У мінулую нядзелю, 24 жніўня, паўднёвая суседка Беларусі – Украіна адзначала Дзень незалежнасьці. Сёлетняе сьвята стала адметным тым, што напярэдадні, 18-21 жніўня, у сталіцы краіны адбылася важная агульнанацыянальная падзея – VIII Сусьветны Кангрэс украінцаў. Форум арганізавала самае ўплывовае аб’яднаньне ўкраінскай дыяспары – Сусьветны кангрэс украінцаў.
Што гэта за аб’яднаньне? Пра яго мы папрасілі распавесьці супрацоўніцу кіеўскага офіса Ўкраінскай службы Радыё Свабода Багдану Касьцюк, якая прысутнічала на форуме і вяла рэпартажы для радыё:
(Касьцюк: ) “Сусьветны Кангрэс украінцаў – гэта найвышэйшая арганізацыйная надбудова ўкраінскай дыяспары, ён аб'ядноўвае грамадзкія, рэлігійныя, навуковыя і маладзёвыя непалітычныя арганізацыі. Кангрэс створаны на базе дзейнай пасьля другой усясьветнай вайны Пан-Амэрыканскай украінскай канфэрэнцыі, да якой належалі ўсе ўкраінскія аб'яднаньні Паўночнай і Паўдзённай Амэрыкі. Пасьля доўгіх міжарганізацыйных перамоваў у 1967 годзе, у лістападзе ў Нью-Ёрку адбыўся Першы сусьветны Кангрэс вольных украінцаў. У 1991 годзе пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны была прынята новая назва арганізацыі – Сусьветны Кангрэс украінцаў”.
Сусьветныя кангрэсы ўкраінцаў адбываюцца раз у 5 гадоў. Да гэтага часу яны праводзіліся па-за межамі Ўкраіны, а гэтым разам форум вырашана было арганізаваць на Бацькаўшчыне. Паслухаем ізноў Багдану Касьцюк:
(Касьцюк: ) "Я хачу працытаваць словы прэзыдэнта Сусьветнага Кангрэсу ўкраінцаў Аскольда Лазінскага, які цяперашні Восьмы Кангрэс назваў кангрэсам пераломным таму, што ўпершыню ў сваёй гісторыі Кангрэс працаваў у самой Украіне. Перад тым, пачынаючы ад Першага Кангрэсу 1967 году, ён працаваў альбо ў Злучаных Штатах, альбо ў Канадзе. Упершыню больш за 359 дэлегатаў і больш за 200 гасьцей ад усіх дыяспарскіх арганізацый з розных канцоў сьвету сабраліся ў Кіеве. Тэмаю абмеркаваньня было жыцьцё тых 20 млн. украінцаў, якія жывуць па-за межамі Ўкраіны (лічба прыкладная), як ім супрацоўнічаць, як ім інфармаваць адныя другіх пра падзеі ў суполках, як ім працаваць і чым яны могуць дапамагчы Ўкраіне, а Ўкраіна чым можа дапамагчы ім”.
Суарганізатарам Кангрэсу з боку Ўкраіны была Украінская Сусьветная Каардынацыйная Рада ў Кіеве, старшынём якой ёсьць вядомы ва Ўкраіне палітычны дзеяч Міхайла Горынь. Рада выконвае ролю каакрдынацыйнага цэнтра паміж Украінаю і арганізацыямі ў дыяспары. Створаная ў 1993 годзе, у апошні дзень Кангрэсу Рада якраз адначала свой 10-гадовы юбілей. Паводле сваіх функцыяў у Беларусі яе аналягам можна назваць Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.
Дзеля ўсталяваньня кантактаў з дыяспараю дзяржаўныя ўлады Ўкраіны таксама арганізуюць свае агульнаўкраінскія форумы, іх адбылося ўжо тры, апошні праходзіў у 2001 годзе.
Сёлетні VIII сусьветны кангрэс украінцаў быў арганізаваны грамадзкімі сіламі, і дзяржаўныя структуры не ўдзельнічалі ў ягонай падрыхтоўцы. Больш таго, вакол Кангрэса склалася сытуацыя падобна той, якая у 1997 годзе была ў Беларусі пад час Другога зьезду беларусаў сьвету, калі ўлады не дазвалялі праводзіць форум у зараней аплочаным арганізатарамі памяшканьні з прычыны няспраўнасьці супрацьпажарнай сыстэмы будынку. Пра гэта нам таксама распавяла сп. Багдана Касьцюк.
(Касьцюк: ) “Кіраўнікі Сусьветнага Кангрэсу ўкраінцаў дамовіліся і нават заплацілі грошы за магчымасьць працаваць ва Ўкраінскім Доме. Гэта вялікае памяшканьне, якое мае канфэрэнц-залю, некалькі памяшканьняў, прыдатных для работы круглых сталоў і сэкцый, мае дадатковую плошчу, дзе можна было разгарнуць ярмаркі, выставы і ўсё астатняе. Але літаральна за некалькі дзён да пачатку Кангрэсу кіраўніцтву паведамілі, што Ўкраінскі Дом зачыняецца на рамонт. І вось Кангрэс украінцаў працаваў у ранейшым будынку Цэнтральнай Рады, цяперашнім Доме настаўніка. Нейкіх канкрэтных тлумачэньняў ні кіраўнікі Кангрэсу, ні журналісты не атрымалі. І журналісты, і дэлегаты Кангрэсу паміж сабою нефармальна вырашылі, што ва Ўкраіне год Расеі адбываецца і магчыма гэта зьвязана з тым, што прадстаўнікі кіеўскай гарадзкой улады ня хочуць сварыцца з суседзямі”.
Ці сапраўды Кангрэс выявіў нейкія антырасейскія настроі сярод яго ўдзельнікаў, наколькі гэтае пытаньне ўвогуле там прысутнічала?
(Касьцюк: ) “Не ішло ні "про" ні "контра", проста разьвязвалі свае праблемы, свае пытаньні. Іх найбольш цікавіла, як будзе адзначацца 70-годзьдзе голаду ва Ўкраіне 1935 году. Украінцаў турбуе адсутнасьць інфармацыі з Украіны, найперш, вельмі мала інфармацыі пра Ўкраіну ў Інтэрнэце, па-другое, вельмі мала ўкраінскай прэсы даходзіць да ўкраінскіх суполак, асабліва гэта тычыцца Сыбіру, Сярэдняй Азіі і краінаў Паўдзённай Амэрыкі. Людзі прыехалі разьвязваць свае пытаньні і спадзяваліся, што ў іх будзе магчымасьць працаваць у камфартабэльным памяшканьні, але гэтага не адбылося”.
У такой сытуацыі ці былі ўвогуле на Кангрэсе прадстаўнікі дзяржаўных уладаў?
(Касьцюк: ) “Я бачыла народных дэпутатаў Украіны – прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў, бачыла Сьцяпана Хмару, Віктара Юшчанку, выступаў на круглым стале пра голад Іван Плюшч – народны дэпутат, ранейшы сьпікер украінскага парлямэнту, дзясяткі народных дэпутатаў там былі. Прэзыдэнта, прэм'ер-міністра і сьпікера не было”.
Сп. Багдана літаральна перад пачаткам Кангрэсу вярнулася з Крыму і падзялілася з намі ўражаньнямі ад паездкі.
(Касьцюк: ) “Я была ў Крыме на міжнародным фэстывалі рокавай музыкі, цяжкі рок, клясыка рок-н-ролу. І я пазнаёмілася зь беларускімі музыкантамі. Калі яны аб'ядналіся – беларускі рок і ўкраінскі, я была моцна зьдзіўленая, наколькі дзіўная сытуацыя ёсьць у рок-музыцы. Яе баяцца і ў Беларусі, і ва Ўкраіне рок-музыкі, асабліва той, якая, напрыклад, у вас на словы Максіма Багдановіча, а ў нас на словы Шаўчэнкі. Яе не пускаюць на FM-станцыі, яна не гучыць у радыёэфіры таму, што гэта музыка мае характар, мае аўтэнтычныя нацыянальныя карані, і гэтых украінскіх і беларускіх рокераў улада баіцца”.
У апошні дзень Кангрэсу адбыліся перавыбары ягонага кіраўніцтва. Спрэчкі ўзьніклі вакол асобы прэзыдэнта Аскольда Лазінскага, цьвердая арыентацыя якога на незалежнае разьвіцьцё Ўкраіны
падабаецца далёка не ўсім. Сп. Багдана Касьцюк паведаміла пра вынікі выбараў.
(Касьцюк: ) “Грамадзянін ЗША Аскольд Лазінскі ізноў пераабраны на пасаду прэзыдэнта Сусьветнага Кангрэсу ўкраінцаў. Там былі праблемы, але, наколькі я зразумела, на ўсіх аказалі вялікае ўражаньне прамовы Аскольда Лазінскага на гэтым Кангрэсе. Ён гаварыў цікавыя рэчы пра тое, напрыклад, што мы жывем у эпоху глябалізацыі і таму значна пашырыўся арэал украінскіх суполак. Калі, скажам, у Партугаліі ці ў Італіі 20-25 гадоў таму ўкраінскіх суполак не было, то цяпер ёсьць і там, і там. Гэта чацьвёртая хваля працоўнай эміграцыі, людзі прыяжджалі і стварылі свае асяродкі. Ня варта забываць, што для гэтых украінцаў вельмі важна не забыць сваю нацыянальную прыналежнасьць, і Сусьветны Кангрэс украінцаў, на думку Аскольда Лазінскага, будзе надзяляць максымальную ўвагу гэтым пытаньням”.
Сп. Сьвятлана Остапа – прэс-сакратарУкраінскай сусьветнай каардынацыйнай Рады паведаміла нам аб тым, якія выніковыя дакумэнты прыняў Кангрэс.
(Остапа: ) “Усе камісіі, якія працавалі на Кангрэсе, падрыхтавалі рэзалюцыі. Гэтыя рэзалюцыі будуць апублікаваныя, іх даволі шмат. Найбольш дакумэнтаў даслана ў камісію абароны правоў чалавека, але яны не змаглі пакуль усё аб'яднаць у адну рэзалюцыю, гэта будуць рабіць троху пазьней. Усе іншыя камісіі, якія працавалі, свае рэзалюцыі падалі ў рэзалюцыйную камісію, яны іх прынялі і будуць рэалізаваць цягам наступных 5 гадоў. Яны будуць апублікаваныя не раней за 10 верасьня.
Ёсьць зварот да ўраду адносна сытуацыі ва Ўкраіне – пытаньне з моваю, карупцыя ў вышэйшых эшалонах улады, дэлегаты выказалі сваю заклапочанасьць гэтымі праблемамі.
Дэлегаты прасілі ўладу і на сустрэчы зь Януковічам, зь Літвіном як мага хутчэй прыняць Закон пра замежнага ўкраінца. Гэты закон ужо з 1997 году ў Вярхоўнай Радзе, прайшоў некалькі чытаньняў, але, на жаль, на апошнім не хапіла 5 галасоў, каб яго прыняць. У праекце закону там ёсьць размежаваньне паміж украінцамі, якія маюць розныя статусы. Тыя, што нарадзіліся ва Ўкраіне, будуць мець ільготы, каб ім лягчэй атрымаць візы, і ўвогуле будуць мець іншы статус, чым грамадзяне іншых краін”.
Ці былі на Кангрэсе прадстаўнікі ўкраінскіх суполак зь Беларусі? Прэс-сакратар Украінскай сусьветнай каардынацыйнай Рады спн. Сьвятлана Астапа адказала адмоўна на гэтае пытаньне і зазначыла, што запрашэньне ім дасылалася. Мы зьвязаліся са старшынём украінскай суполкі “Ватра” ў Беларусі сп. Віктарам Гутоўскім, які падцьвердзіў гэтую інфармацыю.
(Гутоўскі: ) “Зь беларускіх украінцаў, наколькі мне вядома, ніхто не паехаў”.
Сп. Гутоўскі запэўніў нас, што ніякага запрашэньня яны не атрымалі. У той жа час вядома, што на Кангрэсе прысутнічала шмат прадстаўнікоў украінскіх суполак з розных рэгіёнаў Расеі. Мы запыталі ў сп. Гутоўскага пра ўкраінскую дыяспару ў Беларусі, колькі ўсяго там жыве ўкраінцаў?
(Гутоўскі: ) "У Беларусі жыве 237 тыс. украінцаў. Існуе некалькі ўкраінскіх арганізацый. Найбольшая – гэта Беларускае грамадзкае аб'яднаньне ўкраінцаў "Ватра", яно мае статус рэспубліканскай арганізацыі. Акрамя таго існуюць яшчэ ў Берасьці два рэгіянальныя ўкраінскія таварыствы. адно пры Берасьцейскім пэдагагічным універсытэце – Украінскі навукова-пэдагагічны саюз "Берагіня", а таксама Гарадзенскае культурна-асьветнае грамадзкае аб'яднаньне "Барвінак", Цэнтар украінскай культуры "Січ" у Менску.
Сёньня мы выпускаем у Беларусі газэту "Ўкраінец Беларусі", дапамагае яе выпускаць матэрыяльна беларускі Камітэт у справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў. Гэта адзіная газэта, якая выходзіць у Беларусі. З боку ўкраінскіх уладаў мы атрымліваем толькі маральную дапамогу. Калі Ўкраіна будзе багацейшаю, яна будзе нам больш дапамагаць. Калі прадстаўнікі беларускіх суполак з Украіны прыяжджаюць у Беларусь, мы падтрымліваем зь імі сяброўскія адносіны”.
Нягледзячы на тое, што ўмовы для правядзеньня першага на Бацькаўшчыне Сусьветнага кангрэсу ўкраінцаў не былі дастаткова спрыяльнымі, дэлегаты выступілі за тое, каб далейшыя кангрэсы праводзіліся ўсё ж ва Ўкраіне. Прэзыдэнт Кангрэсу Аскольд Лазінскі выказаў думку аб тым, што цэнтар “сусьветнага дыяспарнага ўкраінства” зь цягам часу павінны перайсьці з амэрыканскага кантынэнту ў Эўропу, што варта адысьці ад такіх паняцьцяў як усходняя і заходняя дыяспары, а патрэбна гаварыць аб адзінай украінскай дыяспары ў сьвеце.
Трэба адзначыць, што практыка падзелу дыяспары на заходнюю і ўсходнюю існуе сёньня і ў Беларусі. Магчыма, што новыя падыходы ўкраінцаў да такой сытуацыі будуць успрынятыя і прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якія зьбяруцца на чарговы Зьезд беларусаў сьвету ў 2005 годзе.