Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задзіночаньне беларускай моладзі ў замежжы – рэалізацыя ідэі.


Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Яраслаў Крывы (Менск), Ляна Бурцава (Вена), Аліна Бельская (Гэльсінкі), Максім Купрэеў (Бэрлін)

У адным з выпускаў нашай перадачы за студзень бягучага году мы паведамлялі пра ідэю, якая ўзьнікла сярод маладых беларусаў з Заходняй Эўропы аб стварэньні новай маладзёвай арганізацыі. Практычная рэалізацыя ідэі была распачата ў канцы мінулага году ў Гайдэльбэргу. Тады ў Нямеччыне спаткаліся шасьцёра студэнтаў зь Беларусі, якія задумалі аб’яднаць заходнеэўрапейскую беларускую моладзь у адзіную арганізацыю. На гэтай першай сустрэчы яны і вырашылі стварыць “Задзіночаньне беларускай моладзі замежжа”.

Як далей ідуць справы? Ці працягваецца працэс арганізацыі новага аб’яднаньня, альбо ідэя так і засталася толькі добрым намерам?
Мы зьвязаліся зь Яраславам Крывым, які быў адным з ініцыятараў стварэньня “Задзіночаньня беларускай моладзі замежжа”.

(Крывы: ) “Мы так досыць амбіцыйна назваліся, але мы аб'ядноўваем ня ўсю моладзь замежжа, а толькі эўрапейскую моладзь, тых, хто жыве ў Заходняй Эўропе. Першая сустрэча была летась у сьнежні, а сёлетняя адбылася ў ліпені ў Мюнхене. Сабралася блізу 15 студэнтаў, дактарантаў, якія навучаюцца ці працуюць у краінах Заходняй Эўропы - з Нямеччыны, з гэтай краіны была большасьць, з Аўстрыі, Швайцарыі, Ангельшчыны, Бэльгіі, Галяндыі. Мы хацелі бы аб'яднаць маладых беларусаў незалежна ад таго, ці яны студэнты, ці працуюць, ці жывуць у За’одняй Эўропе па іншых прычынах. У гэтых маладых беларусаў ёсьць шмат супольнага – агульны менталітэт, агульная цікавасьць да Беларусі, да беларускіх справаў. Ім цікава разам і хочацца сумесна рабіць нейкія справы і разам праводзіць час.
Гэта патрэбна, бо існуе патрэба пошуку такіх самых, як і ты, ў замежжы. Гэта дае большы камфорт, калі ты можаш размаўляць са сваімі аднадумцамі, сустрэцца, выпіць піва. На маю думку, гэта цікавая справа і важная”.

Такім чынам, сп. Яраслаў паведаміў нам, што моладзь ня толькі не пакінула сваіх намераў, але і арганізавала 18-20 ліпеня новую – другую сустрэчу ў Мюнхене. Відавочна, што памножылася і колькасьць удзельнікаў з 6 да 15 чалавек.

Арганізатары Заадзіночанья адчынілі старонку ў інтэрнэце, якая падрабязна інфармуе пра іхную дзейнасьць. Там зьмешчаны тэкст дэклярацыі аб галоўных задачах аб’яднаньня, на падставе якой будзе далей распрацоўвацца статут арганізацыі.

Сп. Яраслаў, якія пытаньні абгаворваліся на другой сустрэчы?

(Крывы: ) “Мы абмяркоўвалі некаторыя арганізацыйныя пытаньні, у прыватнасьці, што рабіць далей з нашым сайтам, www.belarusy.com, які быў створаны пасьля таго, як то было вырашана на першай сустрэчы. Потым вырашалі, ці рабіць нам афіцыйную рэгістрацыю зараз. Спыніліся на тым, што цяпер яшчэ зарана рабіць. Магчыма, на наступных сустрэчах вырашым, што мы зробім афіцыйную структуру і зарэгіструемся недзе ў адной з эўрапейскіх краінаў, як юрыдычная асоба”.

А наконт далейшых кантактаў між удзельнікамі сустрэчы што было вырашана?

(Крывы: ) “Вырашылі, што сустрэчы будуць праводзіцца далей мінімум два разы на год, адна будзе ўлетку, другая – узімку”.

Удзельнікі сустрэчы вырашылі таксама, што пакуль не будуць абіраць і кіраўніка аб’яднаньня.

(Крывы: ) “Старшыня ня быў абраны, такой іерархіі ў нас не было створана. Аднак мы абралі скарбніка і сабралі грошы для таго, каб падтрымоўваць сайт нашай арганізацыі”.

Магчыма, што выбараў старшыні не было па той прычыне, што наш суразмоўца, як галоўны арганізатар справы, у хуткім часе зьбіраўся пакінуць Мюнхэн, дзе вывучаў права ў мясцовым ўнівэрсытэце.

(Крывы: ) “Цяпер я скончыў вучобу. Вучыўся ў Галяндыі, Ангельшчыне, крыху ў Нямеччыне, а зараз вярнуўся ў Беларусь, у Менск, пакуль яшчэ не вырашыў, дзе буду працаваць далей”.

Яраслаў запэўніў нас, што ў Заадзіночаньні будуць далей працаваць ягоныя сябры. Сярод тых актывістаў, на каго спадзяецца сп. Яраслаў – беларуска зь Вены Ляна Бурцава. Ляна паведаміла пра тое, што ўдзел у гэтым маладзёвым руху стаўся пэўным стымулям для моладзі, каб ствараць рэгіянальныя суполкі Задзіночаньня ў краінах свайго пражываньня.

(Бурцава: ) “Мы вырашылі пасьля апошняй сустрэчы ў Мюнхэне стварыць у Аўстрыі нешта кшталту філіі Задзіночаньня беларускай моладзі ў замежжы. Беларусы ў Аўстрыі ёсьць і, здаецца, што не так ужо і мала. Я асабіста ведаю дзясятак чалавек, якія жывуць у Вене, Грацы і Лінцы. Дастаткова студэнтаў зь Беларусі, бо трапіць сюды вучыцца беларусам даволі лёгка. Каб паступіць ва ўнівэрсытэт у Аўстрыі, трэба вучыцца ў якім-небудзь унівэрсытэце ў Беларусі. Прывезьці даведку, што вучышся, а таксама дакумэнты, якія пацьвярджаюць спэцыялізацыю, якія маеш адзнакі. І пасьля гэтага могуць залічыць на вучобу. Адзінае, што тут няма стыпэндыяў. Сама адукацыя для беларусаў бясплатная, можа толькі нейкіх 20 даляраў у сэмеэтар, астатнія кошты трэба плаціць самому, трэба каб былі свае грошы”.

Удзельніца сустрэчы Аліна Бельская зь Фінляндыі належыць да актыўных сяброў Задзіночаньня. Яна прыехала ў Мюнхэн зь вялікай ахвотай, бо лічыць справу гуртаваньня моладзі вельмі патрэбнай.

(Бельская: ) "Я была на сустрэчы Задзіночаньня беларускай моладзі замежжа ўжо другі раз. Вельмі спадабалася, я лічу, што гэта вельмі добрая ідэя. Гэта ідэя для маладых людзей, якія жывуць за мяжой, вельмі карысная і патрэбная. Я сустрэла шмат таленавітых, мэтанакіраваных людзей. Я была вельмі, вельмі зьдзіўленая, што столькі маладых людзей зараз навучаюцца, пішуць доктарскія ці працуюць на добрых месцах у Эўропе. Гэтая сустрэча дала мне вельмі шмат як у маральным, так і ў іншых аспэктах. Я даведалася пра тое, як жывуць іншыя беларусы, як яны ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі, як яны бачаць будучыню Беларусі”.

Па вяртаньні зь Мюнхэну Аліна вырашыла таксама намовіць беларусаў з Гэльсінкаў стварыць сваё аб’яднаньне.

(Бельская: ) “Мы с гэльсінскімі беларусамі вырашылі, што варта ў нас стварыць Згуртаваньне беларусаў Фінляндыі. Я мяркую, што пры дапамозе гэтай арганізацыі мы зможам нечага дасягнуць, асабліва ў сэнсе падаваньня інфармацыі пра Беларусь у Фінляндыі, бо наша краіна амаль што невядомая для фінаў. У Фінляндыі таксама ёсьць пэўная колькасьць уцекачоў, якім патрэбная дапамога, і тыя беларусы, якія пражылі тут пэўны час, маглі бы дапамагчы іншым людзям, падзяліцца сваім досьведам і зрабіць лягчэйшым іхны ўваход у фінскае грамадзтва”.

Яшчэ адзін актыўны ўдзельнік сустрэчаў Максім Купрэяў, які жыве ў Бэрліне і вывучае там старажытную гісторыю, таксама задаволены тым, што далучыўся да Задзіночаньня беларускай моладзі замежжа.

(Купрэеў: ) “Задаволены тым, што я ўбачыў людзей, якія таксама жывуць тымі ж ідэямі і ў тым жа сусьвеце, у якім я жыву, якія таксама спрабуюць нешта рабіць, жадаюць рабіць нешта. Я упэўнены, што яны гэта зробяць. Кожная эўрапейская нацыя – гэта сьвет у сабе, можна так сказаць, і таму патрэбна вельмі доўга працаваць над тым, каб прызвычаіцца жыць. Таму мы і ладзім гэтыя сустрэчы, каб беларусы, беларускія студэнты, не пачувалі сябе так самотна за мяжой. І яшчэ цікава было тым, што ўсё адбывалася ў нефармальнай абстаноўцы, не было ніякіх афіцыйных паседжаньняў. У заходніх фірмах дзелавыя паседжаньні адбываюцца часам у выглядзе тусовак. Мне, напрыклад, такой формы сустрэчы, якія выглядаюць тусоўкай, нашмат больш імпануюць. Я бачу, што ад іх шмат больш вынікаў, чым ад больш сур'ёзных сустрэчаў , дзе лёзунгі, праклямацыі і г. д. Я якраз бачу ў нефармальных сустрэчах больш патэнцыялу і пэрспэктываў, чым у фармальных”.

Моладзь спрабуе шукаць новыя арганізацыйныя формы, яе не задавальняюць тыя фармальныя абмежаваньні, якія часта адштурховаюць маладых нават ад цікавых для іх справаў. Магчыма, што, менавіта, гэтая асаблівасьць і прыцягне да новага аб’яднаньня тую моладзь, якая не знайшла свайго месца ў іншых структурах, якія дзейнічаюць на эміграцыі.

Дзеля больш падрабязнага знаёмства з Задзіночаньнем беларускай моладзі замежжа яшчэ раз нагадаем пра іхны сайт у інтэрнэце. Ягоны электронны адрас: www.belarusy.com. Там вы пазнаёміцеся ня толькі з дакумэнтамі арганізацыі, але і знойдзеце іншую практычную інфармацыю, напрыклад, пра магчымасьці навучаньня ў замежжы, аб праграмах і ўмовах паступленьня. Ёсьць нават рубрыка “Парады”, дзе можна знайсьці інфармацыю, напрыклад, пра тое, як можна памяняць беларускі пашпарт тым студэнтам, якія вучацца ў Нямеччыне.

Уласны сайт у інтэрнэце – першая рэальная справа, якую зрабіла Задзіночаньне беларускай моладзі замежжа для папулярызацыі сваёй арганізацыі і пошуку новых сяброў. Арганізатары спадзяюцца, што да іхных шэрагаў далучацца маладыя беларусы ня толькі з эўрапейскіх краінаў, але і з усяго беларускага замежжа. Можа таму і ўзялі яны сабе як бы навыраст такую амбітную, як зазначыў тут Яраслаў Крывы, назву – Задзіночаньне беларускай моладзі замежжа.

Патрэба ў такім аб’яднаньні насьпела даўно, як вядома, двойчы ўжо былі спробы правесьці зьезды беларускай моладзі сьвету. Аднак, да практычнай рэалізацыі ідэі не дайшло. Магчыма, што гэтая спроба стане больш удалаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG