Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карабель пад бел-чырвона-белым сьцягам


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Віктар Стахвюк (Беласток), Віктар Сіўчык (Менск)

Вядома, што беларуская дыяспара ў сьвеце найбольш актыўна займалася культурнай працаю. Але сярод беларусаў у замежжы ёсьць і бізнэсоўцы, якія на пачатку 90-х, калі Беларусь афіцыйна стала незалежнай краінаю, спрабавалі прыняць удзел у эканамічным адраджэньні краіны.

Пра адну з такіх спробаў дапамагчы Бацькаўшчыне нагадаў нам беларускі прадпрымальнік зь Беластоку Віктар Стахвюк. Ён распавядае пра карабель, які хадзіў у Ахоцкім моры пад бел-чырвона-белым сьцягам.

(Стахвюк: ) "Сёньня можна гаварыць пра карабель толька выключна ў кантэксьце гісторыі. Справа была вельмі цікавая, Але на жаль, яна не ўтрымалася.

Гэта распачалося тады, калі мне давялося пазнаёміцца зь беларусамі, якія жывуць на Камчатцы. У Менску я пазнаёміўся зь імі, і яны сказалі, што ёсьць магчымасьць на Камчатцы для польскага карабля, альбо некалькіх, атрымаць квоту на адлоў мінтая.

Вядома, што ў Польшчы ў тым часе былі дзьве вялікія кампаніі, адна – "Дальбор", а другая – "Грыф".

Цікавая ідэя вымалёўвалася, што такі карабель мог бы быць зарэгістраваны ў Беларусі і такім чынам было б лягчэй атрымаць квоту.

Мяне цікавілі дзьве справы. Першая, як для кожнага бізнэсоўца –ёсьць магчымасьць зарабіць грошы, то трэба зарабіць. Другая справа, што мне як беларусу было цікава, каб хаця адзін карабель беларускі плаваў па моры пад беларускім нацыянальным сьцягам”.

Сп. Віктар з энтузіязмам узяўся за справу.

(Стахвюк: ) “Я выйшаў на кіраўніцтва гэтых вялікіх фірмаў, каб зацікавіць іх гэтай праблемаю. Адна зь іх – "Грыф" пагадзілася з нашай прапановаю, і такі карабель быў зарэгістраваны ў Беларусі.

Гэта быў карабель польскай кампаніі, у якой на тым часе было шмат караблёў, недзе пару дзясяткаў. Гэта былі вялікія рыбалоўныя караблі. Гэта ня нейкая баржа, фабрыка на моры, такая фабрыка каштавала мільёны ў той час нямецкіх марак, бо там была нямецкая фабрыка на гэтым караблі.

Меў назоў "Гайдук". Пасьля рэгістрацыі на гэтым караблі, ужо як беларускім, быў беларускі сьцяг, а ў тым часе дзяржаўным быў бел-чырвона-белы сьцяг”.

Справамі рэгістрацыі карабля ў Менску займаўся сп. Віктар Сіўчык, сябра Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

(Сіўчык: ) "Тады было арганізаванае сумеснае прадпрыемства беларуска-польскае . Я яго тут зарэгістраваў, увайшлі – "Грыф", Стахвюк і я. Яны перадалі нам у арэнду з правам выкупу на пачатку адзін карабель, у доўгатэрміновым сэнсе, а пакуль гэта была толькі арэнда. Мы яго тут зарэгістравалі ў Менску. Гэта была такая працэдура, што мы яе зрабілі недзе за месяц, тады гэта было ўсё прасьцей.

У наш абавязак уваходзіла атрыманьне квотаў на адлоў рыбы. Яны былі згодныя даваць беларускаму ўраду за тое, што ён дапаможа гэтаму прадпрыемству, СП называўся "Белмора", адлічваць 40 адсоткаў прыбытку, гэта каля 1 млн. даляраў у год. Больш за тое, гэтыя грошы можна было б потым акумуляваць, і ў нас быў плян далей стварыць на гэтай базе вялікае марское прадпрыемства”.

Беларуска-польскае прадпрыемства “Белмора” было зарэгістраванае 12 жніўня 1994 году, рэгістрацыя карабля адбылася троху пазьней – 6 красавіка 1995 году, портам прапіскі ў дакумэнтах значыўся Менск. Аднак “Белмора” так і ня здолела разгарнуць сваю дзейнасьць так, як плянавалася.

(Сіўчык: ) “Мы сутыкнуліся з такімі цяжкасьцямі, якія не змаглі пераадолець. Справа вось у чым. Патрэбна было найперш атрымаць квоты на адлоў рыбы. Мы пачалі гэты працэс перамоваў з Расеяю. Я лётаў на Камчатку, быў у губэрнатара Бірукова. Тут падпісаў дакумэнт з адпаведнай просьбаю, тады быў прэм’ер-міністрам Кебіч, ён падпісаў, а потым і Чыгір. Яны падпісалі, але гэтыя паперы там ня мелі сілы. У Расеі тады справы рабіліся так, што трэба было ехаць у Маскву. Не далі, зразумела”.

Не змаглі дапамагчы ў гэтай справе і мясцовыя беларусы. На Камчатцы пабывалі і прадстаўнікі польскай фірмы “Грыф”, разам зь імі лётаў туды сп. Стахвюк. Ён сьцьвярджае, што беларусы Камчаткі дапамаглі ім у арганізацыі кантактаў зь мясцовымі ўладамі і вырашэньні іншых пытаньняў, зьвязаных з абслугоўваньнем карабля.

(Стахвюк: ) “Дзякуючы ім мы проста маглі сустракацца з уладамі Камчаткі, нам гэта шмат давала. Вядома, што караблю патрэбная прэсная вада, харчаваньне і іншае, ён павінен прыйсьці ў порт дазаправіцца. Гэта вельмі важныя пытаньні, і беларусы, якія жывуць на Камчатцы, нам дапамаглі, усё гэта нам удавалася зрабіць шмат прасьцей”.

Віктар з прыемнасьцю ўспамінае першае знаёмства з гэтым далёкім рэгіёнам Расеі, які раней здаваўся яму “ўскрайкам сьвету”.

(Стахвюк: ) “Я проста быў ашаломлены прыродаю Камчаткі, вельмі буйная расьліннасьць, гэтыя гарачыя крыніцы, у якіх можна было плаваць. І што цікава, адзін зь іх называўся "Паратунак". Камчадалы кажуць – "Паратунка". Калі я сказаў, што паратунак – гэта беларускае слова, якое па-расейску азначае "спасение", як бы ратаваць здароўе. Яны думалі, што гэта можа на эвэнкійскай мове ці каракскай. Нейкія беларусы, якія магчыма там жылі, так назвалі гэтую крыніцу.

Калі мы там былі і сустракаліся з экіпажам, аказалася, што капітан гэтага карабля быў беларусам зь Беласточчыны, а першы афіцэр – беларус зь Бела-Падляскай, абодва Яўгены, капітан – Яўген Гнацюк, афіцэр – Яўген Князюк. Сустрэліся тры беларусы з Польшчы – на Камчатцы”.

Віктар Сіўчык кажа, што польская кампанія была згодная яшчэ больш караблёў даць, калі беларусам удасца вырашыць пытаньне з квотамі. На думку Віктара, рэальна дабіцца гэтага можна было з дапамогаю беларускіх уладаў, але гэта была такая сьцяна, якую немагчыма было адолець.

(Сіўчык: ) “Калі мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне, зьбіралі спэцыялістаў зь Мінэканомікі, з Камітэту па рыбалоўству, мы ім прапанавалі, што вось мільён даляраў палякі будуць плаціць, але дапамажыце. На базе гэтай праграмы мы будзем купляць новыя судны. Але ім не спадабалася, што гэта прыватная фірма, нехта тут будзе багацець, зарабляць. Для іх гэта была костка ў горле: вы прыватнікі, і мы ня будзем вам дапамагаць.Такая вось псыхалягічная сытуацыя, што беларус не павінен багацець, разьвівацца на карысьць сваёй краіны. Гэтага яны не разумелі тады, я думаю, што і цяпер.

Мы не знайшлі паразуменьня з нашымі бюракратамі. Яны быццам бы і падпісвалі напачатку дакумэнты, а пасьля ўжо і падпісваць перасталі. Трэба было праз Маскву дзейнічаць. Гэта была дастаткова цяжкая сытуацыя, каб яна магла вырашыцца на той час”.

Прайшло 9 гадоў, калі энтузіясты распачалі гэты “працэс ператварэньня Беларусі ў марскую дзяржаву”. Урэшце дзяржаўныя структуры Беларусі ўсур’ёз заняліся справаю, скарыстаўшы гэтую прыватную ініцыятыву.

(Сіўчык: ) “Яны спрабавалі з Расеяю дамовіцца пра тое, што Расея выдзеліць нарэшце Беларусі нейкія квоты на сваіх тэрытарыяльных водах. І ўсё гэта не вырашалася, толькі ў мінулым годзе выдзелілі нейкія квоты.

Мы пачыналі гэтую справу, і вось спатрэбілася 9 гадоў, каб пытаньне пачало вырашацца. Некалькі было створана сумесных з расейцамі прадпрыемстваў, бо гэта была ўмова для прадстаўленьня квотаў. Гэтыя квоты важныя для Беларусі, яны дазваляюць арандаваць судны і праводзіць промысел”.

Сп. Сіўчык, як склаўся далейшы лёс карабля, для якога так і не ўдалося атрымаць квоты, каб ён мог заняцца промыслам?

(Сіўчык: ) “Ён хадзіў, яны там ужо працавалі гадоў 15-20, экіпаж у іх там, усё наладжана, наш сьцяг і яны нейкім чынам уладкаваліся і нешта лавілі. Адзін год хадзіў. Як яны там дамаўляліся на лоўлю з адміністрацыяй Камчаткі, я ня ведаю.

У нас была арэнда карабля на год. У сувязі з тым, што за год мы не змаглі дабіцца квотаў, то мы гэты дагавор перапынілі. Гэтае СП працягвала існаваць, яны паставілі нам некалькі рэфрэжыратараў марожанай рыбы з Польшчы. Фірма з гэтай прыгожай назваю "Белмора" яшчэ два гады праіснавала, і мы яе зачынілі”.

А што мела з гэтай гісторыі беларуская дзяржава? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Віктар Стахвюк.

(Стахвюк: ) “Сам факт рэгістрацыі ў Беларусі каштуе грошы, і польская кампанія такія грошы вылажыла, так што гэта не адбылося так, што рэгістрацыя – і ўсё на гэтым. Кожная рэгістрацыя карабля, дзе гэта ні было б, каштуе пэўныя сродкі, і я думаю, што такія сродкі Беларусь атрымала.

Калі ёсьць такая магчымасьць, то для кожнай дзяржавы добра, калі яе сьцяг зьяўляецца на морах. Мне здаецца, што гэта была такая выключная зьява для Беларусі. Як бы ні было, але вялікі карабель плаваў пад беларускім сьцягам. Я калі быў у Петрапаўлаўску на Камчатцы, то чуў, як у порце нехта зацікавіўся, што гэта за сьцяг. Мы тады патлумачылі, што гэта беларускі”.

Нашыя суразмоўцы сьцьвярджаюць, што гэта быў першы выпадак, калі марскі карабель хадзіў у наш час пад беларускім гістарычным сьцягам, пра тое сьведчыць і нумар рэгістрацыі. Карабель быў зарэгістраваны пад № 1.

(Стахвюк: ) “Праўдападобна, да гэтага часу ў Беларусі не было ніводнага карабля пад уласным сваім сьцягам, які плаваў бы па моры. Я не гавару – па рэках, але марскіх караблёў не было. Беларусь проста як бы стала запісваць чысты лісток у сваёй гісторыі”.

(Сіўчык: ) “Не, гэта быў першы, а потым ужо другога зарэгістраванага і не было. Цяпер, мабыць, ужо ёсьць, але пад другім сьцягам, зразумела”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG