Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мюнхенскі Інстытут вывучэньня СССР

Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Павал Урбан, Галіна Руднік.

Цяпер, калі Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода рыхтуецца сустрэць сваё 50-годзьдзе і ў эфір кожны тыдзень ідуць перадачы па гісторыі Радыё, варта ўспомніць пра яшчэ адну ўстанову, якая дзейнічала ў Мюнхене. Гэта быў Інстытут вывучэньня СССР. Ініцыятыва зыходзіла ад групы расейскіх навукоўцаў, якія 8 ліпеня 1950 году заклалі сьціплую навуковую арганізацыю. Напачатку яна займалася толькі расейскімі тэмамі.

Дзякуючы матэрыяльнай і маральнай дапамозе Амэрыканскага камітэту Вызваленьне, Інстытут паступова стаў паважнай навуковай установай ўсіх нацыянальных эміграцыяў з Савецкага Саюзу.

Радыкальнае пашырэньне дыяпазону дзейнасьці Інстытуту адбылося ў 1954 годзе, калі ў склад Навуковай рады былі ўведзеныя прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў і сталі набірацца кадры для нацыянальных аддзелаў. Менавіта з гэтага часу прысутнымі там сталі і беларусы.

Былы супрацоўнік Інстытуту Павал Урбан адпрацаваў там 16 гадоў. Зараз ён жыве ў Мюнхене.

(Урбан: ) "Я прыехаў на пачатку 1956 году, я быў у Рыме, хацеў там доктарскую дысэртацыю рабіць, а потым прыехаў сюды ў Мюнхен. Мне прапанавалі працу, я пачаў працаваць у 1956 годзе ў сакавіку. Я ў агульным аддзеле. У беларускім мала было, нешта тры чалавекі, маленькі быў беларускі аддзел, ён якраз і выдаваў "Беларускі зборнік".

“Беларускі зборнік” быў асноўным друкаваным выданьнем беларускага аддзелу, у якім друкаваліся матэрыялы навуковых дасьледаваньняў па тэмах, якія не маглі на той час вывучацца ў савецкай Беларусі. Ягоныя матэрыялы раскрывалі праўдзівыя старонкі беларускай гісторыі, утрымлівалі крытычны аналіз палітыкі савецкай улады, распавядалі пра занядбаньне і перасьлед беларускай культуры, пра лёсы нацыянальных дзеячаў, пра жыцьцё беларускай эміграцыі на Захадзе.

Адметна, што зборнік выдаваўся ня толькі на беларускай, але і на ангельскай мове, што давала магчымасьць шырока папулярызаваць інфармацыю пра Беларусь у сьвеце.

Першая кніжка зборніка выйшла на пачатку 1955 году. Зборнік бясплатна рассылаўся ў біліятэкі, установы, беларускія суполкі. У 1958 годзе, напрыклад, было выслана 1700 экз. беларускамоўных і 2550 экз. на ангельскай мове.

Хто зь беларусаў яшчэ працаваў у Інстытуце?

(Урбан: ) “Станкевіч быў загадчыкам гэтага беларускага аддзелу. Нябожчык Алесь Марговіч працаваў. Марговіч ад раку памёр недзе ў 1968 годзе, здаецца. Ён быў у "дванаццатцы". Мы разам былі ў Англіі. Яшчэ Сымон Кабыш быў у агульным аддзеле”.

Загадчык беларускага аддзелу доктар Станіслаў Станкевіч быў рэдактарам самай буйной на той час у беларускім замежжы газэты “Бацькаўшчына”, якая выдавалася ў Мюнхене. Ад 1954 году ён штогод абіраўся ў склад Навуковай Рады Інстытуту і быў некаторы час старшынёю прэзыдыюму.

У агульным аддзеле Інстытуту працавала яшчэ Надзея Абрамава. Паступова да дзейнасьці Інстытуту далучыліся амаль усе беларускія навуковыя сілы на эміграцыі, усяго супрацоўнічалі зь Беларускім аддзелам 25 чалавек з розных краінаў.

(Урбан: ) “Пісалі, матэрыялы прысылалі, у "Беларускіх зборніках” найбольш было матэрыялаў, якія прысылалі з Канады, з Амэрыкі, з Англіі”.

Штогод, а з 1959 году двойчы на год, Інстытут праводзіў навукова-справаздачныя канфэрэнцыі, дзе з дакладамі заўсёды выступалі і беларускія дасьледчыкі, найперш – Антон Адамовіч зь Нью-Ёрку, айцец Чэслаў Сіповіч зь Лёндану, Вінцук Жук-Грышкевіч з Канады, Мікола Абрамчык з Парыжу – старшыня Рады БНР. Інстытут выдаваў гранты тым навукоўцам, якія дасьледавалі забароненыя ў СССР тэмы. Адкуль супрацоўнікі Інстытуту бралі крыніцазнаўчыя матэрыялы для сваіх дасьледаваньняў?

(Урбан: ) “Была ў нас бібліятэка, яны з Амэрыкі, з Англіі атрымалі шмат кніг. І ўвесь час паступала літаратура з Савецкага Саюзу таксама, з рэспублікаў усіх. Зь Беларусі прыходзіла ўся літаратура, усе газэты. Таго, што беларуская эміграцыя выдавала, у нас не было ў Інстытуце, на Радыё было. Прыватна атрымлівалі”.

З друкаваных матэрыялаў Інстытуту мы даведаліся, што гэтая бібліятэка за дзесяць гадоў камплектаваньня налічвала 45 тыс. тамоў і была адной з найбольшых у Эўропе паводле колькасьці літаратуры пра СССР.

Наколькі былі свабоднымі навукоўцы ў справе выбару тэмаў для вывучэньня, ці былі нейкія рэкамэндацыі?

(Урбан: ) “Самі, кожны сам выбіраў, абмяркоўвалася з галоўным рэдактарам”.

Ці правяраліся падрыхтаваныя да друку матэрыялы, увогуле, ці была нейкая цэнзура?

(Урбан: ) “Кожны сам сабе быў цэнзарам. Не дазвалялася абы што плясьці, павінна было быць навукова, доказна, абгрунтавана. Цэнзараў не было”.

Сп. Павал, а якімі тэмамі Вы асабіста займаліся?

(Урбан: ) “Асноўнае – гісторыя ў мяне была і актуальныя праблемы, што адбывалася ў Беларусі”.

Сп. Урбан быў тым гісторыкам з эміграцыі, які даў водпаведзь на вядомую кніжку Лаўрэна Абэцэдарскага “У сьвятле неабвержаных фактаў”, дзе фальшавалася гісторыя Беларусі ў адпаведнасьці з задачамі савецкай ідэалёгіі. З гэтай нагоды ён падрыхтаваў асобную кнігу “У сьвятле гістарычных фактаў”, якая была выдадзеная ўжо Інстытутам Беларускай Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку ў 1972 годзе.

Апрача “Беларускага зборніка” Інстытутам былі выдадзеныя і асобныя беларускія выданьні, сярод іх кніга Уладзімера Глыбіннага “Сорак год беларускай культуры пад саветамі”, Янкі Станкевіча “Савецкае хвальшаваньне гісторыі Беларусі”, Міколы Волаціча “Беларускае народнае ткацтва і яго зьнішчэньне бальшавікамі”, Нямігі “Інстытут беларускай культуры – Беларуская акадэмія навук – Акадэмія навук БССР”.

Беларускія навукоўцы, якія працавалі ў Інстытуце, кантактавалі з Беларускай службаю Радыё Свабода. Некаторыя зь іх пісалі скрыпты для Радыё. Былая супрацоўніца Радыё Галіна Руднік зь Мюнхена ўспамінае:

(Руднік: ) "Інстытут быў навуковай арганізацыяй. Калі для Радыё патрэбныя былі нейкія сур'ёзныя дадзеныя, скажам, наконт гаспадаркі ў Беларусі, то, пэўна, зьвярталіся ў Інстытут. У тых людзей, што пісалі праграмы, не было часу займацца пошукам. Так, якраз вось такія тэмы, якія сапраўды былі спэцыфічныя, скажам, сельская гаспадарка, то сп. Кабыш (Кандыбовіч) быў спэцыялістам. Зразумела, калі трэба было рэагаваць на нейкія падзеі ў савецкай Беларусі, то зьвярталіся да яго. Паўлюк Урбан пісаў больш на гістарычныя тэмы”.

Па-за працаю супрацоўнікі Інстытуту і Радыё складалі адну беларускую калёнію ў Мюнхене.

(Руднік: ) "Тое, што тычыцца па-за працай, то ясна, што сувязі былі вельмі цесныя, бо ўсе сьвяткавалі заўсёды разам”.

Спн. Галіна разам са сваёй цёткаю сьпявачкаю Барбараю Вержбаловіч часта выступалі на канцэртах, якія ладзіла беларуская грамада.

Вернемся зноў да размовы з былым супрацоўнікам Інстытуту Паўлам Урбанам. Мы запыталі ў сп. Паўла, ці траплялі выдадзеныя Інстытутам матэрыялы ў савецкую Беларусь, ці мелі яны нейкую рэакцыю адтуль?

(Урбан: ) “У нас не было такой агентуры, якая гэтым цікавілася. Гэта на Радыё цікавіліся, ці даходзіць туды. У нас гэтым не цікавіліся, працавалі навукова і ўсё”.

А як з савецкага боку, там таксама ніхто не цікавіўся дзейнасьцю Інстытуту?

(Урбан: ) “Вельмі не падабалася Савецкаму Саюзу. Нашыя матэрыялы разыходзіліся ўсюды, у бібліятэкі высылаліся, у амбасады. Дык гэта не падабалася Савецкаму Саюзу, і ў 1972 годзе усё ж, пасьля таго як Кісінджэр там пабыў, зачынілі гэты Інстытут. Раней хацелі гэта зрабіць, недзе ў 1967 годзе, пры Хрушчове. Радыё, гэта іншае, там гавораць, у паветра пайшло – і ўсё. А тут на паперы чорным на белым напісана. І гэтыя матэрыялы ішлі ўсюды і ў Савецкі Саюз высылаліся. Так што гэта ім страшней было, чым слова ў паветры”.

У 70-х гадах наступіла “пацяпленьне” у адносінах паміж Захадам і Савецкім Саюзам. Мюнхенскі Інстытут стаўся як бы ахвяраю гэтых новых працэсаў у палітычным жыцьці сьвету. Як усё адбывалася практычна?

(Урбан: ) “Яны проста спынілі фінансаваньне”.

Сп. Урбан пасьля таго на два гады стаўся беспрацоўным, а потым пайшоў працаваць на Радыё Свабода. Мы пацікавіліся ў сп. Паўла, што сталася зь бібліятэкаю і архівамі Інстытуту, дзе было шмат і беларускіх матэрыялаў.

(Урбан: ) “Тады, калі зачынілі Інстытут, матэрыялы ўсе, архіў вывезьлі і спалілі. Проста ніхто не хацеў браць, там шмат было. А бібліятэку, кнігі, здаецца, у Кёльн перадалі, там Інстытут быў нямецкі, які таксама займаўся дасьледаваньнямі Савецкага Саюзу. Хто хацеў, з сабой забраў. У мяне было шмат матэрыялаў з Інстытуту. Але калі пачалі прыяжджаць беларусы сьпярша зь Беластоку, а потым і зь Беларусі, дык у мяне ўсё забралі”.

Аднак, у замежных бібліятэках захаваліся ўсе беларускія выданьні Інстытуту, якія разам з распрацоўкамі іншых навуковых установаў, найперш Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва зь Нью-Ёрку, складаюць сёньня комлекс каштоўных навуковых матэрыялаў для далейшага вывучэньня забароненых за савецкім часам тэмаў у галіне гісторыі Беларусі. Празь беларускую эміграцыю яны сталі даступнымі і для дасьледчыкаў зь Беларусі.
XS
SM
MD
LG