходзілі ягоныя продкі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG