Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія мас-мэдыі ў замежжы: беларуская праграма на Польскім тэлебачаньні, новае беларускае радыё ў Ангельшчыне


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Юрка Каліна (Польшча), Мікола Маркевіч (Беларусь), Ліля Сазанавец (Англія).

Сродкі масавай інфармацыі – газэты, часопісы, радыё і тэлепраграмы, якія дзейнічаюць у беларускім замежжы, зьяўляюцца найбольш эфектыўным здабыткам беларускай дыяспары ў сьвеце. Яны ня толькі гуртуюць саму эміграцыю, але і лучаць яе з Бацькаўшчынаю. У гэтым выпуску перадачы “Беларускае замежжа” вы сустрэнецеся зь беларускімі журналістамі з Польшчы і Англіі.

Інтэрнэт-сайт “Акавіта” зараз прапаноўвае сваім карыстальнікам пазнаёміцца з дакумэнтальным фільмам “Пагоня за праўдай”. Там жа пазначана імя ягонага аўтара – Юрка Каліна. Сёньня сп. Каліна – госьць нашай перадачы. Яму 36 гадоў, атрымаў адукацыю гісторыка ў Варшаўскім універсытэце. Жыве ў Беластоку, актыўны ўдзельнік беларускага руху ў Польшчы. Разам зь сябрамі заснаваў шырока вядомы цяпер у беларускім замежжы “Часапіс” і цягам 5 гадоў быў адказным сакратаром у рэдакцыі выданьня. Дзевяць гадоў таму, яшчэ пад час працы ў “Часапісе”, сп. Юрка пачаў супрацоўнічаць з Варшаўскім аддзяленьнем Польскай тэлевізіі.

(Каліна: )“ Мы зь Яўгенам Вапам запрапанавалі, каб у рамках гэтай праграмы рабіць беларускамоўны інфармацыйны выпуск. Напачатку гэта было раз у месяц, пасьля – два разы ў месяц. Калі шэсьць гадоў таму ў Беластоку заснавалі Беластоцкі аддзел Польскага тэлебачаньня, то на працу туды прынялі мяне, Міколу Ваўранюка. Мы разам робім беларускамоўны выпуск інфармацыйнай праграмы – 15 хвілін у тыдзень. Апрача таго, іншыя матэрыялы, якія датычаць беларускіх пытаньняў найперш у Польшчы, бо гэта ўсё ж тэлебачаньне Польшчы. А калі ёсьць магчымасьці, то час ад часу нешта ўдаецца нам зрабіць зь Беларусі”.

Гэтыя магчымасьці беларускія журналісты вырашылі скарыстаць для стварэньня дакумэнтальных фільмаў на актуальную беларускую тэматыку. Гэтая ідэя была падтрымана на тэлевізіі і справа ўжо стала толькі за тым, каб выбраць тэмы для здымак, якія могуць зацікавіць рэдактараў тэлевізійных каналаў.

Першая задума творчай групы Юркі Каліны аказалася пасьпяховай.

(Каліна: ) “Першае, гэта я рабіў фільм у чарнобыльскай зоне. Гэта на поўдні Беларусі крыўдна вядомае месца, зь якога выселілі тысячы людзей. Зараз туды людзі вяртаюцца, мы паехалі туды на Радуніцу, гэта было ў 2000 годзе. Там зрабілі фільм пра людзей, якія вяртаюцца ў гэтыя месцы. Гэты фільм карыстаўся папулярнасьцю ў Польшчы і ня толькі. У 2000 годзе ён атрымаў прэмію. Ёсьць такая эўрапейская арганізацыя – "Эўрапейская асацыяцыя рэгіянальных тэлебачаньняў". Ён там атрымаў першую ўзнагароду ў катэгорыі "Дакумэнтальныя фільмы". Тая ўрачыстасьць адбывалася ў Партугаліі. Гэтая асацыяцыя аб'ядноўвае рэгіянальныя тэлевізіі цэлай Эўропы, там недзе 340 тэлестанцыяў, як ні дзіўна, зь Беларусі там няма”.

Сп. Юрка гаворыць, што падчас здымак у Беларусі яны ня мелі нейкіх асаблівых цяжкасьцяў і працавалі даволі спакойна. Аднак, пры канцы ўсё ж нейкія праблемы зьявіліся.

(Каліна: ) “Дарэчы, калі ўжо амаль скончылі сваю працу, нас арыштавалі, на суткі затрымалі. Мы паехалі ў зону, якая, вядома, што зачыненая, і без дазволу нельга туды ехаць. Горшая справа была ў тым, што гэта яшчэ і памежная зона на мяжы з Украінаю. І тады, калі вярталіся, нас затрымалі, дапытвалі ўсю ноч, але, на шчасьце, адпусьцілі”.

Былі канфіскаваныя і тэлестужкі, якія пасьля ім вярнулі, так што зь імі абышліся больш гуманна, чым з Паўлам Шараметам і Зьміцерам Завадзкім падчас здымак каля літоўска-беларускай мяжы.

Тэму для наступнага фільма падказала само жыцьцё, калі ў Беларусі пачаўся перасьлед журналістаў гарадзенскай газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі.

(Каліна: ) “Гэта мае сябры ня толькі па прафэсіі, але і асабістыя. Я ад пачатку быў гэтым зацікаўлены і час ад часу езьдзіў, калі пачаўся іх працэс, калі зачынілі "Пагоню".

Напачатку быў зроблены дакумэнтальны фільм для першай праграмы Польскага тэлебачаньня, які я назваў "Пагоня за праўдаю". Яго паказалі на гэтым першым канале Польскага тэлебачаньня, і ён таксама карыстаўся папулярнасьцю.

Ёсьць яшчэ такая эўрапейская арганізацыя "Журналісты бязь межаў", у мінулым годзе я дастаў прыз на конкурсе, які ладзіў аўстрыйскі аддзел гэтай арганізацыі для журналістаў зь дзяржаваў, якія ўступаюць у Эўразьвяз. Там я атрымаў гран-пры. Потым, калі нашых сяброў саслалі ў Асіповічы і Гомель, я паехаў туды з камэраю і зрабіў другую частку, якая таксама была паказаная на першым канале Польскага тэлебачаньня”.

Расправа з “Пагоняю” – зьява больш палітычная, як здымаўся гэты фільм, ці былі нейкія перашкоды падчас здымак у Беларусі?

(Каліна: ) “Калі ўжо едзем туды, то кожны журналіст абавязаны мець акрэдытацыю ў беларускім Міністэрстве замежных спраў. Вядома, па-рознаму бывае, стаўленьне ўрадавых структураў да журналістаў, асабліва з замежжа, не заўсёды такое, якое хацелася б мець. Акрэдытацыя – гэта як бы фармальная справа, робіш замову. Але на апошнюю чакаў недзе 6 месяцаў. Толькі пасьля таго, як запытаў цяперашняга пасла Беларусі ў Варшаве сп. Латушку, чаму так доўга чакаю, то выдалі. Калі ўжо атрымоўваеш акрэдытацыю, яна дзейнічае цэлы год, так што праблемы не было. Але, вядома, калі закранаеш палітычныя тэмы, гэта ўсё больш складана.

Я зрабіў так, што мы вырашылі: альбо будзем пытаць дазволу ад уладаў, якія там іх трымаюць, і хутчэй за ўсё нічога з гэтага не атрымаецца, альбо проста паедзем на месца. Мы як бы пакарысталіся "разьведкаю боем", і ўсё атрымалася. Фактычна безь перашкодаў былі ў Асіповічах у Міколы і ў Гомелі ў Паўла, запісалі тое, што хацелі”.

Фільм “Пагоня за праўдаю” быў актыўна ўспрыняты польскім грамадзтвам, выклікаў акцыі пратэсту.

(Каліна: ) “Гэта ўсё было, калі гаварыць аб пратэстах, то варта згадаць пра акцыю "Газэты выборчай" у Польшчы, якая друкавала кожны дзень такую заяву, якую можна было выразаць і даслаць на адрас беларускай амбасады ў Варшаве ў падтрымку зьняволеных журналістаў. Гэта толькі адзін прыклад, але іх было больш”.

У Беларусі па тэлевізіі фільм маглі ўбачыць толькі жыхары памежных з Польшчаю раёнаў. Адзін з галоўных герояў фільму, рэдактар “Пагоні” Мікола Маркевіч таксама паглядзеў фільм дома, у Горадні.

(Маркевіч: ) "Так, калі паказвалі другі раз гэты фільм па польскім тэлебачаньні, я якраз быў у кароткатэрміновым адпачынку, які меў раз на месяц. Мяне літаральна разбудзіў тэлефонны званок гарадзенца, які глядзеў гэты фільм. Я скажу, што ў Горадні фільм глядзела вельмі шмат людзей. Водгукі былі адразу пасьля гэтага, тэлефонныя званкі на наступны дзень. Самае галоўнае, што людзі з Горадні, з цэлай Польшчы, якія глядзелі фільм, дасылалі прывітальныя паштоўкі, лісты са словамі падтрымкі. Я можа быць упершыню ў жыцьці адчуў такую салідарнасьць, якая не зьяўляецца матэрыяльным фактарам, але якая дапамагае выжыць падчас такога перасьледу”.

Рэдакцыя “Пагоні” стала супрацоўнічала з беларусамі Беласточчыны, і ў гэты цяжкі час Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка атрымалі ад іх сяброўскую падтрымку.

(Маркевіч: ) “Я ўпершыню пазнаёміўся з колам людзей, да якога належыць і Юрка Каліна, летам 1988 году, з таго часу гэтыя кантакты не перапыняліся. Плёнам нашай еднасьці і была газэта "Пагоня". Я мяркую, што гэты фільм атрымаўся такім удалым таму, што справу "Пагоні" беларусы Беласточчыны, відаць, успрымалі як і сваю справу".

Што далей у творчых плянах беларускай здымачнай групы на Польскім тэлебачаньні?

(Каліна: ) “Ёсьць пляны даволі амбітныя, але я пакуль не хацеў бы пра іх гаварыць, лепш, калі будзе жаданьне з вашага боку, пагаворым, калі яны будуць рэалізаваныя. Ва ўсякім выпадку пляны ёсьць, зброі не складаем і будзем нешта далей рабіць”.

Так жа не зьбіраецца складаць зброі і новая беларуская эміграцыя ў Ангельшчыне. Нядаўна ў г. Брэдфардзе адчынілася беларуская праграма на мясцовым радыё. Брэдфард, горад у цэнтральнай Ангельшчыне, некалі быў цэнтрам беларускага жыцьця ў гэтай краіне, куды пасьля вайны трапіла шмат беларусаў. Ініцыятарам справы сталі Ліля і Зьміцер Сазанаўцы, якія выехалі зь Беларусі некалькі гадоў таму. Мы запыталі ў спн. Лілі, як гэта ўдалося зрабіць?

(Сазанавец: ) "У мінулым годзе быў тыдзень уцекачоў, і наша мясцовае радыё прапанавала некалькім людзям, хто хоча, рыхтаваць свае праграмы. Я пагадзілася. Так атрымалася, што ўжо ў гэтым годзе наша праграма ужо стала пастаянная. Гэта наша мясцовая, гарадзкая радыёкампанія, можа на якіх 15 мовах ёсьць праграмы. Для нас, як і для ўсіх астатніх – паўгадзіны кожны тыдзень. Нам не плацяць. Мы працуем валанцёрамі”.

З чаго складаецца праграма?

(Сазанавец: ) "Навіны трошкі, пасьля мы робім народны каляндар, распавядаем пра беларускія народныя традыцыі, чытаем казкі для нашых маленькіх слухачоў і распавядаем пра якую-небудзь выбітную асобу беларускую. самае галоўнае, што мы ставім шмат беларускай музыкі таму, што нас слухаюць і ангельцы, якія мовы нашай ня ведаюць, але яны разумеюць нашу музыку, і ім, між іншым, вельмі падабаецца, яны кажуць, што падобная на кельцкую музыку. Праграму можна слухаць па Інтэрнэце, таму нас слухаюць нават ў Беларусі, наколькі мне вядома. З Амэрыкі мы атрымалі водгук".

Сп. Ліля паведаміла далей, што яны зьбіраюцца пашыраць тэматыку перадачаў, уключаць інфармацыю аб сёньняшніх падзеях у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG