Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Пецярбург


Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Мікола Нікалаеў (Санкт-Пецярбург), Віталь Скалабан (Менск)

“Беларускі Пецярбург” – так называлася выстава, якая прайшла ўлетку у сталіцы былой Расейскай імпэрыі. Некалі гэты горад быў адміністрацыйным і культурным цэнтрам таксама для беларусаў, як і для іншых народаў, паняволеных царскай Расеяй. Туды сьцякаліся інтэлектуальныя і працоўныя сілы з усіх куткоў імпэрыі.

Сёлета Санкт-Пецярбург адсьвяткаваў 300-годзьдзе. Па свойму вырашыла адзначыць юбілей і беларуская грамадзкасьць гораду – для гэтага беларусы мелі ўсе падставы. Гаворыць намесьнік старшыні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбурзе Мікола Нікалаеў.

(Нікалаеў: ) “Аказалася, што сапраўды Пецярбург заўсёды быў "беларускі горад", тут жылі некалькі дзесяткаў тысяч, нават некалькі соцень тысяч беларусаў у любы пэрыяд гісторыі. Сярод іх былі самыя розныя людзі, былі рабочыя, былі дробныя чыноўнікі, былі інжынэры, дактары, чыноўнікі найвышэйшага рангу, генэралы былі – Гурко, напрыклад.

Міністр фінансаў быў Урончанка, ён займаў гэтую пасаду пасьля Канкрына, доўга займаў. Ён быў намесьнікам пры Канкрыне і потым да 1854 году быў міністрам фінансаў. Ён быў па паходжаньні сынам уніяцкага сьвятара зь мястэчка Беразіно. Гэта адзначана ў дакумэнтах, гэта ўсюды напісана. Беразіно – гэта тады было забытае богам мястэчка, адкуль паходзяць шмат вядомых беларусаў. Адтуль таксама выйшлі два браты Ўрончанкі. Адзін быў генэралам-картографам, картаграфаваў Расейскую імпэрыю і Турэччыну, а другі – міністрам фінансаў. Абодва памерлі нежанатымі і не пакінулі па сабе нашчадкаў”.

Якіх яшчэ вядомых асобаў можаце прыпомніць?

(Нікалаеў: ) “Адметных асобаў шмат – падарожнік Гашкевіч, аўтар расейска-японскага слоўніка, жыў у Пецярбургу. Іаан Грыгаровіч – сьвятар, які займаўся гісторыяй і выдаў Беларускі архіў стражытных граматаў, Сянькоўскі – арабіст, які пад псэўданімам барон Брамбэўс пісаў вельмі папулярныя аповесьці.

Фадзей Булгарын родам з-пад Менску, журналіст і выдавец некалькіх часопісаў і газэт, сярод якіх "Северная пчела" была вельмі папулярная ў той час. Слава некаторых ягоных раманаў была большай, чым раманы Пушкіна. Яны спаборнічалі. На той час "Іван Выжыгін" Булгарына быў больш папулярным чым "Яўгені Анегін " Пушкіна. Булгарын сам прызнаваўся ў сваім беларускім паходжаньні.”

Адкрыцьцё выставы “Беларускі Пецярбург” было прымеркаванае да навуковай канфэрэнцыі, якая таксама мае падобную назву “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”. Гэты навуковы форум быў запачаткаваны 10 гадоў таму.

Канфэрэнцыі ладзіць Расейская нацыянальная бібліятэка, Санкт- Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў, удзел прымае і Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбурзе, якое ўзначальвае Валянцін Грыцкевіч.

Паслухаем далей Міколу Нікалаева – доктара філялягічных навук, які шмат гадоў працуе загадчыкам аддзела ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы і быў адным з галоўных арганізатараў канфэрэнцыі.

(Нікалаеў: ) “Канфэрэнцыя гэтага году была надзвычай багатай на замежных дасьледчыкаў-беларусістаў. У нас было 30 дакладаў, зь іх 15 замежных. Мы замежнікамі лічым і беларусаў.

Цікавыя матэрыялы прывез Андраш Золтан з Будапешту пра ўплыў вугорскай мовы на старабеларускую. Цікавы матэрыял прывез таксама Андрэй Катлярчук са Швэцыі: пра іканапіс, іканаграфічныя сувязі швэдзка-беларускія. Цікавы матэрыял прадставіла пецярбургская дасьледчыца Кацярына Мядзьведзева, якая па-новаму прачытала старадрукі беларускія. Яна шукала, як прыпаміналі караля, вялікага князя і цара, хто займаў галоўную ролю, як гэта рабілася ў царкве і ў касьцёле”.

Сярод гасьцей зь Беларусі быў вядомы гісторык, выпускнік колішняга Ленінградзкага ўнівэрсытэту Віталь Скалабан. Цяпер ён працуе вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

(Скалабан: ) “Вельмі цікава гаварыла пра будслаўскія іконы дасьледчыца Марыся Ткачэнка – супрацоўніца Расейскай нацыянальнай бібліятэкі. Прыехаў і Анатоль Пятровіч Грыцкевіч, які выступіў з дакладам пра навуковую дзейнасьць беларускай дыяспары. Ліля Коўкель – выпускніца Гарадзенскага ўнівэрсытэту, яна цяпер жыве і працуе ў Кракаве, рабіла даклад па гісторыі шляхецкіх бібліятэк Беларусі. Выступала прафесарка Тамара Сьмірнова, якая займаецца Пецярбургам шматнацыянальным. Яна аналізавала беларускую пэрыёдыку Пецярбурга – гэта газэты "Дзяньніца", часопіс "Чырвоны шлях", "Беларуская крыніца". Я засяродзіў увагу на часопісе "Чырвоны шлях". Гэта часопіс, які выдаваўся ў Петраградзе ў 1918 годзе Петраградзкім аддзяленьнем Беларускага нацыянальнага камісарыяту”.

Віталь Скалабан прыгадаў і пра падзею, якая адбылася напярэдадні канфэрэнцыі.

(Скалабан: ) “Гэтым разам канфэрэнцыі папярэднічала вельмі цікавая і важная падзея – абарона доктарскай дысэртацыі Валянціна Грыцкевіча. Абарона была 17 чэрвеня, яна адбылася ў Санкт-Пецярбурскай акадэміі культуры і мастацтва. Валянцін Грыцкевіч абараніў дысэртацыю на навуковую ступень доктара культуралёгіі. Тэма ягонай дысэртацыі – "Гісторыя музэйнай справы да канца 18 стагодзьдзя", у сьвеце.

Апанэнтамі былі вядомыя пецярбургскія навукоўцы – Міхаіл Барысавіч Піятроўскі - дырэктар Эрмітажу. Заля была поўная. І адзінагалосна Валянціну Пятровічу была прысуджаная гэта высокая ступень”.

Нагадаем, што Валянцін Грыцкевіч зьяўляецца старшынёй беларускай суполкі ў Санкт-Пецярбурзе. На абароне дысэртацыі прысутнічаў і ягоны брат, вядомы гісторык зь Беларусі Анатоль Грыцкевіч, прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” і адзін з дакладчыкаў на канфэрэнцыі.

А цяпер пагутарым з нашымі суразмоўцамі Міколам Нікалаевым і Віталём Скалабанам пра згаданую напачатку нашай перадачы выставу “Беларускі Пецярбург”, якая доказна сьведчыла пра абгрунтаванасьць такой амбітнай на першы погляд назвы.

Выстава была арганізаваная ў адной з найлепшых заляў Расейскай нацыянальнай бібліятэкі. Што найбольш цікавага было сярод экспанатаў?

(Скалабан: ) “Былі прадстаўленыя, напрыклад, дыяруш Паўла Сапегі першай паловы 17 ст., як ён езьдзіў у Пецярбург зь Вялікага Княства Літоўскага. Кніжка з аўтографам Віктара Каліноўскага – брата Кастуся Каліноўскага, Віктар быў супрацоўнікам Расейскай імпэратарскай публічнай бібліятэкі.

Былі прадстаўленыя рэдкія картаграфічныя матэрыялы, беларускія плякаты 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, якіх няма ў Менску.

Расейская нацыянальная бібліятэка ў асноўным экспанавала кнігі.
Шмат матэрыялаў было зьвязана з імем Івана Грыгаровіча – гісторыка, сьвятара, складальніка Беларускага архіва старажытных граматаў, які выйшаў у 1824 годзе. У Расейскай нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца рукапіс ягонай нявыдадзенай працы "Беларуская гіерархія".

Былі прадстаўленыя матэрыялы пра беларускіх народнікаў, пра часопіс "Гоман", які выдаваўся у Пецярбургу, пра Францішка Багушэвіча, які вучыўся у Пецярбурзе. Надзвычай шырока паказаныя літаратурны, грамадзкі, палітычны беларускі рух пачатку 20 стагодзьдзя. Гэта і дзейнасьць Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага, суполкі "Загляне сонца і ў наша ваконца", гэта і Янка Купала, Цётка, студэнты-беларусы, Браніслаў Тарашкевіч, Яўген Хлябцэвіч, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўнівэрсытэту.

Паказаныя матэрыялы пра беларускі друк, пра беларускія арганізацыі ў час з 1917 па 1920 год – гэта газэта "Дзяньніца" і дзейнасьць Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Былі прадстаўленыя матэрыялы пра Леанілу Ўсьцінаўну Гарэцкую і Галіну Максімаўну”.

Віталь Скалабан мае на ўвазе жонку і дачку знакамітага беларускага пісьменьніка Максіма Гарэцкага, жыцьцё якіх было шчыльна зьвязанае з горадам на Няве. Паслухаем далей сп. Скалабана пра тое, што дэманстравалася на выставе.

(Скалабан: ) “Вялікую ўвагу прыцягвалі фотаздымкі, напрыклад, фотаздымакі беларускіх чырвонагвардзейцаў у Ленінградзе, якія ад'яжджалі ў 1919 годзе ў Менск на выклік ураду Жылуновіча. Здымкі гэныя вельмі добрыя, іх рабіў вядомы фатограф Ян Булгак.

Шмат матэрыялаў былі прысьвечаныя навукоўцам – Карскаму, Шахматаву, Пушкарэвічу. Вядома, успомнілі і пра Лукаша Бэндэ, які з 30-х гадоў жыў у Пецярбурзе. Ён ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як крытык вульгарна-сацыялягічнага кірунку, скажам так, крытык з аглобляй.

Былі таксама матэрыялы пра дзейнасьць беларускіх зямляцтваў у 20-30 гады, гэты раздзел заканчваўся пастановаю Бюро ЦК за 1937 год аб ліквідацыі беларускіх зямляцтваў у Пецярбурзе і Маскве”.

Ці сапраўды была такая пастанова? Якая там была матывацыя, чаму іх зьліквідавалі?

(Скалабан: ) “Ну, апінія была, што гэта ледзь не нацыяналістычныя арганізацыі і, маўляў, дзеля чаго гэта усё? Так было ня толькі датычна беларускіх арганізацый, гэта ўсіх кранулася”.

Мікола Нікалаеў да сказанага пра зьмест выставы дадаў:

(Нікалаеў: ) “На выставе было шмат новых матэрыялаў. Яна была сумесная зь менчукамі – з Архівам-музэем літаратуры і мастацтва, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь у дадатак да матэрыялаў нашай бібліятэкі.

Як працавала кінастудыя "Беларусьфільм". Яна была створаная ў Петраградзе, працавала ў Ленінградзе да другой усясьветнай вайны.

Як ўцекачы ў часе першай усясьветнай вайны зьбіраліся, арганізоўваліся, дапамагалі адно адному ня проста выжыць, а годна выхоўваць дзяцей, разьвівацца, атрымаць адукацыю. Вельмі цікавыя матэрыялы”.

Сп. Нікалаеў паведаміў, што выстава зацікавіла ня толькі ўдзельнікаў канфэрэнцыі:

(Нікалаеў: ) “На выставу прыйшлі шмат людзей, і пасьля выставы былі зацікаўленыя людзі, “нечаканыя” беларусы, якіх я ня ведаў, званілі, прыходзілі.

Сёньня вы пазтэлефанавалі мне ў вельмі цікавы дзень. Сёньня газэта, якая бясплатна раздаецца каля мэтро, называецца "Утро Петербурга", якую мэрыя выдае накладам 100 тысяч асобнікаў, у сваім нумары зрабіла адмыслова беларускую старонку, дзе напісана і пра нашую выставу, і пра нашую канфэрэнцыю. Там ёсьць таксама беларускія рэцэпты . Ёсьць зьвесткі пра славутых беларусаў у горадзе, пра скульптара Мікешына. Ён зрабіў помнік Кацярыне ІІ у Пецярбургу, помнік 1000-годзьдзю Расеі ў Ноўгарадзе і помнік Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве. Смаленскі беларус Мікешын.
Старонку зрабілі журналісты, прыйшлі да нас у суполку, ўзялі інтэрвію і вось надрукавалі гэтыя матэрыялы”.

Удакладнім для нашых слухачоў, што гэтыя матэрыялы былі надрукаваныя 29 жніўня, у гэты дзень мы якраз і размаўлялі са сп. Міколам. Сп. Нікалаеў цяпер заняты справай, якой захоплены і аддае шмат часу, каб хутчэй завяршыць працу.

(Нікалаеў: ) “Я працую над кнігай "Беларускі Пецярбург”. Кніга амаль скончаная, ідзе дапрацоўка, падбор ілюстрацый. Кніга памерам 300 старонак. Асобаў, людзей вельмі шмат і можна пра кожнага нешта сказаць”.

Нікалаеў разам з калегамі таксама рыхтуюць да друку трэці выпуск “Беларускага зборніка”, дзе будуць апублікаваныя матэрыялы сёлетняй канфэрэнцыі. Як паведаміў нам Віталь Скалабан, беларускія сьвяты ў Санкт-Пецярбурзе мелі працяг.

(Скалабан: ) “Празь некалькі дзён пасьля адкрыцьця выставы і канфэрэнцыі у Санкт-Пецярбурзе адбылася яшчэ адна цікавая падзея. У Інстытуце гісторыі была абароненая кандыдацкая дысэртацыя Валянціны Ўтгоф па тэме "Беларускія ўцекачы Першай сусьветнай вайны". Яна нарадзілася ў Пружанах, скончыла ў 2000 годзе Берасьцейскі ўнівэрсытэт і вучылася ў асьпірантуры ў Эўрапейскім унівэрсытэце ў Санкт-Пецярбурзе”.

Віаль Скалабан падкрэсьліў на завяршэньне нашай размовы яшчэ адну асаблівасьць беларускай прысутнасьці ў Санкт-Пецярбурзе.

(Скалабан: ) “Ёсьць яшчэ адзін вельмі важны асьпект – гэта беларусіка ў Пецярбурзе – архіўная, бібліятэчная, музэйная. Гэта тыя нашыя скарбы, скарбы па гісторыі Беларусі, якія захоўваюцца ў сховішчах Санкт-Пецярбурга. Іх вельмі шмат, для таго каб іх сабраць і вывучыць, патрэбны супольныя намаганьні дасьледчыкаў, як з Санкт-Пецярбургу, так і дасьледчыкаў з іншых краінаў”.

На маё пытаньне аб тым, колькі сёньня жыве беларусаў у Санкт-Пецярбурзе, намесьнік старшыні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства Мікола Нікалаеў паведаміў, што паводле перапісу недзе каля 100 тысяч чалавек. Гэта азначае, што прыкладна кожны 50 жыхар гораду на Няве зьяўляецца беларусам.

Я пацікавілася, ці ёсьць сярод іх выбітныя асобы, вядома, акрамя тых, якіх мы ўжо назвалі ў сёньняшняй перадачы.

(Нікалаеў: ) “Безумоўна, ёсьць. Ёсьць такія палітычна знакавыя фігуры, напрыклад, беларусам зьяўляецца мэр Ленінградзкай вобласьці. Вы ведаеце, у нас горад Санкт-Пецярбург, але існуе Ленінградзкая вобласьць. Мэр Ленінградзкай вобласьці Сердзюкоў – беларус. Некалькі высокіх начальнікаў у горадзе, якія цяпер кіруюць. Акадэміяй падводнага плаваньня кіараваў адмірал Тамко, Герой Савецкага Саюзу, таксама беларус.

У люб-якой галіне ёсьць нашыя землякі, якія дасягнулі посьпехаў – прафэсары, загадчыкі катэдраў, кіраўнікі ўстановаў. Беларусы добра глядзяцца на ьле іншых нацыянальных меншасьцяў Санкт-Пецярбургу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG